Вы тут

У Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэсціраванне


Першае ЦТ абітурыенты будуць здаваць па беларускай мове.

Больш за 250 вопытных работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю будуць задзейнічаны на ўсіх этапах прыёмнай кампаніі: ад правядзення ЦТ, унутрыўніверсітэцкіх іспытаў да падачы дакументаў і залічэння. Напярэдадні старту цэнтралізаванага тэсціравання ў сценах КДК адбылося пасяджэнне Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Яе асноўнай задачай з'яўляецца стварэнне для ўсіх абітурыентаў роўных магчымасцяў пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.


Усяго сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістраваліся 76 888 чалавек (на 7 % менш, чым летась). Гэта самы нізкі паказчык за апошнія шэсць гадоў. Калі параўноўваць з лічбамі 2014 года, то гаворка ідзе пра зніжэнне на 30 %. Амаль кожны другі абітурыент (47,3 %) будзе здаваць чатыры тэсты. Магчыма, хтосьці вырашыў скарыстацца леташнімі сертыфікатамі, але наўрад ці яны пасля ўвядзення новай сістэмы падліку балаў на ЦТ будуць канкурэнтаздольныя.

— Для правядзення ўступнай кампаніі ўсё падрыхтавана, яна павінна прайсці ў камфортных умовах, празрыста і справядліва, — падкрэсліў старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА. — Для здачы цэнтралізаванага тэсціравання на базе ўстаноў адукацыі адкрыты 40 пунктаў. Хачу звярнуць увагу, што з улікам тэмпературнага рэжыму неабходна паўсюдна забяспечыць доступ абітурыентаў да пітной вады, таксама ва ўсіх пунктах ЦТ павінен дзяжурыць медыцынскі работнік. І ніякага шуму, каб нішто не адцягвала ўвагу абітурыентаў. Прашу таксама добра прадумаць лагістыку перамяшчэнняў, каб на прапускных пунктах не ўтвараліся чэргі.

Ігар Петрышэнка звярнуў увагу на тую акалічнасць, што кожны год паўтараюцца спробы абітурыентаў скарыстацца падчас уступных іспытаў мабільным тэлефонам або іншымі тэхнічнымі прыладамі. «Праз камісіі на месцах, з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі неабходна яшчэ раз давесці, што любыя падобныя дзеянні будуць спыняцца і абітурыент будзе адхілены ад удзелу ў тэсціраванні. Пра гэта абавязкова трэба нагадваць і папярэджваць падчас пропуску ў экзаменацыйныя аўдыторыі», — дадаў ён.

Старшыня дзяржкамісіі звярнуў увагу на неабходнасць адсочваць з'яўленне непраўдзівай інфармацыі аб даступнасці і продажы адказаў на тэставыя заданні. З такімі інсінуацыямі павінны неадкладна разбірацца як члены дзяржкамісіі, так і праваахоўныя органы.

Асаблівая ўвага будзе нададзена зваротам абітурыентаў і іх бацькоў, каб захаваць прынцып справядлівасці для кожнага, адзначыў віцэ-прэм'ер. Пасля 1 чэрвеня ў дзяржкамісію ўжо паступілі тры звароты ад тых, хто па розных прычынах не паспеў зарэгістравацца на ЦТ. Напрыклад, адзін абітурыент звярнуўся ў пункт рэгістрацыі, але тэхнічна не паспеў правесці плацеж, бо гэта былі выхадныя дні. Мы пайшлі яму насустрач і прынялі станоўчае рашэнне, таму што сам факт рэгістрацыі на ЦТ адбыўся ў вызначаныя тэрміны», — праінфармаваў Ігар Петрышэнка.

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА спыніўся на навацыях сёлетняй уступнай кампаніі. Сярод іх — прыём на бюджэтную форму навучання ў беларускія ВНУ замежных грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі іншых краін. Інфармацыя пра такую магчымасць распаўсюджвалася па каналах дыпламатычнай службы. Галоўная мэта навацыі — прасоўваць эканамічныя інтарэсы Беларусі ў свеце. Для навучання замежных грамадзян за бюджэтныя сродкі быў выдзелены ліміт у 100 грантаў, але сёлета для сумоўя змаглі адабраць толькі 30 кандыдатаў, бо да іх прад'яўляюцца даволі высокія патрабаванні.

Без экзаменаў будуць прымаць сёлета на профільныя спецыяльнасці ў ВНУ пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі, якая прайшла ў Беларусі ўпершыню. Таксама былі ўстаноўлены адзіныя ўступныя іспыты пры паступленні на скарочаную форму навучання ў розныя ВНУ на адну і тую ж спецыяльнасць.

У 2019 годзе падчас правядзення цэнтралізаванага тэсціравання будзе выкарыстоўвацца новая методыка разліку тэставых балаў, якая дазваляе не толькі ранжыраваць абітурыентаў па ўзроўні іх падрыхтоўкі, але і супастаўляць вынікі здачы ЦТ з вынікамі навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

«Раней, калі абітурыент меў «васьмёрку» па матэматыцы ў школе, а на тэсце атрымліваў 45 балаў, усе задаваліся пытаннем: «Ён здаў матэматыку на 4,5 бала?» Але гэта быў рэйтынг, — патлумачыў Ігар Карпенка. — А зараз балы будуць больш-менш набліжаны да школьнай адзнакі, і мы тады зможам зразумець, наколькі настаўнік якасна працаваў, а бацькі абітурыента ўбачаць больш-менш прымальныя і зразумелыя ім лічбы. Раней рэпетытары «муштравалі» абітурыентаў на выкананне заданняў пятага і чацвёртага ўзроўняў складанасці, з якімі спраўляліся нямногія, таму за іх налічваліся самыя высокія балы. А цяпер і сераднячкі змаглі «падцягнуцца».

Мяркуецца, што ў параўнанні з папярэднім годам балы абітурыентаў паднімуцца ў сярэднім на 20 пунктаў. Такую лічбу агучыў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк, адказваючы на пытанне.

З 1 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі пачала працаваць гарачая лінія для абітурыентаў (017) 222 43 13. Гарачыя тэлефонныя лініі дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў створаны для абітурыентаў на базе цэнтральнага апарата Камітэта дзяржаўнага кантролю і камітэтаў у абласцях. Нумары тэлефонаў: рабочай групы дзяржкамісіі ў Мінску — (017) 327 66 80; Брэсцкай абласной камісіі — (0162) 21 18 76 і 21 18 94; Віцебскай абласной камісіі — (0212) 37 61 93 і 37 61 82; Гомельскай абласной камісіі — (0232) 23 83 85; Гродзенскай абласной камісіі — (0152) 79 88 01, 79 88 40 і 79 88 16; Мінскай абласной камісіі — (017) 331 66 02 і 284 09 06 і Магілёўскай абласной камісіі — (0222) 22 18 97, 31 07 73 і 31 07 75.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА


Загаловак у газеце: Балы ў абітурыентаў могуць вырасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.