Вы тут

Мост з мінулага ў будучыню


Чалавек знаходзіцца перад гімалаямі бібліятэк у якасці золаташукальніка, якому патрэбна знайсці крупінкі золата ў масе пяску, казаў рускі фізік С. І. Вавілаў. Як змяніліся з таго часу стратэгіі бібліятэкі? Пра тое, чаму бібліятэкар — прафесія будучыні, разважае дэкан факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юлія ГАЛКОЎСКАЯ.


— Cёння бібліятэкар, па сутнасці, арганізоўвае доступ да інфармацыі... Ці не зводзіцца яго функцыя да мінімуму, ці не выглядае фармальнай?

— За фармальнымі, на неспрактыкаваны погляд, задачамі — велізарная праца вялікай колькасці спецыялістаў, якія выконваюць разнастайныя і часам вельмі працаёмкія функцыі. Нашы бібліятэкі валодаюць унікальнымі фондамі дакументаў, дзе ёсць як сучасныя выданні, што дапамагаюць развівацца навуцы і тэхналогіям, так і рэдкія, адметныя, што ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

Асобнымі пунктамі ў ведах сучаснага бібліятэкара-бібліёграфа стаяць уменні, звязаныя з арганізацыяй сацыякультурных мерапрыемстваў (напрыклад, «Бібліяноч», сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, сустрэчы дзяцей з літаратурнымі героямі), правядзеннем навукаметрычных даследаванняў, ацэнкай эфектыўнасці розных напрамкаў дзейнасці і інш.

У наш час функцыі, якія выконвалі бібліятэкі стагоддзямі, напаўняюцца новым зместам і новымі сродкамі рэалізацыі. За ўяўнай прастатой хаваюцца глыбокія веды прадметнай галіны, адпрацаваныя ўменні і вопыт. Класіка звычайнага ўспрымання жыцця такая: маўляў, усе могуць вучыць, лячыць і будаваць. Але, як высвятляецца, такімі ж вонкава простымі справамі з’яўляюцца праграмаванне, пошук, апрацоўка, аналіз інфармацыі. Аднак гэта павярхоўнае ўспрыманне.

— Многія скептычна рэагуюць на назву прафесіі «бібліятэкар». Ці не варта змяніць назву — тады і прэстыж павялічыцца, і цікавасць узрасце? Па аналогіі таго, што перайменаваны ж бібліятэчны факультэт у факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый...

— Выдатны маркетынгавы ход. Аднак мы хацелі б быць сумленнымі перад нашымі абітурыентамі. Мы рыхтуем спецыялістаў для бібліятэчна-інфармацыйных устаноў, і па размеркаванні нашы выпускнікі ідуць працаваць у бібліятэкі. Іншы момант — веды, якія мы даём. А мы фарміруем унікальныя ўменні, звязаныя з эфектыўным пошукам інфармацыі. Акрамя таго, вучым распрацоўваць сацыякультурныя праекты і рабіць ацэнку розных напрамкаў дзейнасці бібліятэчна-інфармацыйных устаноў. Усё гэта ў сукупнасці служыць добрай дапамогай для далейшага працаўладкавання. Нават калі нашы выпускнікі з часам вырашаюць змяніць від дзейнасці, то маюць цудоўны багаж ведаў, які дазволіць лёгка пераключыцца ў іншую працоўную плоскасць — у лагістыку, кадравы менеджмент (HR), рыэлтарскую дзейнасць і іншыя галіны, дзе неабходна ўмець інфармацыю збіраць, абагульняць, аналізаваць і прымаць на яе аснове абгрунтаваныя рашэнні.

Так, безумоўна, мы разважаем аб наданні спецыяльнасці больш ёмкай назвы, якая ў поўнай меры адлюстроўвае яе рэальнае напаўненне. Аднак аб першакрыніцы забываць не варта.

— Некаторыя лічаць, маўляў, кар’еры тут не пабудуеш…

— Кар’еру можна пабудаваць у любой прафесійнай сферы. Было б жаданне, працавітасць і імкненне стаць карысным. Можна прывесці прыклады: якіх поспехаў дабіліся выпускнікі спецыяльнасці «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць». Значнай фігурай у бібліятэчнай справе з’яўляецца Раман Матульскі — дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар. У прафесійным асяроддзі добра вядомы Аляксей Скалабан — у цяперашні час эксперт некамерцыйнага партнёрства «Нацыянальны электронна-інфармацыйны кансорцыум» (НП «НЭІКАН»), да гэтага займаў пасаду дырэктара Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Іна Віктараўна Юрык — старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і ў цяперашні час дырэктар Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. У модным бізнесе вядомасці дамаглася і зрабіла ўнікальную кар’еру выпускніца бібліятэчнай спецыяльнасці Інэса Семчанкова, заснавальніца і ўладальніка моднага дома «Юнона».

У сістэме дзяржаўнага кіравання — Ірына Дрыга, доўгі час займала пасаду першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

Практыка і жыццёвы досвед паказваюць, што кар’ера і спецыяльнасць «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць» — паняцці сумяшчальныя. Уменне рацыянальна мысліць, парадкаваць, рабіць абгрунтаваныя высновы і ладзіць, камунікаваць з прадстаўнікамі розных сацыяльных інстытутаў — неад’емныя складнікі прафесіянала бібліятэчна-інфармацыйнай сферы.

— А не думаеце, што прафесія бібліятэкара сальецца з іншымі спецыяльнасцямі, і бібліятэчны спецыяліст вычарпае сябе, яго заменіць робат...

— Прафесія бібліятэкара-бібліёграфа можа пашырыць свае межы, напоўніцца новымі сэнсамі і зместам, але знікнуць — не. Пакуль для нашага грамадства важныя культура, навука, традыцыі, кніжная, літаратурная і навуковая спадчына, пакуль важныя веды — бібліятэкі будуць развівацца і жыць.

— Цяпер кніжніцы пашыраюць сваю прастору ў мабільных дадатках. Наколькі гэта запатрабавана?

— Бібліятэкі ў мабільных дадатках — будучыня, якая ствараецца ўжо цяпер. Мяркуецца, што з дапамогай мабільных дадаткаў можна будзе ажыццяўляць пошук у электронных каталогах бібліятэк, знаходзіць апісанне дакументаў, вывераных экспертамі і прафесіяналамі, адкрываць паўнатэкставыя дакументы, ствараць уласную падборку дакументаў, даведвацца, у якой чытальнай зале ці ў якой бібліятэцы знаходзіцца дакумент. У якасці прыкладу таго, што такая задача ўжо вырашаецца, можна прывесці Нацыянальную электронную бібліятэку Расійскай Федэрацыі (НЭБ). Гэта дзяржаўная інфармацыйная сістэма, якая ствараецца Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі пры ўдзеле найбуйнейшых бібліятэк, музеяў, архіваў, выдаўцоў і іншых праваўладальнікаў. Аўтарамі праекта прадугледжваецца магчымасць свабодна чытаць большую частку дакументаў з фонду на партале НЭБ, а таксама з дапамогай мабільных дадаткаў.

— Сёння шмат якія бібліятэкі закрываюцца…

— Сітуацыя не такая дрэнная, як усе думаюць. Ні з адной краінай мы не можам параўнацца ў колькасці кніжніц. У нас больш чым 7 тыс. кніжніц, публічных — 2,8 тыс. У праграме «Культура Беларусі» прапісана дакладна, што бібліятэкі скарачаюцца па аб’ектыўных фактарах: памяншаецца колькасць сельскіх жыхароў, многія цягнуцца ў горад, і такім чынам ідзе скарачэнне сельскіх бібліятэк. Назіраюцца інтэграцыйныя працэсы: кніжніцы аб’ядноўваюцца — на базе некалькіх робіцца адна (напрыклад, школьныя злучаюцца з сельскімі). Сказаць, што бібліятэкі зжываюць сябе, таму што ім не хапае фінансавых сродкаў або да іх губляецца цікавасць, нельга. У рэшце рэшт мы жывём у агульнасусветнай сістэме. Паглядзіце на замежныя бібліятэкі: яны дзейнічаюць, і ніхто не кажа, што яны знікнуць. Няўжо Беларусь настолькі ўнікальная, што тут бібліятэкі вымруць з прычыны незапатрабаванасці?! Спецыялісты возьмуць на ўзбраенне актуальныя веды і ўменні і зробяць з кніжніц тое, што запатрабавана часам. Можа, у нас фінансавых сродкаў менш (чым за мяжой). Але важна, што бібліятэкі ўмеюць знаходзіць спонсараў, сяброў.

Калі гаварыць пра Беларусь, то нашы бібліятэкі цяпер на пераходнай стадыі. Для параўнання — Расійская дзяржаўная бібліятэка для моладзі. Там так арганізавана прастора — што як дадому прыходзіш: зоны для адпачынку, трэнажорная зала. І няма камп’ютараў — а толькі прылады, каб наведвальнік прыйшоў са сваім ноўтбукам. Унізе — заларэлакс: патэфон, вінілавыя пласцінкі. Пры ўваходзе — рэтра-аўтамабіль. Там няма такога, каб цябе запісвалі: прыклаў да электроннай прылады свой дакумент і пайшоў. Вяртаеш кнігі — кладзі на электронную прыладу. І ўсё за некалькі секунд. Ніякіх чэргаў. Гэтая бібліятэка — каардынацыйны вядучы метадычны цэнтр кніжніц Расіі. А нарады — анлайн. Да рэдкіх кніг — адкрыты доступ, кансультуе спецыяліст. Ахвотным старыя кнігі памацаць рукамі не забараняецца. На тэрыторыі бібліятэкі зрабілі студыю гуказапісу, можна паглядзець фільм з фонду ў свабоднай атмасферы. Вось прыклад таго, як кніжніца адаптуецца да патрэб карыстальніка. Зараз у Маскве модна маляваць, усе гэтаму вучацца. Што зрабіла бібліятэка? Знайшла спецыяліста, які праводзіць заняткі. А калі гэта ўзялі на ўзбраенне многія кніжніцы, прыдумвае новую «фішку». І на апераджэнне. Такая бібліятэка ніколі не памрэ.

Галоўная наша стратэгія — кадры, якія ўмеюць адпавядаць часу і мяняцца разам з абставінамі, якія валодаюць актуальнымі ведамі, тэхналогіямі.

Кніжніцы — неад’емная частка грамадства і змяняюцца разам з ім. Бібліятэкі — культурны мост з мінулага ў будучыню. Яны зберагаюць літаратурную, навуковую спадчыну і з’яўляюцца гарантам таго, што паміж пакаленнямі захаваецца пераемнасць. Бібліятэкі дазваляюць быць свабоднымі. Тут хацелася б працытаваць Ніла Геймана: «Бібліятэкі — гэта свабода. Свабода чытаць, свабода мець зносіны. Гэта адукацыя (якая не заканчваецца ў той дзень, калі мы пакідаем школу ці ўніверсітэт), гэта вольны час, гэта прытулак і доступ да інфармацыі». Выключыце бібліятэкі — і гэта будзе крок да таго, каб патануць у інфармацыйным патоку. Сусветна вядомы рускі псіхолаг Аляксей Мікалаевіч Лявонцьеў яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя мудра зазначыў: «Лішак інфармацыі вядзе да збяднення душы».

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.