Вы тут

Чым здзівіць «Славянскі базар у Віцебску» у гэтым годзе


Да пачатку XXVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталося каля месяца. Першыя мерапрыемствы пройдуць 8 ліпеня, афіцыйнае адкрыццё — 11 ліпеня. Арганізатары штогод стараюцца прыдумваць новыя цікавінкі. І часта бывае, што новае — гэта добра забытае старое. Але калі гэта ў новым фармаце з нестандартным падыходам — успрымаецца вельмі добра.


«Базар» без меж

Сёлета ў дырэкцыі «базару» новы кіраўнік — 31-гадовы Глеб Лапіцкі, чалавек творчы, крэатыўны, амбіцыйны. У арганізацыйных пытаннях не пачатковец. Па адукацыі рэжысёр масавых свят. Курыраваў праект «7 таямніц Беларусі», «Новыя імёны Беларусі», міжнародны форум «Тэмп»...

Калі «Звяздзе», першай з рэдакцый газет, даваў летась інтэрв'ю, паабяцаў, што на фэсце ў 2019 годзе будуць сюрпрызы для сямейнага прагляду. І яны ўжо ёсць па-за «базарам». Набірае абароты новы творчы праект «Віцебскі квАРТал» —- бясплатныя вулічныя канцэрты. Яны праводзяцца каля канцэртнай залы «Віцебск», калі дажджлівае надвор'е, гледачоў бясплатна запрашаюць пад дах гэтага палаца.

Нядаўна арганізавалі чарговае «квартальнае» свята непаслушэнства, прысвечанае Дню абароны дзяцей. Арганізатары абяцалі гарэзную вечарынку. І яна, хай ненадоўга, але вярнула нават дарослых у свет рознакаляровых дражэ, вялікіх дрэў-хатак і самых-самых прыгод на ўсю галаву. Акрамя таго, публіка ўбачыла светлавое шоу.

Між іншым, усе ахвотныя могуць стаць удзельнікамі праекта ў якасці артыста. Трэба толькі патэлефанаваць, а лепш напісаць у Цэнтр культуры «Віцебск», расказаць аб сваім захапленні. Плюс абавязкова неабходны спасылкі на фота- і відэаматэрыялы. І, калі ўсё добра, з дырэкцыі звяжуцца з самымі яркімі талентамі, каб даць магчымасць адкрыць сваё сэрца публіцы.

Вулічных канцэртаў на «базары» стане больш. Як і ў апошнія гады, гараджан і гасцей горада будуць здзіўляць, забаўляць, весяліць удзельнікі фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Ён штогод набірае моц, пашырае геаграфію ўдзельнікаў, займае ўсё больш прасторы фестывальнага горада.

Упершыню на фэсце

Сёлета на «Славянскім базары ў Віцебску» адбудзецца прэм'ера танцавальнага праекта Dream Dance Fest. Міжнародная танцавальнае спаборніцтва пройдзе 14 ліпеня. Падчас яго запланаваны турнір па Just Dance. Як удакладніў Глеб Лапіцкі, новы «базарны» праект прадугледжвае майстар-класы ад вядомых харэографаў, танцавальныя адборы і выпрабаванні.

Упершыню на «базары» 13 ліпеня ў Летнім амфітэатры пройдзе КВЗ-канцэрт чэмпіёнаў і фіналістаў вышэйшай лігі Міжнароднага саюза Клуба Вясёлых і Знаходлівых. Павесяліць фестывальны Віцебск збіраюцца чатыры вядомыя каманды з Расіі. Наконт землякоў, нашу краіну прадставіць каманда BELARUS Мінскага трактарнага завода. Пацешыць гледачоў даверылі і віцебскай дзіцячай камандзе «Трусы-ваяўнікі», якая ўдзельнічае ў аналагу КВЗ для дзяцей. Не выключаецца, што з часам арганізуюць турнір КВЗ за Кубак «Славянскага базару ў Віцебску».

Першы раз на «базары» выступіць Дзяржаўны балет на лёдзе з Санкт-Пецярбурга. Гэта ўнікальны калектыў, бо ён злучае традыцыі знакамітай на ўвесь свет рускай балетнай класікі і катання на лёдзе найвышэйшага ўзроўню майстэрства. У пастаноўках бяруць удзел майстры спорту. У віцебскім лядовым палацы спорту плануюць 13 і 14 ліпеня паказаць «Папялушку» і «Лебядзінае возера».

А яшчэ (таксама ўпершыню) у філармоніі разам выступяць унікальныя калектывы: актэт балалаек «Віцебскія віртуозы» і піцерскі ансамбль «Церам-квартэт».

І падворкі з «фішкамі»

У абласным цэнтры з'яўляецца ўсё больш невялічкіх прыватных гатэляў. У свой час менавіта дэфіцыт нумароў быў адной з турбот работнікаў дырэкцыі фэсту. Але месцаў пражывання прыбывае. Напрыклад, параўнальна нядаўна пачаў працаваць гатэль недалёка ад шагалаўскага музея. Адкрыюць яшчэ адзін у старым доме, які выкупілі на аўкцыёне.

І ў гатэляў ёсць «фішкі». Напрыклад, у гатэльным комплексе «Ветразь» — нумары, аформленыя ў арыгінальным стылі. Ёсць «Бульбаш», «Таямніцы вялікага князя», «Легенды Косаўскага замка», «Паданні Мірскіх вежаў» ды іншыя.

У цэнтры Віцебска павялічваецца і колькасць кавярняў, рэстаранаў. І добра, што сярод іх ёсць і бюджэтныя.

Сёлета ўсё больш будзе прысмакаў і сюрпрызаў на тэрыторыі падворкаў рэгіёнаў Віцебшчыны. Кожны раён хоча як мага больш цікава рэкламаваць свае кулінарныя традыцыі, турыстычны патэнцыял, аб'екты і праекты для інвестараў. Таму на кожным падворку ёсць што паесці і купіць. Ды плюс можна паслухаць выступленні самадзейных артыстаў.

Самым гарачым перыядам у рабоце віцебскага аэрапорта лічацца чэрвень і ліпень, калі пачынаецца падрыхтоўка і праводзіцца «базар». У гэты час прылятаюць у Віцебск самалёты з многіх краін свету. У якасці пасажыраў — удзельнікі фестывалю. Улічваючы, што аэрапорт абслугоўвае рэйсы, на якіх прылятаюць знакамітасці, яго называюць яшчэ і зорным.

«Звязда» ўжо паведамляла, што падчас фэсту будзе курсіраваць дадатковы цягнік з Мінска ў Віцебск і назад. Са сталіцы Беларусі ў «базарную» адпраўляецца ў 12.42, назад — у 1.30. Паездка зойме каля чатырох гадзін.

Іншаземцам упершыню сёлета не спатрэбяцца візы, калі яны прад'явяць пагранічнікам білеты на канцэрты. І квіткі сталі актыўней купляць жыхары суседніх з Віцебшчынай Латвіі і Літвы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Навінкі «базарнага» лета

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.