Вы тут

Купальны сезон адкрыты


Пляжы пастараліся зрабіць больш камфортнымі.

Пляжны сезон у Беларусі для многіх распачаўся яшчэ ў маі, з наступленнем цёплых дзён. Спякотнае надвор'е на гэтым тыдні прыцягне да месцаў адпачынку яшчэ больш людзей. Мінскія пляжы да летняга сезона гарадскія ўлады адрамантавалі і добраўпарадкавалі. Такая ж работа праведзена і па ўсёй краіне. Якія навінкі для наведвальнікаў рэкрэацыйных зон падрыхтаваны і што зробіць пляжы яшчэ больш утульнымі, расказалі камунальнікі, эпідэміёлагі і выратавальнікі.


У Мінску 20 пляжаў на чатырох вадасховішчах — Заслаўскім, Цнянскім, Драздах і Крыніцы. Да летняга сезона ўсюды падсыпаны пясок уздоўж берагавой лініі, адрамантавана і пафарбавана мэбля, выкананы бягучы рамонт грунтавых пад'язных дарог, стаянак і кантэйнерных пляцовак.

Сёлета на пляжах Цнянскага вадасховішча з'явіліся тэнісныя сталы. Ракеткі і мячы для гульні можна ўзяць у арэнду.

— Два тыдні мы назіралі і зразумелі, што не памыліліся, — сталы карыстаюцца папулярнасцю ў адпачывальнікаў, — расказвае дырэктар Мінскай лесапаркавай гаспадаркі Павел Багданчык. — Летась упершыню ўстанавілі 160 лежакоў. Яны бясплатныя і карысталіся вялікім попытам. Таму вырашылі ўстанавіць яшчэ 70.

З'явіцца 11 дадатковых металічных альтанак (імі абсталёўваюць сталічныя пляжы апошнія тры-чатыры гады). На пляжы № 2 Цнянскага вадасховішча добраўпарадкаваны куток, яго ўпрыгожылі спецыяльнай «лясной» мэбляй і дзвюма драўлянымі альтанкамі. У хуткім часе на пляжах побач з альтанкамі з'явіцца дзевяць дадатковых мангалаў. Таксама ў сталічных зонах адпачынку ўстаноўлена шэсць адзінак дзіцячага гульнявога абсталявання, заменены кабінкі для пераапранання, набыты урны вялікай умяшчальнасці. З пачатку мая працуюць біятуалеты, іх абслугоўваюць двойчы на тыдзень.

— На пляжах размяшчаецца 68 кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. Толькі ў маі мы вывезлі каля чатырох тон пластыку і каля 1,3 тоны шкла, — адзначае Павел Багданчык. — Для штодзённай уборкі прынялі ў штат восем прыбіральшчыкаў. Вываз смецця ажыццяўляецца штодзень пяццю машынамі. З наступленнем спякоты смецце будзе вывозіцца двойчы ў дзень.

Усяго ў краіне 533 пляжы, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці — 99, Віцебскай — 92, Гомельскай — 49, Гродзенскай — 43, Мінскай — 132, Магілёўскай — 98. На ўсіх да пачатку сезона праведзена работа па падсыпцы берагавой лініі, ачыстцы дна вадасховішчаў, выкананы рамонт і фарбаванне пляжнага абсталявання, усталяваны амаль 800 прыбіральняў.

Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў Лілія Бода, асаблівая ўвага сёлета аддавалася абсталяванню месцаў масавага адпачынку аўтамабільнымі стаянкамі. Да сезона падрыхтавана 490 аўтастаянак, устаноўлена больш за 3,5 тысячы кантэйнераў і урнаў для збору адходаў. Спецыяліст падкрэсліла, што асноўным парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства ў месцах адпачынку побач з вадасховішчамі з'яўляецца несанкцыянаваны заезд аўтамабіляў у прыбярэжную паласу. І нагадала, што стаянка машын не дапускаецца бліжэй, чым за 30 метраў ад берагавой лініі.

Традыцыйна сачыць за бяспекай адпачывальнікаў будуць ратавальнікі.

— Наша асноўная праблема — людзі ў стане алкагольнага ап'янення. Сярод тых, хто тоне, іх больш за палову, — кажа начальнік вадалазна-выратавальнай службы Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Арцём Дзядзеў. — Яшчэ адна катэгорыя, якая патрабуе асаблівай увагі — дзеці, якія засталіся без нагляду.

З пачатку года толькі ў Мінску патанула сем чалавек, але ў зоне дзеяння выратавальных станцый патанулых не было.

Перад пачаткам сезона эпідэміёлагі абследавалі ўсе зоны масавага адпачынку: ацанілі іх санітарны стан і ўзялі пробы вады. Іх заўвагі своечасова выправілі. Падчас купальнага сезона з чэрвеня да жніўня адбор проб вады будзе выконвацца штотыднёва. Яны будуць ацэньвацца па санітарна-эпідэміялагічных, біялагічных і паразіталагічных паказчыках.

— Сёння нестандартных проб вады няма. Пры першых нестандартных пробах мы абмяжоўваем купанне дзяцей, пры другой і наступных — дзяцей і дарослых, — тлумачыць загадчык аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Спургяш.

Звычайна забароны купацца з'яўляюцца, калі спякотнае надвор'е доўжыцца працяглы час.

— Пры высокай тэмпературы размнажаюцца бактэрыі і водарасці, пробы ў такі час пагаршаюцца. Не рэкамендуецца купацца і пасля моцных дажджоў, калі ў вадаёмы трапляе ліўневая вада.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?