Вы тут

Вандроўкі ад Пятра Васючэнкі


Па Млечным Шляху на пыласосе

Куды толькі не закіне аўтара творчая фантазія. Чаго ён толькі не прыдумае. Зрэшты, як і яго маленькія чытачы. Праз старонкі кнігі Пятра Васючэнкі (Жаласлівая каралеўна: казкі. Мінск, Мастацкая літаратура, 2018) мы вандруем у свет дзівосаў. Але дзівосаў розных, і ў кожным з іх — свая адметнасць.

Недзе жывуць людзі, якія зусім не ўмеюць плакаць ці смяяцца. Заўсёды застаюцца халоднымі, сур’ёзнымі і размаўляюць толькі пра грошы. Недзе на дрэвах растуць кілбасы ды булкі, а чароўныя белыя штаны валодаюць магічнай здольнасцю выклікаць дождж. А недзе можна смела вандраваць аж да Млечнага Шляху, варта толькі… узняць на гарышча пыласос. Тут мы сустрэнемся з добрымі сябрамі панамі Кубліцкім і Заблоцкім і пазнаёмімся з новымі героямі, сапраўднымі і віртуальнымі.

На старонках казак, што ўвайшлі ў кнігу «Жаласлівая каралеўна», Пятро Васючэнка дае нам магчымасць пазнаёміцца не толькі са светам уяўным, чароўным, прыдуманым, але і здзейсніць вандроўку ў нашу міфалагічную мінуўшчыну.

Так, у казцы «Валадар казы» (ужо ў назве бачыце адсылку да знакамітай трылогіі англійскага філолага Толкіна «Валадар пярсцёркаў»?) аўтар прапануе ўласную інтэрпрэтацыю міфа пра Каляды, Вялікдзень і ролю сімвалічнай свойскай жывёлы казы ў змене пор года. Каза Дзераза і яе гаспадар Таптуха (дарэчы, трэці з сыноў гаспадара Багунніка, паводле традыцый, самы няўклюдны і на першы погляд найменш таленавіты) становяцца пэўнага кшталту прарокамі ў сваёй мясцовасці.

Таптуха, чытаючы карту зорнага неба, стварыўшы пясочны гадзіннік, можа прадбачыць дождж і мароз, надыход зімы і лета, «смерць» і новае нараджэнне Сонца. А яго каза сваімі танцамі і чароўнымі рагамі можа прымушаць сонца ўздымацца ад сну. Зрэшты, паводле законаў казкі, такія яскравыя героі мусяць мець і антаганістаў. У дадзеным выпадку — злога варажбіта Сапуна і зайздрослівую братавую Таптухі. Усялякімі намаганнямі яны спрабуюць забіць Дзеразу, а яе гаспадара — пусціць з торбай па свеце. Як лічыце, хто пераможа? І тут, адпаведна законам казкі, усё прадказальна. Але гэта яе станоўчая рыса.

Час не стаіць на месцы, таму і казкі, пры ўсёй старажытнасці жанру, мусяць адпавядаць эпосе і з’явам, ёй характэрным. Таму Пятро Васючэнка знаёміць нас са сваёй сучаснай гераіняй Лілі. Гэта віртуальная дзяўчынка, якая жыве ў камп’ютарным свеце і час ад часу завітвае ў госці да лірычнага героя, каб пагаманіць пра свет людзей. У сваіх «Казках для Лілі», якія, паводле жанру, больш падобныя да прытчаў, герой расказвае алегарычныя гісторыі пра смеласць і шчырасць, пра досціп і мужнасць, пра магчымасць нават вярнуцца з іншасвету, каб абараніць каханых. Як і любую прытчу, гэтыя аповеды няварта ўспрымаць літаральна, але паразважаць над іх сімвалічным зместам — абавязкова.

Варта таксама звярнуць увагу і на яскравыя ілюстрацыі да казак, што стварыў Міхаіл Дайлідаў. Гэта не проста «пераказ» сюжэта на мове малюнка, але асобная гісторыя, якая толькі некаторымі кропкамі судакранаецца з аўтарскім аповедам. Мастацкія работы, што аздобілі кнігу, крыху змрочныя, крыху загрувашчаныя дэталямі, але разам з тым дакладна прамаляваныя, валодаюць уласным характарам і расказваюць сваю гісторыю. Зрэшты, так і павінна быць.

Марына ВЕСЯЛУХА


На Зорным Ровары па сэнс жыцця

Раман-казку Пятра Васючэнкі «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» (Мінск, «Кнігазбор», 2018) варта чытаць, а пасля і перачытваць не адзін раз, не спяшаючыся, смакуючы кожнае слова — настолькі жывая і сакавітая мова расповедаў, што з першых старонак напаўняе душу адчуваннем высокай паэзіі (хаця твор празаічны), пазітыўнай энергетыкай, прымушае яе радасна пульсаваць у прадчуванні чагосьці яшчэ больш цікавага наперадзе... Гэта твор пра нашу рэчаіснасць, хаця і напісаны ў стылі фэнтэзі з дамешкам сюррэалізму на мяжы з «хорарам» (жахамі) на айчынным фальклорным матэрыяле. А трапны і дасціпны гумар (стылізаваны пад найлепшы ўзор народнага — тонкі, скіраваны на філасофскае асэнсаванне жыцця, а не як у вульгарных анекдотах), якім насычаны твор, ператварае чытанне ў найвялікшае свята!

Галоўныя героі казкі — збяднелыя шляхціцы паны Кубліцкі ды Заблоцкі, ужо знаёмыя чытачам па папярэдніх казачных аповесцях. Жывуць яны ў адной сядзібе, вядуць сумесную гаспадарку: вырошчваюць рэпу, з якой гатуюць усе стравы і нават вырабляюць віно, часам спрачаюцца, сварацца дый зноў заміраюцца. І жылі б сабе й надалей, прыпяваючы, але ж... Ёсць у чалавечай істоце нешта такое, што заўжды падштурхоўвае на прыгоды, прымушае кінуць звыклае ды зрабіць крок у невядомае, бударажыць душу, падкідвае розныя ідэі ды пытанні, на якія абавязкова патрабуецца адшукаць адказы, чаго б гэта ні каштавала, хоць і без усялякага практычнага сэнсу... Вось і паны не змаглі супрацьстаяць гэтаму «нешта» дый выправіліся туды, дзе жыве Той, хто казаў, куды Макар цялят не ганяў, дзе неба з зямлёй сыходзіцца ды бабы на небе бялізну сушаць... Каб высветліць, у чым ёсць ісціна...

Суправаджаюць паноў у іх прыгодах розныя каларытныя істоты: Вірнік, які жыве ў віры на рэчцы Парэчцы, забруджанай хімікатамі ад прамысловай дзейнасці, Зорны Ровар, які быццам усяго толькі сродак перасоўвання, але потым высвятляецца, што і ён мае душу (ці не адгалосак гэта старажытных уяўленняў пра тое, што душа ўласцівая любой рэчы), мясцовы прарок Піліп з канапель, прадстаўнік так званай жоўтай прэсы спадар Жаўтуха. Незадоўга да фіналу на дне калодзежа паны знаходзяць тое, што шукалі, але гэта абарочваецца іх смерцю (ці не алюзія гэта на папулярны колькі гадоў таму фільм жахаў «Званок», дзе з дна калодзежа з’яўляецца страхалюдная дзяўчынка, ад якой няма выратавання)...

Але ж ці можа казка мець трагічны фінал? Альбо падпарадкоўваючыся канонам жанру, альбо пашкадаваўшы чытача, які да гэтага моманту паспеў палюбіць галоўных герояў як родных, альбо каб мець пра каго пісаць наступны раман, — аўтар ператварае і гэта выпрабаванне ў прыгоду...

Праўда, пытанне так і застаецца адкрытым: «...Не трэба мець добрых глуздоў, каб казаць, што кожны павінен быць на сваім месцы, там, дзе яму лепей... А як зрабіць так, каб кожнаму было лепей? Вось тут і самая загваздка, пане Зорны Ровар...» Але ж місія пісьменніка не палягае ў тым, каб даваць гатовыя рэцэпты. Хіба натхняць на пошукі. Тым больш, што ўніверсальнага рэцэпту і не існуе...

Дарэчы, па аснове твора мог бы атрымацца выдатны прыгодніцка-містычны трылер — настолькі маляўніча апісаны ўсе сцэны, да таго ж шмат карцін менавіта ў руху, у дзеянні, што і трэба для адпаведных сцэнарыяў.

Узрост чытачоў, якім адрасаваная казка, пазначаны як 12+. Але без сумнення выданне будзе цікавае і дарослым.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.