Вы тут

У Віцебскую вобласць неабходна прыцягнуць больш за $81 млн


Сёлета ў Віцебскай вобласці для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў неабходна прыцягнуць больш за 81 мільён долараў. Аблвыканкамам сфарміраваны пералік асноўных арганізацый, якія прыцягваюць прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове. На жаль, у першым квартале адпаведны план не выкананы: замест 20 мільёнаў долараў прыцягнулі «ў абарот» 15. Але, як падкрэслівае губернатар Мікалай Шарснёў, ёсць рэзерв, улічваючы патэнцыял, які не выкарыстоўваецца. Проста з інвестарамі трэба ўмець размаўляць, каб зацікавіць укласці грошы ў канкрэтныя праекты.


Бадай, самы грандыёзны праект на Віцебшчыне — у Мёрскім раёне. Там з удзелам замежных інвестыцый сёлета працягваецца будаўніцтва завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі. Паралельна ў раёне вырашылі займацца лячэннем і рэабілітацыяй замежнікаў з праблемамі сэрца і не толькі.

Губернатар лічыць: каб у кожным раёне меліся такія інвестары, пытанняў з развіццём, вырашэннем сацыяльных праблем, выплатай годнай зарплаты даўно б не было. Па некаторых ацэнках, памер інвестыцый у Мёршчыну — да 300 мільёнаў долараў. У Талачынскім раёне атрымае развіццё вытворчасць труб з паліпластыку. А ў Полацкім раёне працягваюць узводзіць дрэваапрацоўчы завод з выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання.

Канешне, ва ўсіх на слыху рэалізацыя буйнога інвестыцыйнага праекта ў Аршанскім раёне. Там, у гарадскім пасёлку Балбасава, будуецца мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс. Добрых прыкладаў паспяховай дзейнасці інвестараў на поўначы краіны ўсё больш. У прыватнасці, у Дубровенскім раёне на мяжы з Расійскай Федэрацыяй вясной мінулага года літаральна ў чыстым полі адкрылася найбуйнейшае ў Беларусі казіно з гатэлем. Расійскія інвестары «з нуля» зрабілі гэты аб'ект і месцам, дзе выступаюць, адпачываюць зоркі. Сотні жыхароў Дубровеншчыны, а таксама суседняга Аршанскага раёна і Віцебска атрымалі рабочыя месцы. Заробкі вельмі прыстойныя, падаткі ад дзейнасці казіно значна падмацоўваюць мясцовы бюджэт.

У Гарадоцкім раёне паспяхова дзейнічае расійская сельскагаспадарчая кампанія «Канцэрн «Дзецкасельскі». Фірма інвеставала ў малочную жывёлагадоўлю. Каля дзесяці гадоў таму тут запрацаваў першы комплекс, потым пабудавалі другі... Праблем са збытам малака няма. Заробкі ў самых старанных даярак даўно ўжо больш за 500 умоўных адзінак. Але, як падкрэслілі ў аддзеле кадраў прадпрыемства, лянівых супрацоўнікаў тут наогул няма. На жаль, кадры ў дэфіцыце.

На Расоншчыне, бадай, адным з самых экалагічна чыстых раёнаў Беларусі, расійскія інвестары некалькі гадоў таму выкупілі некалькі аб'ектаў для арганізацыі турызму. Тут і ў савецкі час не была развіта прамысловасць, затое шмат лясоў, таму, лічыцца, нават паветра лечыць. У раёне два ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння — «Сіньша» і «Чырвоны Бор». На тэрыторыі першага — каскад азёр, злучаных паміж сабой ракой Дрысай. На воднай роўнядзі аднаго з азёр заказніка расце рэліктавая расліна чылім, або вадзяны арэх. І гэты факт вабіць прыезджых. Усё больш іншаземцаў цікавіць магчымасць развіцця ў раёне менавіта аздараўленчага турызму.

У раёнах, дзе адкрываецца новая вытворчасць, нярэдка праводзяцца выязныя пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў. Старшыня прадстаўнічага органа мясцовай улады Уладзімір Цярэнцьеў падкрэслівае неабходнасць пераймаць вопыт, дзяліцца напрацаванымі метадамі і спосабамі ў выкарыстанні нерухомасці і ў іншых кірунках.

У Гарадоцкім раёне паспяхова дзейнічае расійская сельскагаспадарчая кампанія «Канцэрн «Дзецкасельскі».

Тое, што на Віцебшчыне трэба больш актыўна прыцягваць прамыя замежныя інвестыцыі, не раз агучваў спікер парламента. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на адным з пасяджэнняў аблвыканкама падкрэсліў, што летась паўночная вобласць краіны адзіная не выканала адпаведнае заданне. Кіраўнік ніжняй палаты парламента ўпэўнены, што менавіта прыцягненне інвестыцый — «барометр» таго, як развіваецца вобласць, раён...

Дарэчы, практыка паказвае, што, калі ў мясцовай улады добрыя стасункі з тутэйшымі дзелавымі коламі, падтрымліваюцца як пачаткоўцы, так і сталыя прадпрымальнікі, апошнія самі «прыводзяць» інвестараў. Таму разняволенне дзелавой ініцыятывы мае вялікае значэнне ў гэтым працэсе.

На месцах адказным асобам трэба разумець, што, па сутнасці, калі бізнесмены сумленна працуюць, то выконваюць фактычна дзяржаўныя задачы. Сярод іншага яны спрыяюць напаўненню бюджэту, стварэнню новых вытворчасцяў і рабочых месцаў, добраўпарадкаванню і гэтак далей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Ключ да паспяховай будучыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?