Вы тут

У Калдычэўскім лагеры смерці загінула падчас вайны каля 22 тысяч чалавек


«Я не маю сіл апісаць усе тыя жахі, здзекі, катаванні, якія мне давялося перанесці ў засценках СД. Як я выжыў, як перанёс усё — не магу растлумачыць», — згадваў беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн. 25 лістапада 1943 года ён быў арыштаваны па даносе правакатара за сувязь з партызанамі і падпольшчыкамі і праз некаторы час адпраўлены ў лагер смерці Калдычэва. Лагер дзейнічаў з сакавіка 1942 па чэрвень 1944 года, за гэты час тут загінула 22 тысячы чалавек.


Чароды падвод з трунамі кожны дзень адвозілі ахвяр на могілкі

Калдычэўскі лагер смерці, які знаходзіўся за 18 кіламетраў ад Баранавіч, ахоўвала каля сотні байцоў Беларускага паліцэйскага батальёна аховы. На кіруючыя пасады былі прызначаны адны з самых жорсткіх выпускнікоў нямецкай афіцэрскай школы (здраднікаў навучалі ў Мінску).

— Большасць карнікаў лагера былі мясцовыя. Чаму ўзнікла такая сітуацыя? Баранавічы — тэрыторыя Заходняй Беларусі, тут перажылі некалькі змен уладаў. 1939 год — толькі адбылося аб'яднанне Беларусі, а ў хуткім часе — нямецкая акупацыя, — расказвае навуковы супрацоўнік Баранавіцкага краязнаўчага музея Алена БЫЧКО. — Тут былі нязгодныя з палітыкай савецкай улады, менавіта з такіх на гэтай тэрыторыі складваліся калабарацыянісцкія арганізацыі: дзейнічаў «Саюз беларускай моладзі» (многія з выхадцаў гэтай арганізацыі сталі катамі ў Калдычэўскім канцлагеры), «Беларуская цэнтральная рада», «Беларускі саюз узаемапомачы». Гэта не было масава. Большасць людзей разумелі, што сапраўды нясе ў сабе акупацыя. На тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ўтварыўся моцны партызанскі рух — да 1944 года колькасць партызан дасягнула 22 тысяч.

Алена Сцяпанаўна расказвае пра экспазіцыю, прысвечаную Калдычэўскаму лагеру, прыносіць з фондаў музея некалькі тоўстых папак з дакументамі, фатаграфіямі, успамінамі сведкаў...

Палітыка вынішчэння

Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў правяла расследаванне фактаў злачынстваў, здзейсненых захопнікамі ў перыяд акупацыі тэрыторыі Баранавіч і іх ваколіц. Пры дапамозе матэрыялаў следства, агляду месцаў вынішчэння і пахавання, медыцынскіх даследаванняў трупаў і іх астанкаў, а таксама шматлікіх паказанняў сведкаў Камісія ўстанавіла, што, акупаваўшы 27 чэрвеня 1941 года Баранавічы, гітлераўскае кіраўніцтва і яго ўстановы — гестапа, СД, воінскія камендатуры — з першага дня не спынялі ў горадзе і яго ваколіцах рабаванні, здзекі, катаванні, угоны на катаржную працу ў Германію, павешанні, расстрэлы, масавае знішчэнне ні ў чым не вінаватых грамадзян, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей. Усяго ў Баранавічах і іх ваколіцах нямецка-фашысцкія захопнікі за перыяд акупацыі знішчылі 128110 чалавек.

Фрагмент Калдычэўскага лагера смерці

Акрамя лагера ў былым маёнтку Калдычэва і турмы ў Баранавічах, тут былі створаны гета, лагер для ваеннапалонных (88 тысяч забітых), дзейнічала сетка паліцэйскіх і гестапаўскіх засценкаў са сваімі камерамі катаванняў, дзе таксама адбываліся сістэматычныя забойствы, расстрэлы і павешанні. Вешаць акупанты стараліся ў кірмашныя і нядзельныя дні.

«У пачатку 1942 года Баранавіцкая турма была перапоўнена зняволенымі. Каты не паспявалі расчышчаць месцы для новых вязняў, якіх прыводзілі кожны дзень. Таму турму вырашылі вызваліць іншым шляхам: перакінуць зняволеных у Калдычэўскі лагер смерці, — згадваў жыхар Баранавіч Рыгор Алфераў, які трапіў у лагер у ліку першых вязняў. — Мы прыбылі першымі. Нас усіх па чарзе па-зверску збілі, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей. Такі быў закон катаў: збіваць кожнага, хто трапіў у іх рукі. Потым кінулі ў брудныя стайні.

Сярод нас быў хлопчык. Ён хацеў уцячы з-за калючага дроту, але яго злавілі, выкапалі яму, прымусілі ўлезці ў яе, стаць на калені, і Сянкевіч раздрабіў яму галаву. А немец Ёрн (акрамя 99 беларусаў, у ахове лагера было чацвёра немцаў. Унтэр-афіцэр Ёрн быў шэфам-камендантам лагера. — Рэд.) выступіў з прамовай, у якой сказаў: «Так будзе з кожным, хто паспрабуе ўцячы з лагера». Гэта было ў першы дзень. А што тварылася потым, перадаць цяжка».

Вязні насілі такія нашыўкі

Іншыя сведкі таксама паказалі, што «знаёмства» з лагерам заўсёды пачыналася з моцных збіванняў — вязняў праганялі праз строй паліцаяў, якія білі людзей палкамі з жалезнымі наканечнікамі, дубінкамі, нагамі. Калі прывозілі новыя партыі вязняў, карнікі, каб «пазнаёміць» з парадкамі ў лагеры, адразу ж расстрэльвалі некалькі чалавек...

Катаваннямі і здзекамі карнікі займаліся без указанняў, па ўласнай ініцыятыве. Ахвяр маглі прымусіць легчы тварам уверх (і хадзіць па іх целах), качацца ў лужынах, каб прыбраць бруд пасля дажджу, лавіць пацукоў і здымаць з іх шкуркі (з якіх пасля рабіліся вырабы для каменданта Ёрна і выплаўляўся тлушч, што выкарыстоўваўся для вырабу мыла). П'яныя паліцаі любілі забаўляцца — патрабавалі, каб вязні скакалі да знямогі «жабку» ці цешылі іх гульнёй у «кавалерыю» (калі адны зняволеныя — «коні», — садзяць сабе на плечы другіх — «кавалерыстаў»).

Пад будынкам упраўлення лагера была абсталявана камера катаванняў — зняволеным праколвалі іголкамі языкі, падвешвалі, расцягвалі мышцы і цкавалі на іх спецыяльна выдрэсіраваных сабак.

Вязняў ганялі на катаржныя работы — у шавецкі, сталярны, кравецкі, гарбарны, мылаварны цэхі. Для тых, хто працаваў на здабычы торфу, устанаўліваліся непасільныя нормы (мужчына павінен быў вынесці за дзень 1550 пліт торфу, жанчына — 1150), за невыкананне якіх збівалі. Пры гэтым людзі галадалі. Іх кармілі баландай — вадой, прыпраўленай тухлай мукой, часам палыном, крапівой і бацвіннем.

«Палюбуйцеся — беларускі паэт!»

Сяргей Новік-Пяюн узгадваў свой першы допыт у Калдычэва, як немец здзекліва прадставіў яго камеданту аховы лагера Мікалаю Калько: «Палюбуйцеся, спадар лейтэнант, вось беларускі паэт». І адразу ж пачалося збіццё. Як згадваў паэт, у «прыёмным пакоі» на сцяне, як каўбаса ў мясным магазіне, віселі гумавыя дубінкі рознай велічыні.

Сюды на знішчэнне везлі мірных грамадзян. За тое, што родныя ваююць у Чырвонай Арміі ці ў партызанах. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі. За знаходжанне на вуліцы пасля васьмі гадзін вечара. Па даносе. Ды і без усялякіх прычын. У 43-м годзе было дастаўлена многа інтэлігенцыі — педагогаў, інжынераў, служачых, святароў. Вязні насілі нашыўкі, якія сведчылі пра ступень іх небяспекі для акупацыйнай улады. У першую чаргу падлягалі расстрэлу ахвяры, у якіх былі нашыты тры палоскі з кругам паверх іх.

«Калі ўспамінаю аб Калдычэве і аб тых цудоўных людзях, якія там пакутвалі і загінулі, жах ахоплівае мяне, — пісаў Новік-Пяюн. У Баранавіцкім краязнаўчым музеі захоўваюцца выразкі з газет з яго артыкуламі, якія аўтар сам даслаў у музей. — Некаторыя вязні паміралі з голаду, ад катаванняў, хвароб, іншых праз некаторы час расстрэльвалі групамі па 12, 20, 200 чалавек. Крэматорную печ узарвалі, бо «прапускная здольнасць» яе была малая і не задавальняла патрабаванні вылюдкаў...

Вяроўкі і дрот з Калдычэўскіх ірвоў-магіл — імі звязвалі рукі вязняў перад расстрэлам

Разарвалі дзіця — дзяўчынку напалам на вачах ашалелай ад жаху маці. Дубінкай па галоўцы ўдарыў Калько дзяўчынку-малютку, якая плакала на руках у маці, і гэткім чынам прымусіў дзіцятка змоўкнуць навекі. Адно маленькае дзіцятка эсдоўцы схапілі за ножкі і галоўку пабілі аб ствол бярозы. Доктара Лукашэню з горада Баранавічы і ягоную жонку, таксама ўрача, расстралялі»...

Згадаў паэт і пра 72-гадовую бабулю, якую кат паклікаў паглядзець, што «за сабака валяецца ў кустах», і старая знайшла там свайго разарванага на кавалкі сына. А на наступны дзень бабуля ўбачыла, як на насілках неслі труп яе мужа. Пісаў пісьменнік і аб прыгажуні, якую празвалі «цыганачкай» — спачатку ў яе закатавалі мужа, а пасля, калі вялі жанчыну на расправу, хацелі адабраць немаўля. Маці бараніла дзіця, і ў малой адарвалі ручку. «Ніколі не забуду, як бралі аднойчы жанчын, — пісаў Новік-Пяюн. — Іх было дваццаць. А з імі дзевятнаццаць дзяцей. Самаму старэйшаму хлопчыку было шэсць гадоў, самай малодшай дзяўчынцы — тры дні: гэта дзяўчынка нарадзілася ў лагеры... Калько і Прончак вырывалі з рук маці дзяцей і перадавалі ў рукі жанчын, якія дзяцей не мелі, каб тыя неслі іх. Яны, гэтыя вылюдкі, вырывалі з рук маці кансервавыя бляшанкі і лыжкі, з якіх яны кармілі дзяцей бурдой.

Прончак Юзаф, пасміхаючыся, казаў: «Яны вам больш не патрэбныя! На новай каменнай кватэры вам дадуць сярэбраны посуд». Дзяцей пасля кідалі ў машыну, як палены, і зверху трамбавалі нагамі жывы груз. Машыны паехалі ў бок лесу. Потым доўга над лесам стаяў чорны дым. Людзі казалі: трупы аблілі бензінам і падпалілі...

Яма смерці

Ахвяры туліліся ў бараках на трох-чатырох-павярховых нарах. Новыя зняволеныя ўсё прыбывалі, і, каб вызваліць месца, людзей масава вывозілі на расстрэлы. Жанчын пры гэтым прымушалі распранацца дагала. 6 чэрвеня 1944 года партызанская газета «Чырвоная звязда» пісала пра знішчэнне ахвяр Калдычэва: «Кожныя два тыдні нямецкія забойцы ўчыняюць масавыя кары і расстрэлы. Рвы ў бярэзніку недалёка ад лагера напоўненыя трупамі нявінных людзей — нямыя сведкі нечуваных зладзеянняў немцаў. Нявінныя старыя, жанчыны і дзеці знішчаюцца па самых удасканаленых спосабах нямецкага людаедства. Раней каты заганялі ў рвы партыямі безабаронных людзей і затым расстрэльвалі з кулямётаў. Па некалькі гадзін дыхала зямля, якая прыкрывала паўжывых людзей. Некаторым раненым удалося выратавацца ад смерці. Тады двуногія звяры пачалі па-другому распраўляцца са сваімі ахвярамі. Асуджаных на смерць яны спачатку збіваюць да непрытомнасці, а затым расстрэльваюць».

Пасля вызвалення гэтых зямель Чырвонай арміяй былі праведзены раскопкі на месцах масавага знішчэння. Недалёка ад лагера знойдзены суцэльныя месцы пахавання, у тым ліку ямы-магілы масавага пахавання.

Краты з турмы ў Калдычэве захоўваюцца ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі

У самім канцлагеры Калдычэва знойдзена яма-магіла ў форме літары Т памерам 35 на 5 метраў. Пры поўным ускрыцці ямы на глыбінях ад 0,5 да 3 метраў знойдзены трупы мужчын, жанчын і дзяцей, зваленыя ў беспарадку, але ўніз тварам з адведзенымі назад і звязанымі дротам рукамі.

Медыцынскім даследаваннем і эксгумацыяй 560 дарослых і 14 дзіцячых трупаў устаноўлена, што прычынай смерці дарослых былі кулявыя раненні галавы, а дзеці памерлі ад удушша, бо былі кінуты ў яму жывымі. Гэта апошнія ахвяры лагера, ад іх спехам пазбаўляліся ў канцы чэрвеня 1944. Сведкі згадвалі, як каты, усе акрываўленыя, бегалі з закасанымі рукавамі, і падводзілі да ямы, у якой ляжала многа трупаў, жанчын, старых, дзяцей — усё новых і новых ахвяр. З ямы даносіліся хрыпы, стогны, яма бурліла крывёй... Расстрэльвалі ў патыліцу, штурхаючы ў яму.

Расплата

У сакавіку 1962 года ў Баранавічах Ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі правёў судовы працэс над чатырма карнікамі канцэнтрацыйнага лагера смерці, створанага ў вёсцы Калдычэва. На лаве падсудных знаходзіліся каты, якіх абвінавачвалі ў самых жудасных, агідных злачынствах: Мікалай Калько (камендант аховы лагера), Леанід Сянкевіч (яго намеснік), ахоўнікі Міхаіл Кухта і Андрэй Каралевіч. Пералічваліся жахлівыя факты: катаванні, здзекі, забойствы...

Суд над здраднікамі

Так, былыя вязні лагера смерці расказвалі, як збівалі мужчыну, якога падазравалі ў сувязі з партызанамі, а пасля доўгіх катаванняў прыкалолі да падлогі фінскім нажом яго ступню. Сведкі памяталі замучаную маладую настаўніцу, якой на працягу трох гадзін асабіста Калько драбіў косці рук, рваў на галаве валасы, выпальваў гарачым жалезам мяса на плячах. Згадалі і пра 17-гадовага юнака, які спрабаваў вырвацца з лагера на волю, — Калько загадаў прывязаць няшчаснага да варот, прымусіў брахаць па-сабачы і не спыняючыся крычаць: «Я ўцякаў, мяне злавілі!», а калі юнак сціхаў, яго білі і прымушалі працягваць. Пасля хлопца павесілі, а ўсіх вязняў вывелі глядзець на пакаранне. Тых, хто адводзіў вочы, збівалі. Маладога доктара Лукашэню і 92-гадовага святара Валасовіча, якія не маглі глядзець на пакаранне, Калько прымусіў цалаваць ногі павешанаму. Наогул паказальныя расправы былі адной з устрашальных працэдур лагера. Вязняў прымушалі бегаць кругамі вакол забітых, заносіць трупы на некалькі дзён у свае баракі. Былы вязень Яфім Касцюк у судзе Ваеннага трыбунала згадваў, як камендант аховы сустракаў новых вязняў: «Без усялякіх прычын ён ударыў жонку па галаве і праламіў ёй чэрап. Яна ледзь выжыла, на ўсё жыццё засталася інвалідам». Яшчэ адзін сведка на судзе дэманстраваў старыя шрамы і расказваў, як падчас допытаў Калько зашчаміў адну яго руку дзвярыма, а з другога боку на яго нацкавалі двух аўчарак. Кісць рукі аказалася раздробленай, а цела пакрылася глыбокімі крывавымі ранамі...

Ліст ад сведкі

Тады, у 1962 годзе, больш за паўсотні людзей выступілі сведкамі. На працягу шасці дзён тысячы людзей сачылі за працэсам, патрабавалі смяротнага пакарання... і іншага прысуду катам быць не магло.

Аблічбаваныя запісы з гэтага судовага працэсу захоўваюцца ў Баранавіцкім музеі.

Перад адступленнем карнікі спрабавалі замесці сляды — маскіравалі вялізныя магілы і рвы, раўнавалі з зямлёй, засявалі травамі, садзілі дрэвы і кусты. Але такое немагчыма схаваць. На месцы лагера смерці ў Калдычэве створаны мемарыяльны комплекс. Штогод сюды прыязджаюць людзі, нясуць кветкі...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Горкая памяць паэта

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.