Вы тут

Мастацкі крытык Ларыса Цімошык пра фестываль «Арт-Мінск»


29 мая ў Мінску адкрыўся ўжо другі Міжнародны фестываль мастацтва «Арт-Мінск». 16 пляцовак і 240 мастакоў мусяць ператварыць горад у адну вялікую галерэю, дзе да 30 чэрвеня пройдзе цэлая сетка выставак і мерапрыемстваў. Пра беспрэцэдэнтную падзею піша мастацкі крытык і галоўны рэдактар газеты «ЛіМ» Ларыса Цімошык.


«Мастацтва скончылася» — канстатуе работа творчай групы 605. Можна было б падумаць, сур'ёзная заяўка, нават ахнуць ад такой смеласці: у айчынным выяўленчым мастацтве здзейснілася рэвалюцыя... Толькі гэтую думку цягам мінулага стагоддзя ў розных варыянтах абыгралі мастакі розных краін, ды і нашы выказваліся на гэты конт. Аднак не ўсё так адназначна, калі гаворка пра беларускае мастацтва...

У кантэксце яго развіцця заява атрымліваецца сапраўды правакацыйнай. Таму што галоўная выставачная пляцоўка фестывалю «Арт-Мінск» імкнецца засведчыць якраз іншае: мастацтва — прыгожага і вытанчанага — у нас шмат. І мастакоў шмат: сёлета арганізатары атрымалі амаль 800 заявак на ўдзел. Ён адбываецца на 16 пляцоўках, галоўная з якіх — Палац мастацтваў, дзе ў вялікай экспазіцыі сабраныя прыкладна 220 аўтараў. У чэрвені, калі Мінск чакае ўдзельнікаў і гасцей Другіх еўрапейскіх гульняў, гэта ўжо больш чым сталічны мастацкі форум. Таму яго адкрыццё сёлета натхняў сам лісяня Лесік — талісман гульняў. Ярка-аранжавы мяккі персанаж, што разгульваў сярод публікі, вельмі спалучаўся з колерам камізэлькі прыбіральшчыка-перформера, які падчас адкрыцця дэманстратыўна змятаў у шуфлік умоўна бяссільнае мастацтва, у той час як творы беларускіх мастакоў ужо віселі на сценах. Яны размясціліся на двух паверхах — іх жа шмат! Дык у чым пытанне задзір пад нумарам 605?

Падобная правакацыя, першапачаткова здзейсненая «там, у іх», у свой час звяртала ўвагу на тое, што традыцыйныя жывапіс і графіка павінны былі пасунуцца і вызваліць месца для твораў, якія прапаноўвалі абсалютна іншы тып вобразнасці — праз думку, дзе вельмі важны кантэкст. І гэта было мастацтва не прыгажосці, а іншай сутнасці. А «тут, у нас» змены, якія прывялі да нараджэння новых мастацкіх формаў, яшчэ не ўсвядомленыя настолькі глыбока, каб улічваць іх у практыцы. У нас — асаблівы шлях. Нашы творцы служаць гармоніі: у традыцыйным пейзажы ці фігуратыўным мастацтве, абстракцыях, мастацкіх аб'ектах. Але ёсць творы ў змяшаных тэхніках, з пошукам форм, на стыку жанраў. І ўсё ж перавага алейнага жывапісу адчувальная. Дзеля большай пераканаўчасці жывапісцы паказваюць маштаб — праз дыпціхі ды трыпціхі. Чаго варты толькі партрэт біткоіна, памножаны на тры (Андрэй Смаляк паказаў лічбавую рэчаіснасць у разнаколерных гамах, і калі вы думалі, што гэта шэра і сумна, то памыліліся — гламурна-прыгожа). Але і наш навакольны свет — прыгожы. І чалавек у ім. Нават калі ён, як у Марты Шматавай, — у стане свабоднага падзення.

Мастакі ўмеюць маляваць — і паказваюць гэта з раскрытай душой, з гонарам. А што ж рабіць, калі ўмеюць? У гэтым — наша традыцыя, і яе можна пабачыць праз работы больш сталых творцаў, ці тых, каго ўжо няма, як Арлен Кашкурэвіч, ці ў работах тых, хто малады, але ўжо вядомы, як Алеся Скорабагатая, якую ўпадабаў наш глядач: такія рэалістычна-прыгожыя твары на яе работах, нібыта зайшлі на палатно вось толькі што...

Але замежнікі ў сваіх краінах маглі бачыць шмат чаго зусім не такога. Тут, канешне, мы існуём на кантрасце. Інсталяцый, канцэптуальных, актуальных і ультрасучасных формаў — адзінкі. Праўда, у параўнанні з мінулым годам усё ж прарыў: яно ёсць. Куратар карпарацыйнай калекцыі «Белгазпрамбанка» Аляксандр Зіменка не хаваў задавальнення: дынаміка арт-фестывалю навідавоку.

Трэба аддаць належнае адмыслова запрошанаму куратару Іллю Шыпілоўскіх, дырэктару расійскай арт-галерэі «Ельцын-Цэнтр». Перад ім была няпростая задача скласці экспазіцыю, праз якую чыталася б пытанне: што ёсць мастацтва? Што яно дае чалавеку (нездарма акцэнт зроблены на яго вобраз — прыгожы, складаны, у складаных умовах)? Пры тым што сёлета ёсць на выстаўцы работы мастакоў іншых краін (сёлета ўдзельнікамі сталі эстонская галерэя Thе SЕD АRTЕ Gаllеrу і латвійская Musеum ЕРАС / Musеum оf Ехhіbіtіоns оf Рrіvаtе Аrt Соllесtіоns), але сваё пытанне куратар адрасуе Беларусі. Вялікі агляд сучаснай творчасці не можа быць проста канстатацыяй (праз экспазіцыю праглядае лінія лёсу айчыннага мастацтва — ад традыцый, якія ўкараніліся настолькі глыбока, а пышная крона гэтага вобразнага дрэва сапраўды дае палёгку ад гарачыні працоўных будняў), што недзе ўнізе іншыя парасткі марна змагаюцца за жыццё. Яны не факт, што прыжывуцца. А можа здарыцца і так, што перакрыюць вялікае дрэва, даўшы яркія плады, патрэбныя менавіта сёння. Мастацтва павінна прыцягваць да сябе ўвагу, адзначыў куратар.

Тыя, хто ўвайшоў у гісторыю, прыцягвалі ў свой час, які фіксавалі, а іх творы чапляюць і дагэтуль. Геніі, кажам пра іх. Наш зямляк і сучаснік Аляксандр Адамаў прапанаваў свой «Партрэт генія...» з думкай: у творчасці ўсё адносна. Адносна чалавека.

Загаловак у газеце: Бясконца прыгожа

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.