Вы тут

Крычаў. Горад, прывабны для бізнесу


Крычаў — адзін з тых гарадоў Магілёўскай вобласці, якія шмат працуюць над сваім развіццём. Менавіта тут рэалізуецца маштабны праект «Крычаў — малы разумны горад. Крычаўскі раён. Развіваемся разам», які дазволіць праз некаторы час стаць населенаму пункту першым у Беларусі смарт-сіці. Зручнае геаграфічнае становішча (усяго каля 40 кіламетраў ад Расіі), цудоўная гістарычная спадчына (адзін палацава-паркавы комплекс чаго варты), наяўнасць чыгункі, ракі, разгалінаванай сеткі аўтамабільных дарог — усё гэта робіць Крычаў прывабным для інвестараў. У рабоце з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый задзейнічаны ўсе — пачынаючы ад старшыні райвыканкама і да простага жыхара раёна.


Інвестар любіць разумных

Валерый Будзянаў: «Такая прадукцыя ствараецца выключна на нашым крычаўскім прадпрыемстве».

— На рэгіянальны пілотны праект «Крычаў — малы разумны горад. Крычаўскі раён. Развіваемся разам» мы ўскладаем шмат спадзяванняў, — кажа старшыня Крычаўскага райвыканкама Дзмітрый Бачкоў. — Гэта дасць магчымасць інвестару максімальна хутка атрымаць усю аб'ектыўную інфармацыю па інфраструктуры, якая ў нас ствараецца, і людскім патэнцыяле, які працуе. Будзе бачна, якія тут існуюць магчымасці для моладзі і павышэння якасці жыцця. Сёлета ў нас прайшла трэцяя рэгіянальная канферэнцыя з удзелам супрацоўнікаў аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі і Нацыянальнага кадастравага агенцтва Рэспублікі Беларусь. Гэта нашы партнёры, якія дапамагаюць рэалізоўваць праект. З імі мы абмеркавалі агульныя напрацоўкі і намецілі новыя арыенціры. У найбліжэйшых планах — зрабіць з дапамогай ІT-тэхналогій «разумнымі» фермы, райвыканкам і жылы фонд. Плюс транспарт і электрычнасць. Гэтым мы палепшым якасць жыцця і магчымасці для інвестараў, бо для іх вельмі важна, хто будзе гэтыя магчымасці развіваць.

Спецыяльна для інвестараў у раёне распрацаваны дэталёвы «Інвестыцыйны пашпарт», перакладзены на англійскую і нямецкую мовы. А летась, перад тым як дэлегацыя з раёна на чале з Дзмітрыем Бачковым пабывала ў Кітаі, інвестпашпарт быў перакладзены яшчэ і на кітайскую. Як той казаў — усё для кліента.

Аляксандр Камінскі: «Самыя надзейныя інвестары на Дошцы гонару».

— У нас у раёне ўжо два кітайскія інвестары, — адзначае суразмоўнік. — Другі з'явіўся пасля нашай паездкі ў Кітай. Зараз мы з ім працуем і адначасова шукаем новыя варыянты. Мы вызначылі для сябе каля 40 інвестпляцовак і дзевяць асноўных кірункаў, па якіх праводзім работу. Інвестар, што прыходзіць да нас, бачыць пляцоўкі, якія ёсць для развіцця яго бізнесу, і перспектывы. А мы з улікам яго інтарэсаў і патрабаванняў падбіраем аптымальны варыянт. Як вынік, колькасць інвестыцый паступова павялічваецца. Калі летась у раён былі прыцягнутыя каля 280 тысяч долараў прамых замежных інвестыцый (а з улікам тутэйшага рэзідэнта СЭЗ — 920 тысяч), то сёлета ужо за пяць месяцаў 275 тысяч. Дарэчы, кітайская кампанія «Інфэн», якая спецыялізуецца на вырошчванні грыбоў, абаснавалася ў Крычаўскім раёне яшчэ да таго, як стала рэзідэнтам СЭЗ.

І прамысловасць, і сельская гаспадарка

Крычаў вядомы ў краіне дзякуючы буйному вытворцу цэменту «Крычаўцэментнашыфер». І гэты кірунак пазіцыянуецца ў раёне як адзін з перспектыўных. Наглядны прыклад — вытворчасць цэментна-стружачных пліт СSР BZS, якая адкрылася ў 2015 годзе з удзелам беларуска-аўстрыйскага капіталу. Сёння на прадпрыемстве працуе 170 чалавек, а 90 % яго прадукцыі ідзе на экспарт.

— На сённяшні дзень мы адзіныя ў краіне вытворцы гэтай прадукцыі, — кажа дырэктар СТАА «СSР BZS» Юрый Ларын. — Асноўныя нашы спажыўцы — Расія і 14 краін Еўрасаюза, у тым ліку Польшча, Германія, Вялікабрытанія, Данія, Венгрыя. Апошнім часам шмат прадукцыі забірае Украіна. У маі адправілі ў Еўропу тавару на 512 тысяч еўра, на 8 мільёнаў рублёў у Расію і на 150 тысяч беларускіх рублёў на рынак Беларусі.

Начальнік вытворчасці Валерый Будзянаў праводзіць на склад гатовай прадукцыі. Яна там, дарэчы, не затрымліваецца. Частка пліт, зацягнутая чорнай плёнкай, чакае свайго заказчыка з Польшчы. А непадалёк ад склада ўжо стаіць фура з Украіны. Хутка пачнецца пагрузка. Наплыву пакуль няма, а вось у пятніцу, кажа Валерый Будзянаў, утвараюцца нават чэргі.

У тэму

Аляксандр Камінскі, начальнік аддзела эканомікі Крычаўскага райвыканкама:

— Сёлета ў наш раён прыйшлі расійскі і ўкраінскі інвестары. Апошні, напрыклад, на плошчах «Крычаўцэментнашыфера» збіраецца ствараць станкі, вытворчасць будзе называцца «Крычаўскі машынабудаўнічы завод». Развіваем адносіны з кітайцамі. Летась наша дэлегацыя пабывала ў Кітаі, а зараз чакаем іх да сябе ў госці. Інвестары прыходзяць да нас рознымі шляхамі. Кагосьці мы знаходзім і запрашаем, нехта прыязджае да нас пасля розных інвестфорумаў у Магілёве, хтосьці сам вывучае сайт райвыканкама. Бізнесменаў вабіць наша геаграфічнае становішча, тое, што ад Расіі недалёка. Прамыя інвестыцыі даюць раёну развіццё, і мы зацікаўлены, каб ахвотных укласці свае грошы было як мага болей. Для нас гэта новыя тэхналогіі, экспарт, дадатковыя рабочыя месцы, заработная плата, напаўненне бюджэту. І бізнесу добра, і гораду на карысць.

Крычаўскі офіс яшчэ аднаго інвестара знаходзіцца ў Доме Саветаў. Кітайскае ТАА «Жаняа Саюз» збіраецца стварыць на тэрыторыі раёна комплекс па вырошчванні і перапрацоўцы лёну. І работа ўжо пачалася.

— Некалькі гаспадарак на дагаворных умовах дапамагаюць нам засяваць палі, — удакладняе аграном таварыства Андрэй Баранаў. — Шчыльна працуем з інстытутам льнаводства ў Оршы. Што датычыцца патрабаванняў, то яны стандартныя: трэба ўсё своечасова выконваць — і пытанняў не будзе.

Не прамыя, але ж таксама інвестыцыі

Вопыт паказвае: любы сродак для прыцягнення грошай у раён добры.

Дзмітрый Бачкоў і яго каманда за абмеркаваннем чарговай інвестпляцоўкі.

— Яшчэ адзін кірунак, у якім мы працуем, гэта развіццё мясцовых ініцыятыў, — удакладняе старшыня райвыканкама Дзмітрый Бачкоў. — Удзел у розных праграмах дазваляе нам прыцягваць дадатковыя крыніцы для развіцця рэгіёна. У прыватнасці, сёлета мы ўдзельнічаем у двух праектах. Адзін звязаны з міжнароднай дапамогай па палацава-паркавым комплексе, другі — з экалагічным цэнтрам.

Летась у Крычаве быў адкрыты Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. Дарэчы, таксама з дапамогай міжнароднага гранта. Мэта яго — развіццё ініцыятыў на мясцовым узроўні, стварэнне новых працоўных месцаў.

— Перыядычна мы праводзім семінары, дзе любы ахвотны можа азнаёміцца з асновамі вядзення бізнесу, — расказвае спецыяліст Цэнтра Мікіта Фёдараў. — Апошні, напрыклад, прысвячаўся тэме, як адкрыць інтэрнэт-краму або цырульню. Сёлета некалькі чалавек прыходзіла ў цэнтр пракансультавацца, з чаго пачынаць сваю справу. Дапамагалі афармляць дакументы, кансультавалі. Адзін мужчына цікавіўся, як стварыць вытворчасць. Мы накіравалі яго ў Мінск у Банк развіцця пракансультавацца, як атрымаць грошы пад заклад. Наогул, калі ўлічваць семінары і прыватныя кансультацыі, праз нас за паўгода прайшло каля 150 чалавек.

Погляд дэпутата

Старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава:

— Дэпутацкі корпус праводзіць актыўную работу па прыцягненні грантаў. Пазалетась былі прафінансаваныя дзве заяўкі па тысячы долараў, летась мы выйгралі грант на 50 тысяч долараў. Праект называўся «Палацава-паркавы ансамбль — тэрыторыя экатурызму, чыстая экалогія». Рабілі яго выключна сваімі сіламі — я, старшыня Савета ветэранаў Зінаіда Скачкова, дырэктар гістарычнага музея Уладзімір Мішчанка, які паралельна ўзначальвае ў раёне маладзёжны парламент. Зараз на разглядзе яшчэ адзін праект — «Дзецям вайны клопат і ўвагу», які фінансуе міжнародны фонд Германіі «Узаемаразуменне». Яго распрацоўвала пад эгідай Савета ветэранаў Зінаіда Скачкова, а партнёрам выступіў райсавет дэпутатаў. Мы таксама сталі аднымі з чатырох пераможцаў конкурсу ПРААН-ГЭФ-Мінпрыроды «Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі». У вобласці мы адзіныя, хто быў адзначаны. А ўсяго ў конкурсе прымала ўдзел каля 30 заяўнікаў. Нам будзе аказаная дапамога ў складанні праектаў па розных кірунках. Гэта і дарогі, і веларух, і экалогія, і бяспека на дарогах, і «разумныя» прыпынкі, і шмат чаго іншага для таго, каб жыхарам было камфортна ў горадзе. З праектам «Крычаў — разумны горад» гэта будзе цесна перакрыжоўвацца. А яшчэ дэпутаты рэалізавалі вельмі важную справу. Сёлета на 9 мая мы адкрылі алею герояў Вялікай Айчыннай вайны, дзе ўвекавечылі імёны ўраджэнцаў Крычаўскага раёна. Адкрылі дабрачынны разліковы рахунак пры раённым Савеце ветэранаў і сталі шукаць спонсараў. Першай адгукнулася заслужаная артыстка Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Дарафеева, карані якой якраз з Крычава. Яна дала дабрачынны канцэрт, і ўсе грошы ад яго, а гэта каля 14 тысяч рублёў, папоўнілі наш рахунак. «Крычаўпраектсэрвіс» зрабіў за свой кошт праект, а «Крычаўцэментнашыфер» забяспечыў будматэрыяламі. «Камунальнік» добраўпарадкаваў тэрыторыю. Адначасова вялася работа па зверцы спісаў: першапачаткова там было 2700 чалавек, а пасля таго, як мы яго перапрацавалі, стала 3521. Іх прозвішчы пазначаны на 22 гранітных плітах. Работа працягваецца — на сённяшні дзень выяўлена яшчэ чатыры такія чалавекі. Мемарыял абышоўся прыкладна ў 55 тысяч рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.