Вы тут

Святло жывапісу Барыса Аракчэева


Выдадзена манаграфія, прысвечаная заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барысу Уладзіміравічу Аракчэеву (1926—2013).


Аўтар кнігі, якая пабачыла свет, — мастацтвазнаўца, культуролаг, сябра Беларускага саюза мастакоў Ксенія Сяліцкая-Ткачова. Назва — «Барыс Аракчэеў. Этапы вялікага шляху». Яшчэ зусім нядаўна да 90-годдзя яркага, шматаблічнага мастака быў рэалізаваны (у 2016—2017 гг.) маштабны культурны праект «Творчая дынастыя. Аракчэевы». Куратарамі гэтай сапраўды прыкметнай з’явы выступілі мастацтвазнаўца Ксенія Сяліцкая-Ткачова і дачка Барыса Уладзіміравіча — мастак Аксана Аракчэева. Прайшоў шэраг выставак, сустрэч, вечароў памяці, якія ладзіліся ў розных гарадах Беларусі.

Даследчыца жыцця і творчасці Барыса Аракчэева здолела паказаць у сваёй манаграфіі ўсё багацце творчай натуры мастака, яго непарушнае адзінства з рэалізмам і пастаянным пошукам новых шляхоў да выяўлення свайго аўтарскага «Я». Падзел разгляду зробленага Барысам Уладзіміравічам у выяўленчым мастацтве за дзесяцігоддзі на пэўныя перыяды носіць дастаткова ўмоўны характар. Мастацтвазнаўца хутчэй «перыядызуе», раскладвае на этапы ці перыяды шуканні творчай асобы. Пра гэта сведчаць і назвы раздзелаў манаграфіі: «Адлюстраванне жыцця і светапогляду савецкага грамадзяніна ў тэматычных карцінах Б. У. Аракчэева»; «Лірыка-драматычная настраёвасць пейзажных палотнаў як увасабленне аўтарскай і творчай пазіцыі майстра»; «Застылае хараство прыроды: зварот мастака да нацюрмортнага жанру»; «Гармонія знешняга вобліку і ўнутранага свету чалавека ў партрэтах Б. У. Аракчэева».

На старонках кнігі чытача чакаюць сустрэчы з вядомымі настаўнікамі героя манаграфіі, калегамі па творчай працы. Ксенія Сяліцкая-Ткачова звяртаецца да гісторыі стварэння асобных карцін Барыса Аракчэева, падрабязна і разам з тым лаканічна акрэслівае абставіны, акалічнасці, тую атмасферу, што адыграла важную ролю ў нараджэнні розных работ. Шкада, што манаграфія (а выйшла яна ў выдавецтве ПУП «ПроняПлюс») мае зусім невялікі наклад — усяго 70 асобнікаў. Узровень, на якім яна зроблена, якасць друку (а гэта асабліва важна ў выпадку, калі тэкст спалучаны з шырокім выкарыстаннем рэпрадукцый карцін Б. Аракчэева) — добры фундамент для пашырэння вядомасці таленавітага майстра беларускага жывапісу. А яшчэ — прыклад грунтоўнага разгляду творчасці аднаго мастака. Такога кшталту даследаванняў якраз і бракуе ў айчынным мастацтвазнаўстве.

Нагадаем, што спадчына таленавітага творцы захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыкакраязнаўчага музея-запаведніка, Баранавіцкага краязнаўчага музея, Крупскай мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева. А яшчэ — у прыватных калекцыях у Беларусі, Галандыі, ЗША, Італіі, Канадзе, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Уражлівае падарожжа мастацтва па ўсім свеце!..

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Загаловак у газеце: Шуканні, якія нарадзілі асобу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?