Вы тут

Экспрэсія слова


Поспех стужак часта абумоўлены плённым супрацоўніцтвам творчых тандэмаў: сцэнарыст — рэжысёр, рэжысёр — аператар


Кадр з фільма «Кента, або Вялікай гульні малога шэфа»

Аўтарскае асэнсаванне

Такі творчы саюз склаўся ва У. Мароза разам са Станіславам Гайдуком і Мікалаем Князевым. У Мехава плённы творчы дуэт адбыўся з Юрыем Цвятковым. Над відэацыклам пра славутых беларусаў Мехаў працаваў разам з ім як са сцэнарыстам. Фільмы «Нарадзіўся я літвінам» і «Зорнае прыцягненне», створаныя ў аб’яднанні «Белвідэацэнтр», сталі новым этапам у своеасаблівым драматургічным вырашэнні гісторыка-культурнай тэмы. Карціны створаны на скрыжаванні навуковапапулярнага i дакументальнага кiнематографа, калi галоўны ўпор зроблены на вербальнае выкладанне матэрыялу, што мае асноўную драматургічную нагрузку.

У фільме «Нарадзіўся я літвінам» (рэжысёр Я. Сяцько) экранная выява цалкам падпарадкавана славеснаму каментарыю. Часткова гэта абумоўлена матэрыялам самога фільма, звернутага да даўніны, ад якой застаўся не вельмі разнастайны іканаграфічны матэрыял. Героі стужкі — слынныя гістарычныя асобы: Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Напалеон Орда. Аўтары абапіраліся не толькі на ўнікальнасць іх жыццёвых і творчых шляхоў, але і на тое агульнае, што звязала гэтых розных асоб. Разлучаныя з Радзімай, яны шмат плённага зрабілі для культуры і навукі іншых краін. Іх дасягненні — вынік не толькі ўласнага таленту, але і любові да Радзімы. Менавіта гэта пачуццё дапамагала ствараць, пераадольваць цяжкасці з верай у росквіт роднай зямлі. Пры рабоце над сцэнарыем аўтары прапрацавалі мноства гістарычнага матэрыялу. Яны адразу адмовіліся ад стылiстыкi навукападобнага выкладання, таму што для абодвух сцэнарыстаў гісторыя ў першую чаргу цікавая сваімі чалавечымі лёсамі з іх узлётамі, драмамі і непрадказальнасцю. Вербальны рад фільма спалучае змястоўны пазнавальны момант і яго вобразнае асэнсаванне, калі стыль гiстарычнай публiцыстыкi арганічна пераплецены з эсэістыкай.

Героі карціны «Зорнае прыцягненне» — нашы суайчыннікі: ураджэнец Магілёва — вучоны Ота Шміт, які пакінуў след у розных галінах навукі, актыўны ўдзельнік «чалюскінскай эпапеі»; вядомы авіяцыйны канструктар Павел Сухі, які быў родам з Віцебшчыны; лаўрэат Ленінскай прэміі, актыўны ўдзельнік касмічнай праграмы Сямён Кросберг, ураджэнец Слуцка; Барыс Кіт — акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, ганаровы жыхар Навагрудка. Вобраз «зорнага прыцягнення» як выяўлення таленту беларусаў, абазначаны аўтарамі ў сцэнарыі і назве карціны, абумовіў арыгінальнае візуальнае рашэнне стужкі (рэжысёр М. Князеў). Абодва фільмы, знятыя рознымі рэжысёрамі, адрозніваюцца па жанры і стылі. Іх аб’ядноўвае ў цыкл не толькі тэма, але і канцэпцыя, асобаснае асэнсаванне, закладзенае ў драматургіі фільмаў.

Каштоўнасць узаемаразумення

Апроч гістарычнай тэматыкі, Юрыя Цвяткова як сцэнарыста цікавяць лёсы людзей са свету мастацтва, іх існаванне ў творчасці і грамадстве (відэафільмы «Адзіноцтва ў натоўпе. Мікалай Губенка» і «Юрый Тарыч. Пачатак»). У сцэнарыях Цвяткова адчуваецца яго рэжысёрская прафесія. Яны грунтоўныя, драматургічна аформленыя, з мноствам ідэй і дэталёва распрацаваныя.

Сцэнарыст Вера Ганчарова — адна з нямногіх прафесіяналаў па адукацыі (яна скончыла Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі менавіта па спецыяльнасці «Кінадраматургія»). Падставай да стварэння сцэнарыя для Ганчаровай становіцца супадзенне актуальнасці, запатрабаванасці тэмы і ўнутранай зацікаўленасці. Так з’явіліся стужкі, прысвечаныя духоўным асобам — падзвіжнікам: «“...з забыцця i праху”. Іаан Грыгаровіч» (аб протаіерэі Анічкавага палаца, гісторыку, археографу, складальніку першага зборніка «Беларускіх старажытных грамат»); «…І спазнай сэрца маё» (пра пастырскі подзвіг Паўліна, Архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага, вядомага ў міру як Пётр Крошачкін і кананізаванага ў 2000 г.). Фільм «Родная душа», зняты ў Інфармацыйным агенцтве Беларускай праваслаўнай Царквы, змяшчае жыццяпіс ігумена Нікана (Вараб’ёва) — дасведчанага духоўніка і мудрага пастыра.

Ганчарова працавала над карцінамі разам з рэжысёрам Міхаілам Якжэнам. Іх аб’ядноўвае агульнасць светаўспрымання і эстэтычныя схільнасці; абодва кінематаграфісты ўдзяляюць шмат увагі візуальнай, музычна-гукавой, пластычнай культуры фільма. Можна яшчэ раз нагадаць пра каштоўнасць узаемапаразумення паміж усімі членамі здымачнай групы. Па агульным прызнанні, работа над фільмамі была «саборная»; усе члены здымачнай групы разам з аператарам (Павел Зубрыцкі) і гукааператарам (Сяргей Шункевіч) былі захоплены творчым пошукам. У выніку кожная з карцін вылучаецца эстэтычнымі вартасцямі; яны адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Але падаецца, што самай цэльнай і глыбокай стала стужка «…І спазнай сэрца маё». Незвычайная сама гісторыя яе з’яўлення. Унікальныя матэрыялы пра айца Паўліна перадаў Ганчаровай па ўласным жаданні Уладыка Максім, былы Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі. І на працягу ўсяго здымачнага перыяду нечаканыя драматургічныя павароты былі звязаны менавіта з дапамогай і ўдзелам розных людзей. Гэтая невыпадковасць — вынік асабістых і прафесійных якасцяў Ганчаровай. Фільмы, знятыя па яе сцэнарыях, вылучаюцца культурай, інтэлігентнасцю і асаблівым позіркам на чалавека ў кантэксце духоўнага жыцця.

Над карцінай «Ад зараніц чэрвеньскіх…» Ганчарова працавала разам з рэжысёрам Уладзімірам Цеслюком на адным дыханні. Сцэнарый меў усяго тры старонкі, таму што паміж аўтарамі было поўнае ўзаемаразуменне. Унікальны хранікальны кінаматэрыял прапушчаны ў карціне праз аўтарскае стаўленне да ваеннага пакалення кінематаграфістаў. Гэту шчымлівую і эмацыянальную кінастужку Цяслюк прысвяціў свайму бацьку — франтавому кінааператару і яго сябрам, летапісцам Вялікай Айчыннай вайны.

Сканцэнтраванасць на чалавеку

Галіна Злабенка належыць да рэдкага тыпу ўніверсальных прафесіяналаў у сцэнарнай справе: з цікавасцю бярэцца за любую тэму, аператыўна ўключаецца ў работу. Яна мае вялікі досвед работы на «Тэлефільме», і часткова адсюль — яе дапытлівасць да разнастайных тэм і падзей, здольнасць наладжваць кантакты са сваімі героямі. Так, менавіта дзякуючы сцэнарысту разгаварыліся героі відэафільма «Зона. Асцярожна: дзеці…» (рэжысёр Р. Грыцкова) малалетнія парушальнікі Бабруйскай выхаваўчай калоніі. Іх экранныя споведзі ўзрушваюць незвычайнай для такіх падлеткаў шчырасцю.

Наогул, Злабенка любіць і паважае ўсіх сваіх герояў, што адлюстравалася нават у назвах работ: «Саната Надзеі» (рэжысёр Р. Грыцкова), «З табою мы здаўна родныя…» (рэжысёр В. Купрыянаў), «Чалавек справы» (рэжысёр С. Гайдук). Пры ўсіх гэтых якасцях яе аўтарская манера пазбаўлена залішніх эмоцый; найлепшыя кінастужкі, знятыя па сцэнарыях Злабенкі, вылучае стрыманасць і, галоўнае, сканцэнтраванасць на асобе чалавека.

Фёдар і Ягор Коневы (бацька і сын) прадстаўляюць два пакаленні прафесійных кінасцэнарыстаў. Спалучэнне багатага творчага вопыту старэйшага Конева з сучасным раскаваным падыходам Ягора далі плённы вынік. Відэафільмы «Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі», «Летуценнік» (рэжысёр М. Якжэн), «Рамантык з Люцынкі» (рэжысёры М. Якжэн, Я. Сяцько), знятыя па іх сцэнарыях, сталі нешараговай з’явай на «Белвідэацэнтры». Апошнія карціны прысвечаны двум выбітным дзеячам беларускай культуры — пісьменніку Яну Баршчэўскаму і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. У фільме «Летуценнік», створаным на мяжы неігравога і мастацкага кіно, драматургія заснавана на творы Баршчэўскага «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» — вобразным выніку шматлікіх назіранняў пісьменніка. Структура карціны «Рамантык з Люцынкі» больш складаная, сінтэтычная. У яе ўвайшлі асветніцкая і даследчая лініі, каментарыі спецыялістаў і ўрыўкі са спектакляў па творах ДунінаМарцінкевіча.

Сцэнарыст Вера Савіна мае схільнасць да тэмы творчасці ў розных яе праяўленнях. Але найбольшую цікавасць для яе ўяўляе свет тэатра і жанр творчага партрэта. Відэафільм «Калі замоўкла Сегідзілья» прысвечаны славутай опернай спявачцы, народнай артыстцы Ларысе Александроўскай. Стужку здымалі да яе стагадовага юбілею. Жанр юбілейнага фільма абумовіў калажную драматургію з імкненнем умясціць у фільм як мага болей разнастайнай інфармацыі. Прынцыпова іншы драматургічны падыход здзейснены Савінай у тэлефільме «Тут. Цяпер. Сёння» (рэжысёр Зоя Катовіч). Гераіня стужкі драматург Алена Папова, вядомая за межамі краіны, прадстаўлена на экране ў незвычайным ракурсе. Сцэнарыст разам з рэжысёрам карціны паспрабавалі выявіць унікальнасць таленту і асобы сваёй гераіні праз мастацтва тэатра, складаны ўзаемаўплыў рэальнага і тэатральнага жыцця. Фільм здымалі на дачным участку Паповай, дзе была ўстаноўлена сапраўдная тэатральная сцэна. Тэатральныя акцёрскія маналогі з яе п’ес спалучаліся з паказам будзённых клопатаў жанчыны, маналогі рэжысёраў Мікалая Пінігіна і Віталя Баркоўскага — з цікавымі разважаннямі гераіні наконт жыцця і прафесійных праблем. Дакументальная і тэатральная стылістыкі арганічна суаднесліся, і ўсе ўдзельнікі фільма натуральна адчувалі сябе ў незвычайных умовах. Сярод мноства творчых партрэтаў гэты фільм вылучае не толькі арыгінальнасць формы, але і інтанацыя шчырасці, тонка перададзеная атмасфера творчасці.

Асабісты каментар

Прыход Сяргея Трахімёнка, контрразведчыка, доктара юрыдычных навук, пісьменніка, у дакументальнае кіно сыграў вялізную ролю ў развіцці новага тэматычнага кірунку. Здарыўся той шчаслівы выпадак, калі прафесіянал валодае якасцямі таленавітага сцэнарыста. Сцэнарыі Трахімёнка звязаны з адкрыццём белых плям гісторыі мінулай вайны, у прыватнасці разведвальнай дзейнасці. Упершыню айчынны неігравы кінематограф звярнуўся да лёсаў нашых суайчыннікаў — людзей незвычайнай прафесіі, якая спалучала рамантызм і трагедыю. Герой «Кента, або Вялікай гульні малога шэфа» — рэзідэнт савецкай разведкі ў Бельгіі Анатоль Гурэвіч адсядзеў за свой подзвіг 12 гадоў і 46 гадоў чакаў рэабілітацыі. Да асобы Гурэвіча звярталіся расійскія кінематаграфісты, але ў іх работах адсутнічае тое каштоўнае, што ёсць у сцэнарыях Трахімёнка, — спалучэнне сенсацыйнага матэрыялу з драматызмам лёсу героя і эмацыянальнасцю яго спасціжэння аўтарам. Драматургія фільма ў часе здымак мянялася. Дзякуючы намаганням сцэнарыста ў фільме з’явілася лінія трагічнага кахання героя і яго сустрэчы з уласным сынам праз 50 гадоў. Трахімёнак стаў непасрэдным удзельнікам фільма. Менавіта яго аўтарскі каментарый-роздум у кадры надаў карціне асаблівую інтанацыю і глыбіню.

Фільм «Спадарожнікі “Сатурна”», у якім удзейнічае былы разведчык Аляксей Казлоў, не менш захапляльны і цікавы сваім псіхалагічным напружаннем. Абедзве стужкі зняты ў «Белвідэацэнтры» рэжысёрам Сяргеем Агеенкам. У творчасці рэжысёра гэтыя фільмы з ліку самых цікавых. Мужчынскі погляд на падзеі, аналітычнасць і харызма Трахімёнка спалучыліся з вобразным рэжысёрскім вырашэннем. У фільме «Кент, або Вялікая гульня малога шэфа» выкарыстана рэдкая архіўная хроніка, музыка А. Шнітке і вершы І. Бродскага. Ва ўсіх карцінах, знятых па сцэнарыях Трахімёнка (відэафільм «Трохі смялейшы за іншых», рэжысёр Л. Скварцова; кінафільм «Успамінаючы Чарняхоўскага», рэжысёр С. Лук’янчыкаў і інш.), праяўляецца аўтарская індывідуальнасць. Яна адбіваецца не толькі ў драматургіі, але і ў імкненні спасцігнуць таямніцу пакалення непераможных.

Герой карціны «Трохі смялейшы за іншых…» — пісьменнік, двойчы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Карпаў уражвае не толькі харызмаю, жыццялюбствам і мудрым асэнсаваннем трагічных падзей уласнага лёсу. Аўтары разам са сваім героем паспрабавалі зразумець падспудныя, асноватворныя матывы чалавечага быцця ў экстрэмальных, экзістэнцыяльных абставінах вайны і асэнсаваць тэму патрыятызму, мужнасці чалавека без пафасу і дэкларатыўнасці.

Сучасныя тэндэнцыі неігравога кінематографа выявіліся ў тэндэнцыі адыходу ад вербальнага каментарыя, што звязана з імкненнем да ўніверсальнасці ўспрымання. Але менавіта слова з яго экспрэсіяй надае дакументальным фільмам асаблівую інтанацыю і стылістыку. Імкненне стварыць мастацкі дакумент рэальнасці, адмовіцца ад вербальнага раду выклікае мноства праблем на ўзроўні драматургічнага і змястоўнага рашэння. У фільмах, створаных у рэчышчы аўтарскага кіно, асабісты рэжысёрскі каментар падкрэслівае індывідуальнасць аўтарскага стылю. У стужках Віктара Аслюка ён сугучны яго мінімалісцкай стылістыцы; у Міхася Жданоўскага — адлюстроўвае філасафічнасць рэжысёра; стрыманая эмацыянальнасць характэрная для закадравага каментара Галіны Адамовіч. Вербальны рад экалагічных стужак Ігара Бышнёва па стылістыцы нагадвае прозу Міхаіла Прышвіна з яе вобразна-філасофскім асэнсаваннем.

Галіна ШУР

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.