Вы тут

З атласам замкаў — па Беларусі


У выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет «Дзіцячы атлас Беларусі. Замкі, крэпасці, бажніцы». З першага погляду кнігу можна вызначыць як добра ілюстраваную дзіцячую энцыклапедыю помнікаў беларускага дойлідства.


Але тэкст матэрыялу мяжуе з мастацкім пераказам, што розніць кнігу ад падобных выданняў, і ў гэтым, безумоўна, заслуга аўтара. Аўтар і ўкладальнік кнігі Яраш Малішэўскі — прафесійны гісторык. А яшчэ — гід, падарожнік, вандроўнік, які сам наведаў большасць гэтых мясцін, і апавядае пра тое, што бачыў на ўласныя вочы. А часам ведае і тое, пра што вы не даведаецеся ні з аднаго даведніка. Чаго толькі вартыя ягоныя архіўныя даследаванні дакументаў часоў Вялікага Княства Літоўскага. На старонках пажоўклых судовых кніг далёкіх часоў можна знайсці ўнікальную інфармацыю — пра помнікі таксама.

Беларускае дойлідства развівалася ў рэчышчы еўрапейскай архітэктуры. Замкі, крэпасці і бажніцы, якіх так багата на нашых землях, — гэта творы, якія сведчаць пра нашу краіну, яе гісторыю і культуру. Адзін помнік — праца знанага дойліда з далёкай заходнееўрапейскай краіны, іншы — шэдэўр беларускага архітэктара…

Гісторыі, знітаваныя з помнікамі беларускага дойлідства, Яраш можа апавядаць гадзінамі — захапляльна і змястоўна. І пра гісторыю саміх мясцін, і пра падзеі, што адбываліся падчас узвядзення ды існавання таго ці іншага помніка. Бо кожны помнік дэманструе свой час. А калі размова пра замак ці палац, то аўтар можа распавесці і пра ягоных уладароў, часцяком — знакамітых дзяржаўных дзеячаў.

У кнізе ў кароткай форме пададзены асноўныя звесткі пра раскошныя беларускія замкі, магутныя крэпасці-фартэцыі, вытанчаныя касцёлы, цэрквы, мячэці і сінагогі, як захаваныя, так і страчаныя, але адноўленыя ў малюнках. Багатае мастацкае аздабленне кнігі заслугоўвае асаблівай увагі. Матэрыял пададзены ўпарадкавана, па абласцях — для лягчэйшай арыентацыі, што вельмі зручна для аматараў вандровак. Кніга будзе цікавая не толькі юнаму чытачу — яна разлічаная на ўсіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і прагне даведацца болей пра перліны нашай архітэктуры, а пагатоў і наведаць іх. Аўтар ў прадмове адзначае: «Нашыя помнікі — адзін з тых падмуркаў, на якіх будуецца ўсведамленне сябе як чалавека, што ведае свае карані. І яны даюць моц — жыць і ствараць. У кожным з іх свая магія».

Алег ГРУШЭЦКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».