Вы тут

Што добрага мы пабачылі на Кракаўскім кінафестывалі


Тут факусуюцца на дакументальным і кароткаметражным кіно, глядзяць фільмы пад адкрытым небам каля Вавельскага замка і ўручаюць «Цмока цмокаў» за ўклад у развіццё сусветнага кінематографа — у нядзелю 2 чэрвеня завяршыўся Кракаўскі кінафестываль, да якога прычыніліся і мы, на якім беларускі рэжысёр узяў адну з узнагарод і які апынуўся ў цэнтры кінематаграфічнага скандалу.


Кі­но пад Ва­ве­лем.

Што гэта такое

Восем фестывальных дзён, каля двухсот пяцідзесяці фільмаў з усяго свету, чатыры конкурсы, адзінаццаць пазаконкурсных праграм ды індустрыяльная платформа. «Калыска польскай дзяржавы» і культурная сталіца Польшчы на дні фестывалю, як тут кажуць, становіцца і цэнтрам польскай кінематаграфіі, якім у звычайны час з'яўляецца ўсё ж Варшава.

Кракаўскі кінафестываль прайшоў ужо 59-ы раз. Для параўнання: дакументальныя Каны ІDFА ў Амстэрдаме ў лістападзе адбудуцца 32-і раз, у найстарэйшага кінафестывалю кароткаметражнага кіно ў Оберхаўзэне ў пачатку мая было 65-е выданне, а Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю «Лістапад» 25 гадоў.

Не паспрачаешся, арганізатары рыхтуюць для кінааматараў бездань прапаноў (і гледачы гэта цэняць): дакументалістыку, ігравое кароткаметражнае кіно і анімацыю, карціны для дзяцей і моладзі, альтэрнатыўныя відэакліпы, навуковы док, студэнцкія фільмы, рэтраспектыву, нарэшце, секцыю музыкальнага кіно на вялізным экране каля падножжа Вавельскага замка.

Штогадовая ўзнагарода «Цмок цмокаў», якая ўручаецца на Кракаўскім кінафестывалі за ўклад у развіццё дакументальнага і анімацыйнага кіно (летась яе атрымаў Сяргей Лазніца), гэтым разам дасталася канадскай і амерыканскай аніматарцы Кэралайн Ліф (знайдзіце, напрыклад, яе кароткі фільм «Сава жэніцца з гускай: эскімоская легенда»).

Дарэчы, некаторыя склады журы маюць дадатковую адказнасць: пераможца Міжнароднага дакументальнага конкурсу (узнагарода называецца «Залаты рог») становіцца прэтэндэнтам на намінацыю на «Оскар», найлепшы Еўрапейскі кароткі метр можа падацца на адпаведную намінацыю Еurореаn Fіlm Аwаrds, а для ўсіх пераможцаў кароткаметражнага конкурсу скарачаецца шлях падачы заяўкі на зноў жа «Оскар».

Summа.

Сярод удзельнікаў сёлета аказаліся і беларускія аўтары: у Нацыянальны конкурс былі ўключаны карціна «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа (тут адбылася яе прэм'ера) і ўжо вядомая нам Summа Андрэя Куцілы. Апошняя, раней узнагароджаная як «найлепшы дакументальны фільм сярэдняй працягласці» на ІDFА, была адзначана і Кракавам: Андрэй Куціла атрымаў «Срэбнага Лайконіка» як рэжысёр найлепшай дакументальнай работы конкурсу.

Між тым 59-ы сезон не прайшоў без скандалу, але такога, здаецца, нязначнага: рэжысёр Конрад Шалайскі абвінаваціў кінафестываль у «прэвентыўнай самацэнзуры», бо той не ўключыў у праграму яго фільм «Добрая змена» пра «сучасную Польшчу, падзеленую палітычнай сцяной». Карціна не падышла найперш па фармальных крытэрыях, хоць і свой погляд на мастацкія якасці праграмеры не абавязаны тлумачыць, але скарга Шалайскага была агучана і петыцыя тых, хто падтрымлівае рэжысёра, створана. У абарону аўтаноміі фестывалю ў выніку выступіла Гільдыя польскіх рэжысёраў дакументальнага кіно, сябры якой (у тым ліку аўтарытэтныя дакументалісты) у сваёй заяве адзначылі, што з 1989 года на Кракаўскім кінафестывалі не сустракаліся з выпадкамі палітычнай цэнзуры альбо падзелу фільмаў на «слушныя» і «няслушныя». Здаецца, гнеўны выпад толькі падтакнуў станоўчай рэпутацыі форуму.

У цэнтры ўвагі

Міжнародны дакументальны конкурс збірае «найбольш хвалюючыя і шакавальныя гісторыі, што датычацца актуальных сацыяльных і палітычных праблем па ўсім свеце». Толькі ў шаснаццаці карцінах — мігранты, экалогія, захворванне на рак, сённяшняе амерыканцаў — ветэранаў войнаў, канфлікт паміж ізраільцянамі і палесцінцамі, тэрарызм, рэчаіснасць Афганістана, зніклыя пасяленні абарыгенаў у Аўстраліі і на поўначы Аргенціны, што паказана разнастайнымі спосабамі, з іроніяй ці сентыментальнасцю, праз асоб, асабістыя драмы і драмы сям'і.

Нечакана — здаецца, для рэжысёра таксама — павярнулася гісторыя Давуда з Ірана, які захварэў на рак лёгкіх. Напачатку, калі бачыш, як галоўнага героя голяць альбо кансультуе ўрач, думаеш, што глядзіш чарговы банальны сюжэт пра перажыванне асабістай катастрофы (гучыць, канешне, па-кашчунску, вядома ж, кожная чалавечая драма вартая фільма і не аднаго). «Дом для цябе» Махдзі Бакшы Магадама сапраўды ўтрымлівае ўсе натуральныя атрыбуты такога наратыву — несуцяшальны дыягназ, шпіталь, малітвы і так далей. Толькі не пра перажыванні пратаганіста гэта карціна знята: дакументальны фільм набывае вельмі далікатны рамантычны падтэкст, калі Давуд залазіць у пазыкі і адчайна намагаецца завяршыць будаўніцтва дома да сваёй смерці — дома, у якім змагла б жыць яго жонка. Так і атрымліваецца: галоўны герой памірае, а яго каханая застаецца адна — у пабудаваным адмыслова для яе доме, і фільм ужо не пра асабістую драму, а пра тое, чаму чалавек прысвячае свае апошнія адмераныя дні.

«Горад сабак».

Бяздомныя сабакі індыйскай Калькуты забрахалі і завылі ў фільме «Горад сабак» Джэсі Алк. Крыху бязладная работа паказала поўныя жывёл вуліцы горада і людзей, якія займаюцца іх выратаваннем. Індыя — вядома ж, бясцэнная фактура, можна быццам нічога больш і не рабіць, але аўтар пайшоў далей: ні колеры Калькуты, ні нават сабакі не аказаліся больш цікавымі, чым душы людзей, якія прысвячаюць сябе высокай місіі, а між тым выяўляюць «невысокія» элементы жыцця і мыслення.

«Памяць ёсць наша айчына».

Сюрпрызам сталі беларускія сляды ў канадскай карціне «Памяць ёсць наша айчына» Джонатана Каладзея Дзюранда — традыцыйным, глыбокім і небесстароннім, даследаванні з інтэрв'ю, архівамі і закадравым голасам. Рэжысёр расказвае гісторыю сваёй бабулі, што разам з сям'ёй, як і тысячы іншых палякаў, падчас Другой сусветнай вайны была дэпартавана з роднага паселішча на тэрыторыі Беларусі ў Сібір — факт, недастаткова ўшанаваны нават польскай гістарыяграфіяй. Пасля сям'я знайшла сабе месца ва Усходняй Афрыцы і ў рэшце рэшт разышлася па свеце. Джонатан некалькі разоў прыязджаў у Беларусь у пошуках знакаў сваіх продкаў і знайшоў цагліну, назву мясцін ад прозвішча той сям'і ды ўспаміны мясцовых вяскоўцаў. Ён таксама быў у Афрыцы і выявіў, што людзі дагэтуль памятаюць польскія пасяленні і могуць расказаць, як напачатку баяліся новых суседзяў. Ён паразмаўляў з іншымі жанчынамі, што праз тую дэпартацыю былі вымушаны шукаць свой дом па ўсім свеце і ў рэшце рэшт задаў сваім бабулям (роднай і яе сястры) заканамернае пытанне: ці адчуваюць яны сябе пасля гэтых блуканняў полькамі. А яны адчуваюць, на польскай мове. Страсянула ад каментарыя рэжысёра ў бок прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне надпісу недзе ў Беларусі. Другая сусветная, кажа, для беларусаў пачынаецца ў 1941-м, забыліся, што адбывалася два гады перад (а мы шмат пра што забыліся, хлопча, толькі не пра гэта).

«Сястра Мусаліні».

Рэжысёр вельмі сімпатычнай ізраільскай карціны «Сястра Мусаліні» Юна Сулейман таксама расказвае пра сваю бабулю (Міжнародны конкурс уключыў адразу тры ізраільскія фільмы). Гэта любоўны аповед пра жанчыну-ўдаву, якая жыве адна, час ад часу прымае аднаго са сваіх сыноў, ганяе хатнюю работніцу, лаецца з рознымі службамі ды ганьбіць жыццё, маўляў, дрэнь гэта ўсё. Сціплы жыццяпіс — галоўная гераіня глядзіць тэлебачанне, гатуе вячэру, робіць прычоску ў свайго цырульніка, значна ўзбагачаецца яе маналогамі, размовамі па тэлефоне ды незадаволенымі каментарыямі. Батл пультамі ў бальнічнай палаце і кансультацыя з астролагам у фінале — сакрэт «Сястры Мусаліні» найперш у гераіні, але і ў шчырым, іранічным і нават камічным рэчышчы, у якім зроблены крыху незвычайны партрэт з рэтраспектыўнай перабіўкай у сярэдзіне.

«Кабул, горад на ветры».

Дзве паралельныя лініі з асобнымі героямі вядуцца ўжо ў «сур'ёзным» і даволі ўражальным фільме «Кабул, горад на ветры» Абузара Аміні. Шэры Афганістан становіцца наваколлем для двух не па гадах дарослых хлопчыкаў і кіроўцы аўтобуса Абаса. Апошні набывае аўтобус, каб падрамантаваць яго і зарабляць перавозкай пасажыраў. Рамонт расцягваецца надоўга і не заканчваецца нічым добрым: чарговая няўдача толькі нагадвае пра неспакой і турботы жыцця без аніводнай хвіліны, калі не трэба было б выкручвацца з цяжкасцяў. На другой лініі хлопчыкі вымушаны быць дарослымі, калі надоўга з'язджае іх бацька: адкрыццё Абаса прымушае спраектаваць яго жыццёвую формулу на будучыню дзяцей, якім, здаецца, таксама наканавана выжываць, але не жыць. І толькі ў канцы пыльны горад, поўны расчараванняў, знакаў смерці і няпэўнасці, загараецца фальшыва-прыгожымі агнямі.

Неаднамернасць

Кадр з філь­ма «Чац­вёр­тае ка­ра­леў­ства».

У пэўны момант Кракаўскага кінафестывалю прыйшоў час рабіць выбар — наша журы Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (FІРRЕSСІ) мела адзначыць узнагародай адзін фільм. «Чацвёртае каралеўства» Алекса Лоры Сэркосы і Адана Аліягі, здаецца, было па-за канкурэнцыяй — самае неаднамернае кінапалатно, заснаванае між тым на «прымітыўным» матэрыяле. Карціна паказвае арганізацыю, альбо суполку ці прытулак, у Нью-Ёрку, якая займаецца сартаваннем смецця і дае гэту работу сацыяльным ізгоям. Безліч пустых бутэлек запаўняюць ледзь не цэлы экран, а над імі сінее і яснее неба як сімвал найпрыгажэйшых мар герояў карціны. Экалогія, алкагалізм, сацыяльная няўладжанасць пераліваюцца метафарамі, філасофіяй і вельмі пранікнёнымі эпізодамі адзіноты, калі за сцяной горы смецця, а ў думках лепшае жыццё. Перад аб'ектывам аказаліся дзіўныя персанажы — гэта кардынальна іншы, незнаёмы, «далёкі» ад нас свет, пры гэтым моцна эмацыянальна зараджаны і складана вывернуты. Дакументальныя здымкі ператварыліся ў шматузроўневае канцэптуальнае выказванне, поўнае як пацешных, так і меланхалічных эпізодаў, дзе жаданні асобнага чалавека перакрываюцца вобразам сучаснага свету, дзе смецце здольнае хутка закрыць неба для кожнай з мар.

«Адвакатка».

На «Оскар» па выніках фестывалю будзе прасоўвацца ізраільскі фільм «Адвакатка» Рэйчал Лі Джонс і Філіпа Белайша, які атрымаў ад журы галоўную ўзнагароду. Карціна прысвечана адвакату Леі Цэмел, якая бярэцца за самыя складаныя судовыя справы і абараняе тэрарыстаў. Неадназначная ў ізраільскім соцыуме персона, што атрымала мянушку «адвакат д'ябла», у фільме бярэцца за чарговую абарону, гэтым разам хлопчыка, прыцягнутага да тэрарыстычнага акта. Працэс яна прайграе, як, па яе прызнанні, усе такога роду працэсы, што выкрывае яе нязгасную настойлівасць і разуменне кожнай сваёй справы як усё ж такі неадназначнай. Карціна далікатна намякае, што падсудны здзейсніў тэракт у стане пэўнай несвядомасці, але размывае чорны і белы колеры светапогляду галоўным чынам праз стаўленне соцыуму да гераіні. Леа Цэмел як аб'ект усеагульнай нянавісці назірае ва ўсведамленні людзей змены, а фільм суправаджае ў надзвычай дыскусійную тэму, і не толькі для Ізраіля.

Дакументальная праграма — вядома ж, і з сучаснасцю ў парадку дня — лішні раз паказвае важнасць мінулага, якое ўплывае на сённяшні дзень, свядомасць чалавека і развіццё грамадства. Адкрыцці паказаных са спіны ветэранаў войн у Афганістане і Іраку («Стрэс» Фларыяна Барона), правінцыйная культура і справаздачы па савецкіх лякалах у буднях «Хору цеплатэхнікаў» Надзі Парфан з Украіны, аповед пра наглядчыкаў варшаўскага заапарка, якія ў часы вайны выратоўвалі яўрэяў («Пра звяроў і людзей» Лукаша Чайкі — дакументальны аналаг карціны «Жонка наглядчыка заапарка»), у шэрагу іншых фільмаў і культуры ў цэлым становяцца той самай неабходнай для прапрацоўкі наваколля рэфлексіяй. Дакументальнае кіно капае ўсё глыбей і размаіцей, і нават гэтага недастаткова.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Сястра Мусаліні, пыл Кабула і адвакат д'ябла

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.