Вы тут

У Мсціславе мясцовыя жыхары далучаюцца да турыстычнага бізнесу


Прэзентаваны новы турыстычны маршрут — гэты напрамак выклікаў вялікі інтарэс у расійскіх тураператараў, перагаворы з якімі пачаліся яшчэ колькі месяцаў таму, падчас паездкі беларускіх прадпрымальнікаў на спецыялізаваныя выстаўкі ў Расію.


На прэзентацыю маршруту прыехалі прадстаўнікі больш чым дзесяці турагенцтваў з Масквы і Смаленска. Падчас дэма-туру па Мсціславе ўдзельнікі даведаліся пра розныя варыянты знаёмства чужаземцаў з атмасферай беларускай глыбінкі: ад рыцарскіх баёў і этнічных майстар-класаў да дэгустацыі экаежы і далікатэсаў. Для зацікаўленых у партнёрстве агенцтваў стваральнікі маршруту плануюць распрацаваць асобныя турыстычныя прадукты — у залежнасці ад працягласці туру, сезона і складу экскурсійнай групы. У далейшым маршрут прапануюць і айчынным турагенцтвам, але, як паказвае досвед, асноўная плынь турыстаў у горад ідзе ўсё ж з Расіі.

Неабходнасць змены фармату маршруту, па якім цяпер возяць турыстаў, была відавочная: у Мсціслаў рэгулярна прыязджаюць экскурсійныя групы, аднак акрамя агляду помнікаў і прыгажосці мясцовага ландшафту гасцям нічога прапанаваць не маглі. Адсутнасць добра наладжанай інфраструктуры не дазваляла гораду напоўніцу выкарыстаць турыстычны патэнцыял.

Распрацоўкай новага маршруту заняўся мясцовы цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, створаны летась дзякуючы праекту ПРААН і Міністэрства эканомікі «Малыя гарады». Асноўная задача — стварэнне магчымасцяў для мясцовых жыхароў будаваць уласны бізнес па аказанні паслуг турыстам.

«Пры стварэнні цэнтра падтрымкі мы вывучылі рынак, улічылі спецыфіку рэгіёна і ўбачылі, што найбольш перспектыўным кірункам для малога бізнесу ў Мсціславе можа стаць менавіта турызм, — адзначае кіраўнік праекта «Малыя гарады» Марына КАЛІНОЎСКАЯ. — Новы маршрут прадугледжвае стварэнне цэлай інтэрактыўнай праграмы вандроўкі з майстар-класамі, дэгустацыямі і нават спектаклямі з эфектам прысутнасці. Усё гэта будзе здзейснена дзякуючы прыцягненню аграсядзіб, фермераў, рамеснікаў».

Прэзентацыя маршруту скончылася ў Магілёве, дзе прайшла біржа дзелавых кантактаў сярод паўсотні прадстаўнікоў бізнесу ў турыстычнай сферы вобласці. На думку арганізатараў праекта, найвялікшы эфект у развіцці турыстычнага патэнцыялу ўсяго рэгіёна будзе дасягнуты дзякуючы аб'яднанню малога бізнесу гэтай галіны ў адзіную сістэму.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Мсціслаў старажытны і захапляльны

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.