Вы тут

Як альфонсы ачмураюць адзінокіх жанчын


Жанчынам падабаўся малады і прыгожы канадзец. Але на самай справе хлопец разумеў, што няшмат дзяўчат захочуць выйсці за яго. Працаваў ён на падлодцы, рэйсы былі па паўгода і больш. Пакуль мужчына быў малады, гэта яго не турбавала, але чым больш ён сталеў, тым больш хацелася спакойнага жыцця на сушы. Марыў стварыць моцную сям'ю, але ніяк не атрымлівалася: жанчыны не гатовы былі чакаць, пакуль ён звольніцца са службы.


Калі мужчыну было ўжо за сорак, ён вырашыў шукаць жанчыну больш актыўна. Тым больш, што жаніхом ён лічыўся зайздросным: за доўгія гады службы на яго рахунку сабралася даволі прыстойная сума грошай. Самі разумееце, што траціць свой заробак магчымасцяў мелася няшмат. Затое цяпер гэтыя грошы былі даволі добрым стартам для яго будучай сям'і. Але як знайсці нявесту? Вядома, жанчыны славянскага паходжання заўсёды вылучаліся сваёй прывабнасцю, працавітасцю і клопатам. Таму і вырашыў мужчына шукаць у гэтым кірунку. І, нарэшце, яму пашанцавала. Ён знайшоў выдатную жанчыну з Беларусі. Ну і няхай праз сайт знаёмстваў — затое пасля размовы з ёй ён адчуў, што гэта і ёсць тая самая родная душа. У ёй было нешта асаблівае: даверлівасць, сціпласць і незвычайная пяшчота падкупілі жаніха. Пачалі званіць адно аднаму амаль кожны дзень. Пачуцці ўспыхнулі і ўжо не было сіл жыць адно без аднаго. І мужчына вырашыў звольніцца з работы.

Здавалася, што гэты апошні рэйс цягнецца невыносна доўга... Нявеста яго пакуль не хацела выязджаць са сваёй краіны, таму канадзец вырашыў пераехаць да яе. Будучая жонка жыла ў сціплай кватэры, яе апартаменты былі малаватыя для дваіх. Тым больш яго грошы дазвалялі маладой сям'і набыць прэстыжнае жыллё ў сталіцы. Але як усё арганізаваць? Мужчына не вельмі давяраў агентам незнаёмай краіны. Даволі доўга абмяркоўвалі з нявестай розныя варыянты. І нарэшце закаханыя прынялі рашэнне: зрабіць усё самім. Як? З дапамогай нявесты. Мужчына пагадзіўся выслаць грошы сваёй каханай. Яе задача была няпростай, але прыемнай — набыць дом для іх будучай сям'і, добраўпарадкаваць яго на свой густ, ну і, канешне, купіць аўтамабіль. Каля пяцісот тысяч долараў паслаў мужчына сваёй нявесце на здзяйсненне іх мары. Але нешта пайшло не так. Грошы ён адпраўляў праз афрыканскую краіну, каля якой якраз праплываў.

Але там чамусьці вырашылі, што мужчына займаецца кантрабандай, і грошы канфіскавалі. Ён звярнуўся па дакументы ў сваю краіну і здолеў даказаць, што грошы знятыя з яго рахунка. Але нешта людзі ў пагонах пачалі адкрыта патрабаваць у яго хабар. Мужчына быў у адчаі. І тут на дапамогу прыйшла яго нявеста. Жанчына знайшла каля 40 тысяч долараў і выслала свайму жаніху, каб ён здолеў усё наладзіць. І праблема вырашылася: яго грошы накіраваліся далей, у Беларусь. Аб гэтым мужчына радасна паведаміў сваёй нявесце. Засталося толькі дачакацца пераводу і ўсё. Але грошы не дайшлі... Яны зніклі, як, зрэшты, і сам каханы...

На жаль, падобныя гісторыі здараюцца ў нашай краіне нярэдка.

— Як правіла ахвярамі ашуканцаў становяцца адзінокія жанчыны, — расказвае часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка Савецкага РУУС горада Мінска па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Цімур КЕСЕЛЬ. — Прычым гэта галоўным чынам жанчыны, якія знаходзяцца ў актыўным пошуку сваёй другой палавінкі і вядуць гэты пошук у сацсетках. Таксама ахвярамі жаніхоў-жулікаў становяцца жанчыны, якія шукаюць для стварэння сям'і забяспечанага мужчыну-іншаземца.

Фота Таццяны Ткачовай.

Такія жаніхі звычайна «працуюць» не з адной жанчынай — «каханых» у ашуканцаў адначасова бывае некалькі дзясяткаў. Гэта не значыць, што ўсе яны стануць ахвярамі, але самым даверлівым дакладна не пашанцуе.

Звычайна ашуканцы падладжваюцца пад кліента. Апісваюць сябе зыходзячы з тых патрабаванняў, якія ўказвае жанчына ў сваёй анкеце. Часу не марнуюць. Ствараюць карцінку сваёй паспяховасці, пасля наладжваюць псіхалагічны кантакт з ахвярай (звычайна мужчыны ў гэтым сэнсе вельмі добра падрыхтаваныя). Падчас зносін з будучай нявестай яны звычайна правяраюць фінансавае становішча жанчыны.

— На самай справе будучыя ахвяры самі пачынаюць расказваць аб сваіх магчымасцях, — гаворыць Цімур Кесель. — Яны дэманструюць на фота дарагія смартфоны, расказваюць аб сваіх падарожжах і нават аб тым, у якой кватэры жывуць.

Нашы міласэрныя жанчыны гатовыя ўнесці заклад за свайго будучага мужа ўладам любой краіны, даць хабар мытнікам, размытніць неіснуючы аўтамабіль і іншыя дарагія «падарункі» каханага.

Як правіла, у міліцыі жанчынам грошы вярнуць не могуць, бо іх мужчыны бясследна знікаюць.

Але ёсць гора-жаніхі, якія ўсё ж пападаюцца міліцыі. Гэта так званыя нашы, «бытавыя альфонсы». Яны, канешне, «зорак з неба» ад жанчын не патрабуюць. Узнікаюць ярка і прыгожа. Звычайна знаёмяцца з дзяўчатамі «ўжывую». Глядзяць на жанчыну закаханымі вачыма і прыгожа заляцаюцца. Самі заўсёды дагледжаныя, могуць нават прыехаць на дарагой машыне — гэта вельмі ўздзейнічае на маладых дзяўчат. А яшчэ такія маладыя людзі звычайна знаходзяцца ў працэсе «адкрыцця сваёй справы».

Падобная непрыемнасць здарылася з адной мінчанкай, якая звярнулася па дапамогу ў РУУС Савецкага раёна. Яна якраз сустрэла такога маладога чалавека. Пачуцці ўспыхнулі амаль адразу. Праз пару месяцаў жаніх раптам папрасіў жанчыну набыць для яго 10 тэлефонаў, каб раздаць менеджарам свайго новага салона. Канешне, ён абяцаў, што хутка верне грошы. Але ў яго ніяк не атрымлівалася. А потым ён знік. Аказалася, што мужчына — звычайны беспрацоўны, які падмануў не толькі яе.

— Такія хлопцы звычайна не маюць адукацыі, але вельмі камунікабельныя, — гаворыць супрацоўнік міліцыі. — У «бытавых альфонсаў» бывае каля 5-6 жанчын адначасова, і ён можа цягнуць з жанчыны грошы не адзін раз, пакуль «нявеста» яму верыць.

Ці магчыма засцерагчыся ад такога кахання? У міліцыі паведамілі: так. Калі справа датычыцца міжнародных жаніхоў, ёсць толькі адзін рэцэпт — ніякіх грошай не пералічваць. У выпадку з «бытавымі альфонсамі» трэба проста паназіраць за сваім каханым. Звычайна яны не могуць расплаціцца ў рэстаранах, у іх амаль ніколі няма наяўных грошай, яны не заклапочаны работай, як сапраўдныя бізнесмены, бо іх работа — гэта жанчыны.

Дарэчы, з мужчынамі такія «гісторыі кахання» не здараюцца. Затое мужчыны нярэдка становяцца ахвярамі махлярскіх фірмаў. Мужчыны шукаюць спосабы сэканоміць і набываюць манеты-падробкі, неіснуючую мэблю і тэхніку, састаўляюць дагаворы на танны рамонт кватэр з фірмамі-аднадзёнкамі. Нявопытныя аматары порнасайтаў пералічваюць штрафы за наведванне забароненага. Азартныя людзі выйграюць ў інтэрнэт-латарэі і пералічваюць «падаткі» за выдуманыя падарункі. А пажылыя па-ранейшаму адкрываюць дзверы незнаёмым і набываюць амаль залаты посуд, чароўныя фільтры для вады і пыласосы.

— Да нас звяртаюцца амаль кожны дзень людзі, якія сутыкнуліся з махлярствам, — гаворыць Цімур Кесель. — Асабліва хацелася б папярэдзіць людзей міласэрных, чуллівых. Не давайце незнаёмцам грошы. У нашым аддзяленні ў «бязрукага інваліда» рукі знаходзіліся пад адзеннем, у жанчыны, якая прасіла для хворага дзіцяці ў пераходзе, быў асабісты рахунак, а дзіця чужое. Канешне, быць міласэрнымі добра. Але ж хочацца, каб дапамога і сапраўды знаходзіла тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Ёсць у крыміналістыцы такі раздзел — віктымалогія, — навука, што вывучае працэс «станаўлення» ахвяры. Часта даверлівыя і прастадушныя людзі становяцца ахвярай махляроў, і калі такія эпізоды паўтараюцца, то лепш звярнуцца да псіхолага, які дапаможа знайсці выйсце.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.