Вы тут

Актыўная ацэнка: новая філасофія


«Мне здаецца, што ўвесь час я працавала ў школе, а побач знаходзіліся дзверы з шыльдай «Так можна навучаць!» Часам яны былі зачыненыя, часам мне шчасціла прыадкрыць іх, зазірнуць, здзівіцца, але потым яны зноў зачыняліся. Актыўная ацэнка дапамагла адкрыць іх цалкам. І мне здаецца, што я ўжо стаю на парозе. Яшчэ рыхтуюся, але ўжо гатовая ўвайсці». Гэта прызнанне адной з настаўніц мінскіх школ, выпускніцы сёлетняга дыстанцыйнага курса «Стратэгіі актыўнай ацэнкі». За сем гадоў праз курс, які арганізуе Таварыства беларускай школы, прайшло ўжо больш за 500 чалавек.

А вось яшчэ адно прызнанне ад настаўніцы з Шаркаўшчыны: «Калі б не актыўная ацэнка... я не адкрыла б для сябе сваіх вучняў. Часам непаслухмяных, занадта гарэзлівых, але такіх, якія вучыліся разам са мной: выпрацоўвалі крытэрыі ацэнкі, пісалі каментарыі. Я бачу змены ў іх навучанні і адносінах паміж сабой. Гэтаму іх навучыла работа з самаацэнкай і ўзаемаацэнкай. Знікае боязь, перажыванне, што нечага не ведаеш, узрастае давер».


Актыўная ацэнка (АА) — менавіта так называюць у Беларусі тэхналогію Fоrmаtіvе Аssеssmеnt (дынамічнае ці фарміравальнае ацэньванне), якая стала ў сусветнай адукацыі мэйнстрымам. Прыхільнікі актыўнай ацэнкі называюць яе новай адукацыйнай філасофіяй. Яна складаецца з важных элементаў, якія дапамагаюць зрабіць працэс навучання больш скіраваным на асобу кожнага вучня, падказвае, у якім кірунку яму рухацца далей, матывуе і прымушае браць на сябе адказнасць за свае веды, але прынцыпова пазбягае канкурэнцыі. Гэта інтэрактыўная тэхналогія, заснаваная на пастаяннай зваротнай сувязі. Чаму філасофія? Таму што патрабуе ад педагога прыняць новую ролю і адмовіцца ад стэрэатыпаў, якія склаліся ў традыцыйнай адукацыйнай мадэлі.

Між іншым, сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як актыўная ацэнка дзякуючы групе настаўнікаў-энтузіястаў прыйшла ў нашу краіну. Які шлях быў пройдзены за гэты час і што змянілася ў стаўленні да актыўнай ацэнкі з боку кіраўнікоў сістэмы адукацыі, навучальных устаноў і педагогаў? Пра ўсё гэта разважалі на фестывалі педагагічных ідэй «Стратэгіі актыўнай ацэнкі для эфектыўнага навучання: найлепшыя адукацыйныя практыкі», які прайшоў у сценах Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (АПА).

Не для ацэнкі, а для навучання

— Гатоўнасць да перамен, адказнасць, творчасць, самастойнасць у прыняцці рашэнняў — вельмі важныя якасці для сучаснага педагога, — падкрэслівае начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА Алена РАДЗЕВІЧ. — І трэба шчыра адказаць сабе на пытанне: а ці гатовы я да перамен у прафесійнай дзейнасці, асабліва калі давядзецца быць у сваім акружэнні «белай варонай»? Таму што любыя перамены — гэта выхад з зоны камфорту: даводзіцца змяняць свае педагагічныя звычкі, падыходы і метады працы...

Дзесяць гадоў таму невялікая група настаўнікаў і выкладчыкаў з розных устаноў адукацыі ў летні час сабралася разам на семінарах па ацэначнай дзейнасці, якія арганізавала Таварыства беларускай школы. І раптам педагогі знайшлі адказы на пытанні, якія хвалявалі іх многія гады: як павысіць паспяховасць вучняў, як іх матываваць і зрабіць адказнымі за ўласнае навучанне... З 2012 года ў АПА была распрацавана і рэалізуецца праграма навучальных курсаў «Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання». У 2013—2015 гадах быў паспяхова рэалізаваны інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі актыўнай ацэнкі на базе 11 устаноў адукацыі. АА пачала ўкараняцца ў сістэму павышэння кваліфікацыі педагогаў розных катэгорый. Ідэя распаўсюджвалася ўсё шырэй і шырэй, як кругі на вадзе. Нашы педагогі праходзілі складаны шлях ад разумення некаторых элементаў актыўнай ацэнкі да прыняцця філасофіі, больш глыбінных працэсаў, якія стаяць за гэтай тэхналогіяй.

У педагагічнай майстэрні Элы ЯКУБОЎСКАЙ і Алены АНАНЧЫКАВАЙ.

— Сродкі актыўнай ацэнкі прызначаны, у першую чаргу, не для ацэньвання, не для кантролю, не для выстаўлення адзнак, а для навучання, — падкрэслівае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай ЗАПРУДСКІ.

Цікавыя вынікі былі атрыманы падчас анкетавання настаўнікаў. Ім прапанавалі адказаць на пытанне: «Чым абумоўлены вашы поспехі ў прымяненні АА?» Больш за 59 % паведамілі пра падтрымку вучняў. 55 % апытаных канстатавалі, што ім было лёгка адмовіцца ад стэрэатыпаў. Палова рэспандэнтаў сказалі, што адчуваюць падтрымку калег з іншых устаноў адукацыі (праз адмысловы сайт «Актыўная ацэнка» http://aacenka.by). А вось падтрымкай з боку калег у сваёй школе змаглі пахваліцца толькі 15,5 % актыўных ацэншчыкаў. 59 % педагогаў, якія ўкараняюць актыўную ацэнку на сваіх уроках, канстатуюць, што з боку вучняў павысілася адказнасць за вынікі навучання.

— Дзякуючы АА я дасягнула тых мэт, якія з'яўляюцца ключавымі ў маёй педагагічнай дзейнасці: навучанне стала для дзяцей цікавым, матываваным (яны разумеюць, што адказнасць за вынікі работы ляжыць на іх, а не на настаўніку), якасным (вучні больш сур'ёзна падыходзяць да засваення матэрыялу), узаемным (дзеці вучацца разам, і саперніцтва поўнасцю выкараненае), самаадданым (раней яны не жадалі заставацца пасля ўрокаў, давучваць і дапрацоўваць, а цяпер, наадварот, ведаюць, што маюць абмежаваны тэрмін на выпраўленне работ, і карыстаюцца кожнай вольнай хвілінкай), выніковым (кожны бачыць вынік сваёй працы, імкнецца да лепшых вынікаў). Прымяненне АА паўплывала на асобу кожнага вучня (з'явіліся такія якасці, як самастойнасць, крытычнасць, сур'ёзнасць, адказнасць, жаданне дапамагаць слабейшаму і іншыя), прывяло да фарміравання новых навыкаў і ўменняў (самааналіз і самаацэнка, узаемааналіз і ўзаемаацэнка, супрацоўніцтва і г. д.), — канстатуе настаўніца гісторыі Дукорскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Вераніка ГУТАРАВА.

Даеш зваротную сувязь!

Мікалай ЗАПРУДСКІ: «Старайцеся зрабіць актыўную ацэнку прыналежнасцю ўсёй школы».

— З кожным годам да руху педагогаў, якія пажадалі перагледзець свае метады навучання, далучаюцца ўсё новыя энтузіясты. Адбываецца сапраўдная ланцуговая рэакцыя, — падкрэслівае Мікалай Запрудскі. — Многія абаранялі свой вопыт прымянення актыўнай ацэнкі на кваліфікацыйных экзаменах на вышэйшую катэгорыю і катэгорыю «настаўнік-метадыст», дэманстравалі работу па тэхналогіі АА на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Настаўнік года». Было напісана 6 кніг, выйшла каля 100 артыкулаў у педагагічнай прэсе, створаны канал АА на YouTube. Пагалоска пра нашу актыўную ацэнку распаўсюдзілася і за межы краіны. Да нас у акадэмію, каб засвоіць тэхналогію АА, прыязджаюць кіраўнікі школ і настаўнікі з Расіі. Знаёміліся з актыўнай ацэнкай у акадэміі і педагогі з Еўропы (у рамках праграмы «Песталоцы»). Беларускія актыўныя ацэншчыкі праводзілі майстар-класы ў Расіі і ва Украіне. Тэхналогія актыўнай ацэнкі надта значная і эфектыўная, каб ігнараваць яе і безуважна назіраць, як па ёй працуюць настаўнікі ў больш паспяховых краінах і школах...

— Усім раю звярнуцца да кнігі аўстралійскага прафесара Джона Хэці «Бачнае навучанне». Гэта самае маштабнае ў свеце даследаванне ў галіне доказнай педагогікі, якое ўтрымлівае адказы на крытычна важныя пытанні сучаснай адукацыі, — кажа намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — Першая кніга выйшла ў 2009 годзе. Прааналізаваўшы за 15 гадоў вынікі больш чым 50 000 даследаванняў ва ўсім свеце з сумарным ахопам больш за 86 мільёнаў школьнікаў, Джон Хэці распрацаваў своеасаблівы «барометр», які паказвае ўплыў канкрэтных фактараў на навучанне. Чым вышэйшае значэнне паказчыка, тым большы ўплыў на якасць навучання аказвае гэтая прычына.

Высветлілася, напрыклад, што ў найменшай ступені на якасць уплываюць дамашнія заданні, індывідуалізацыя навучання, колькасць вучняў у класе, падзел на групы па здольнасцях і паўторнае навучанне (пакіданне вучня на другі год). А найбольш высока Джон Хэці ацэньвае існаванне зваротнай сувязі паміж настаўнікам і вучнем (толькі разгорнутая зваротная сувязь істотна карэлюе з высокімі дасягненнямі), ну і, вядома, настаўніцкія чаканні. Педагог павінен верыць, што ўсе дзеці могуць вучыцца і развівацца, што навучальныя вынікі любога з іх могуць змяніцца да лепшага, бо не з'яўляюцца раз і назаўсёды зададзенай велічынёй. У апошнім даследаванні 2018 года Хэці дадаў новыя фактары ўплыву. Найбольш высокі каэфіцыент (1,57) ён выставіў супрацоўніцтву настаўнікаў: калі педагогі маюць агульныя каштоўнасці, адну мэту, супрацоўнічаюць, у іх добрая атмасфера, яны раяцца, давяраюць адно аднаму — гэта магутная сіла. Калектыўная эфектыўнасць залежыць ад каштоўнасцяў, якія падзяляюць члены супольнасці.

АА для ліцэістаў-перфекцыяністаў

Кацярына СКРЫГАН, настаўніца біялогіі сталічнага ліцэя № 1, — навабранец у арміі прыхільнікаў актыўнай ацэнкі. У бягучым навучальным годзе яна вучылася на дыстанцыйным курсе і адначасова ўкараняла тэхналогіі актыўнай ацэнкі на факультатыве ў 10-х профільных хіміка-біялагічных класах. Спецыфіка заключалася ў тым, што на факультатыве адзнакі навучэнцам увогуле не выстаўляюцца, а вось актыўная ацэнка прыйшлася ліцэістам па душы.

— Самымі прыцягальнымі элементамі ў актыўнай ацэнцы для іх аказаліся ключавыя пытанні: ад іх яны аж «пішчалі», у іх заблішчэлі і загарэліся вочы, — смяецца Кацярына. — Але для профільных класаў, у якіх навучаюцца добра падрыхтаваныя дзеці, трэба вельмі пастарацца, каб прыдумаць пытанні, якія зачэпяць вучняў і на якія яны не знойдуць адразу адказ. Таму я прапанавала б настаўнікам біялогіі аб'яднаць свае намаганні і стварыць разам базу ключавых пытанняў па нашым прадмеце. Шмат ключавых пытанняў нараджаецца з пытанняў саміх вучняў — толькі настаўніку трэба ўключыць пастаянны рэжым назіральнасці...

Кацярына СКРЫГАН: «Самымі прыцягальнымі элементамі ў актыўнай ацэнцы для ліцэістаў аказаліся ключавыя пытанні».

Пастаноўку мэтаў на ўрок, як я пераканалася, можна смела дэлегаваць маім навучэнцам: для матываваных дзяцей важна разумець, што і для чаго яны робяць на ўроку і што яны возьмуць у выніку з сабой.

Сярод ліцэістаў шмат перфекцыяністаў, якія хвалююцца, ці ўсё яны зрабілі дастаткова добра. Таму крытэрыі выканання задання, якія я ім даю, пайшлі «на ўра». Калі проста скажаш навучэнцам: «Падрыхтуй даклад па тэме антыбіётыкаў», нічога не канкрэтызуючы, то можаш атрымаць усё што заўгодна. У канцы года я дала заданне падрыхтаваць даклад па мікрабіялогіі і загадзя прапісала ўсё, што павінна быць у гэтых работах, а затым сядзела і атрымлівала асалоду ад пачутага. Крытэрыі ацэньвання — вельмі важны псіхалагічны момант, навучэнцы ведаюць, што трэба зрабіць, каб дасягнуць мэты.

Зваротная сувязь была для маіх навучэнцаў абсалютна новай з'явай, яны доўга да яе прывыкалі, затое цяпер кажуць: «Вось бы ўсе настаўнікі так працавалі». Унізе рэйтынгу аказаліся самаацэнка і ўзаемаацэнка. Я знайшла гэтаму наступнае тлумачэнне: мы працуем у ліцэі з падлеткамі, якія рыхтуюцца да паступлення, і навык самастойнай працы для іх больш важны, але гэта мая гіпотэза.

Вось што кажа пра актыўную ацэнку адзін з вучняў Кацярыны Скрыган: «Мне спадабалася ідэя з актыўнай ацэнкай, таму што з ёй у цябе ёсць магчымасць ацаніць сябе не толькі па балах, але і па ведах. Спадабалася, што актыўная ацэнка дазваляе ўбачыць, дзе трэба падвучыць ці, наадварот, дзе ў цябе ўсё атрымліваецца».

Больш «белых варон»

Рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу сродкамі актыўнай ацэнкі была прысвечана педагагічная майстэрня, якую арганізавалі для калег настаўнік-метадыст Эла ЯКУБОЎСКАЯ (гімназія № 1 г. Жодзіна) і намеснік дырэктара жлобінскай сярэдняй школы № 13, настаўнік-метадыст Алена АНАНЧЫКАВА. Задачай было да кожнага этапу ўрока падабраць прыёмы і тэхнікі, якія належаць да сродкаў актыўнай ацэнкі. Так, на этапе пастаноўкі мэты ўдзельнікі разгледзелі такія цікавыя прыёмы, як «Яркая пляма», кроссэнс, выкарыстанне коміксаў. Для пазнавальнага этапу ўрока ўдзельнікам было прапанавана падабраць прыёмы з уласнай практыкі, якія развіваюць ў навучэнцаў пэўныя кампетэнцыі: інфармацыйныя, камунікацыйныя, даследчыя, сацыяльныя. У ход пайшлі інтэлект-карты, гексы, міні-праекты, даследчы эксперымент. На рэфлексіўна-ацэначным этапе ўвага канцэнтравалася на эфектыўнай зваротнай сувязі і арганізацыі сітуацыі самаацэнкі. У выніку быў візуальна створаны гатовы канструктар кампетэнтнаснага ўрока.

А дырэктар столінскай сярэдняй школы № 2 Ала ЛАЗІЦКАЯ на сваім майстар-класе прымусіла ўсіх задумацца над тым, як актыўная ацэнка спрыяе прафесійнаму развіццю педагога, дзе для яго шукаць патэнцыял і без якіх кампетэнцый немагчыма ўявіць сабе сучаснага педагога. «Эфектыўна навучаць можа толькі эфектыўны настаўнік!» — упэўнена Ала Лазіцкая.

Ала ЛАЗІЦКАЯ: «Эфектыўна навучаць можа толькі эфектыўны настаўнік».

«Вельмі важна ў кожнай установе адукацыі ствараць атмасферу добразычлівасці, узаемадапамогі і партнёрства, якая шмат у чым залежыць ад адміністрацыі, — падкрэслівае Мікалай Запрудскі. — А канкурэнцыя толькі перашкаджае агульнай справе. Арганізуйце і падтрымлівайце ўзаемнае навучанне, каб носьбітам тэхналогіі АА быў не адзін педагог. Старайцеся зрабіць актыўную ацэнку прыналежнасцю ўсёй школы».

Дзесяць гадоў таму прыхільнікі актыўнай ацэнкі былі белымі варонамі. Сёння ім прасцей, таму што іх стала шмат. Зразумела, што нельга па школе выдаць загад — усім настаўнікам асвоіць новую стратэгію навучання. Пад прымусам гэта не робіцца. А можа быць, варта прыслухацца да аднаго з удзельнікаў фестывалю, які трапна заўважыў: «Для таго каб павялічыць колькасць «белых варон», трэба проста разагнаць чорных...»

Надзея НІКАЛАЕВА, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.