Вы тут

Выбраць рэжым мастацкіх пошукаў праз «Арт-Мінск»


Прыбіральшчык у памяранцавай камізэльцы стаў змятаць у савок раскіданую паперу — змагаўся такім чынам з мастакамі, якім бракуе моцы. Хадзіў сярод выступоўцаў, якія адкрывалі другі фестываль мастацтваў «Арт-Мінск», што сёлета праходзіць на 16 сталічных пляцоўках. Гэтым разам арганізатары атрымалі больш чым 800 зваротаў, абралі для паказу больш як 250 аўтараў. «Наколькі моцныя і арыгінальныя творы?» — хацелася спытаць услед за перформерам, які ўдакладніў словы прадмоў.


Алена Шаціла «Памяць. Слуцкі пояс»

— Традыцыйна ў выяўленчым мастацтве людзі бачылі адказы на пытанні: што такое прыгажосць, ісціна і дабро. У пошуках адказаў мастацтва дасягнула пэўных вышынь, — адзначыў дарадца старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Уладзімір Сажын. — Потым Оскар Уайльд сказаў, што ўсе адказы ў галаве таго, хто глядзіць. Сучаснае мастацтва, якое моцна змянілася з тых часоў, — гэта мастацтва не адказаў, а мастацтва пытанняў. Паколькі пытанняў больш, чым адказаў, мастацтва страціла ў дасканаласці, але стала больш шматаблічным. Сёння на выстаўцы, якая бярэ новую вышыню, мноства агучаных пытанняў, удала расстаўленых куратарам выстаўкі.

Дзеля таго, каб прадумана аб’яднаць творы ў экспазіцыю, куратарам запрасілі Ілью Шыпілоўскіх, арт-крытыка, куратара і дырэктара расійскай артгалерэі «Ельцын-Цэнтр». Ён адразу ж прапанаваў адказ на адно з галоўных пытанняў, што можа ўзнікнуць у гледача: сіла мастацтва — у магчымасці прыцягваць на сябе ўвагу.

Але свае адказы шукаць усё ж хочацца: што гэта, чаму так і дзеля чаго? У Палацы мастацтваў яны пачнуцца ўжо пры ўваходзе. Выстаўка — як звычайна, творы — і творы, у розных тэхніках, карціны, скульптуры, аб’екты… Але раптам у глыбіні залы ўзнікаюць назвы замежных галерэй: эстонскай The SEDARTE Gallery і латвійскай Museum EPAC/Museum of Exhibitions of Private Art Collections. Сёлета на фестывалі сапраўды можна пабачыць творы мастакоў з балтыйскіх краін, расіян і ўкраінцаў. Прыцягвае: тут рух, ідзе бойкае жыццё, і нашы мастакі з задавальненнем прыйшлі на знаёмства. Неабыякаваму гледачу захочацца зразумець: ці ёсць розніца ў тым, як бачаць свет іншыя, а як яго бачаць тыя, хто адлюстроўвае наша светаадчуванне? Ці ёсць розніца ва ўспрыманні часу (не толькі жыццёвага, але і мастацкага)?

Крысціна Шчэмелева «Код Францыска»

Наогул, пытанняў стала больш, адзначылі на адкрыцці. І сапраўды, дыпціхаў і трыпціхаў у прасторы Палаца мастацтваў больш. І куратар карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» Аляксандр Зіменка не хаваў задавальнення, што гасцям сталіцы будзе што паказаць: «АртМінск» праходзіць у рамках культурнай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Але калі мастацтва вызначае пэўную прастору, то яно найперш скіраванае на тых, хто жыве тут… Зрэшты, і «Беларускую Афрыку» пабачыць можна, і наша бачанне Егіпта, і шмат сваіх этнасімвалаў, якія ўплятаюцца ў работы, злучаючы народы, культуры, часы. І хочацца знайсці пункт, з якога выцякае наша «цяпер» у мастацтве (і не толькі, бо гэта люстэрка). Мо пункт там, адкуль вылятаюць матылькі (яны тут ёсць)? Ці там, дзе абстракцыі і фармальныя кампазіцыі?.. Шагалаўскія закаханыя ці металічныя «саджанцы»? Ці вось яшчэ — партрэт Скарыны, карціна алеем, стылізаваная пад лічбавы варыянт. І трыпціх у гонар біткоіна — у сярэбраным, залатым і плацінавым. Як мы хочам сябе бачыць і як у выніку бачым — вось тое пытанне, што чытаецца праз экспазіцыю. Адказ куратара — асобны твор, што таксама размясціўся на сцяне, прапісаны літарамі, дзе адзначаецца пошук форм, называюцца некаторыя імёны і кірункі, заўважаныя аўтарам тэксту, які не жыве ў Беларусі. Погляд збоку патрэбны. Калі погляд знутры становіцца не такі востры і пільны.

А на каго б звярнулі ўвагу вы?..

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Загрузка/перазагрузка?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.