Вы тут

Жанчына ўзяла на выхаванне сяброўку сваёй дачкі


У кнігах па выхаванні часта пішуць: дзецям не трэба казаць, як сябе паводзіць, ім трэба паказваць. Адзін з такіх прыкладаў — учынак вельмі сціплага і інтэлігентнага чалавека: жанчына ўзяла на выхаванне сяброўку сваёй дачкі, якая засталася без мамы.


Вольга Аляксандраўна Кудрэвіч працуе ў Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі загадчыкам метадычнага кабінета. Дзяўчынку завуць Аліна. Дакументы на афармленне статусу прыёмнай дачкі Вольга Аляксандраўна не падавала — проста не бачыла ў гэтым сэнсу. За дзяўчынкай яна прыглядвала яшчэ тады, калі яе мама цяжка хварэла. Калі ў яе пачаліся моцныя болі (анкалогія), Аліне ў такой абстаноўцы рыхтавацца да выпускных экзаменаў было складана, таму Вольга Аляксандраўна забірала дзяўчынку да сябе дадому — яе дачка Марыя і Аліна сябравалі. Хворую жанчыну даглядаў тады бацька Аліны. У красавіку 2016 года Алінінай мамы не стала, бацька прыахвоціўся да спіртнога. Пахаванне арганізоўвалі Вольга Аляксандраўна, яе дачка Марыя і сама Аліна, бо на момант смерці не мелася ні капейкі ў доме.

— Гэта была жудасная гісторыя, спакойна не магу ўспамінаць, — кажа Вольга Кудрэвіч. — Яшчэ больш згуртаваліся мае дзяўчынкі і зараз увесь час праводзяць разам, нават вучацца ў адным каледжы (Мінскі гандлёвы каледж — філіял БДЭУ. — Аўт.). Праўда, дачка вучыцца на бюджэце, а Аліна на платным аддзяленні — усяго аднаго бала не хапіла. Вельмі складана было з аплатай, але свет не без добрых людзей: сёлета дапамаглі бацькі навучэнцаў групы, сабралі патрэбную суму. Яшчэ было вельмі шмат праблем з ЖКГ, вялізныя запазычанасці за святло, ваду ды і саму кватэру. І гэтыя пытанні мы вырашылі.

Дзяўчаты лічаць сябе сёстрамі, а прыёмная дачка называе Вольгу Аляксандраўну мамай. Усе нягоды і радасці дзеляць яны адзін з адным без утойвання. Зараз дзяўчыне 18 гадоў. Па словах «другой мамы», Аліна добрая, выхаваная, гаспадарлівая, вельмі актыўная і цікаўная.

Цяпер многія людзі, перш чым нешта зрабіць, пралічваюць, што яны атрымаюць ад сваіх дзеянняў, і калі гэта не выгадна, нават брацца не будуць. Вольга Аляксандраўна не лічыла сваіх магчымых выдаткаў, а зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Ці не гэта жывы прыклад для кожнага з нас? Падумайце, каму вы можаце быць карыснымі і патрэбнымі, і станьце такім чалавекам!

Кацярына МАТУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.