Вы тут

Гімн Зэльвеншчыне на «Сакавінах»


Свята паэзіі і музыкі «Зэльвенскія Сакавіны» бярэ свой пачатак у 1997 годзе. Тады вядомы беларускі паэт Уладзімір Мазго першы раз завітаў на сваю малую радзіму ў якасці паважанага госця літаратурнай імпрэзы. Праз дзясяцігоддзі свята набыло папулярнасць дзякуючы арганізатарам — супрацоўнікам раённай бібліятэкі — і ўдзелу знакамітых паэтаў і пісьменнікаў, артыстаў і крытыкаў, якіх запрашаў Уладзімір Мінавіч. Сёлета аўтар «Гімна Зэльвеншчыне» адзначыў 60-годдзе і падзяліўся ўзнёсласцю з землякамі.


Гэтым разам на «Зэльвенскіх Сакавінах» была магчымасць паслухаць, як нараджаюцца вершы і песні. Так, Уладзімір Мінавіч раскрыў аўдыторыі свой сакрэт: першыя паэтычныя радкі ён пісаў, ідучы праз сасновы лес са школы дамоў. Дарога да Бярэжак, дзе жыла сям’я Мазго, была няблізкая, таму атрымліваліся і вершы. Зэльвенцы ж пабачылі першы паэтычны твор пятнаццацігадовага вучня на старонках раённай газеты «Праца». Праз жыццё пісьменнік нясе любоў да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы, ён аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

А яшчэ — і класік песенна-паэтычнай творчасці, лічыць лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кампазітар і выканаўца Алег Елісеенкаў. Паэт і артыст сябруюць больш чым 25 гадоў. Нагодай для знаёмства стала музыка. Алег Мікалаевіч напісаў ноты і вельмі хацеў, каб хтосьці прыдумаў словы. Але ў аўтараў, да якіх звярнуўся, атрымалася не вельмі гладка. І тады ён прапанаваў Уладзіміру Мазго. Праз два дні з’явіўся цудоўны твор «Святло малітвы» альбо «Косы твае», які спяваюць Валерый Дайнека, Дзмітрый Качароўскі. На гэты раз песня мілагучна загучала са сцэны ў выкананні самога аўтара. А потым яшчэ адзін твор — «Вочы дзяцей».

Не абышлося без прэм’еры. Госці прапанавалі зэльвенцам першымі ацаніць сумесную работу паэта, кампазітара і выканаўцы — песню «Жаўруковая мова». Зала старалася падпяваць прыгожыя радкі: «Кожным гукам чароўным і словам / Зноў табою акрылены я. / Беларуская мова, / Наша з небам размова, / Жаўруковая песня мая».

Зараз Уладзімір Мазго працуе намеснікам рэдактара ў часопісе «Нёман». Дзе толькі ні друкаваліся яго вершы: у «Полымі» і «Маладосці», нават у часопісе «Родная прырода». Ён быў пераможцам не аднаго конкурсу, мае прэстыжныя прэміі — імя Васіля Віткі, «Залаты Купідон», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А сёлета — падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама і прапанова настаўнікаў СШ № 2 стаць асобай сацыяльнага праекта «Neo Boomaga» і дазволіць ім выдаць зборнік вершаў Мазго на паперы з трыснягу.

Вялікі талент пісаць як на беларускай, так і рускай мовах, думаць і ствараць у рытме паэзіі, працаздольнасць Уладзіміра Мазго адзначыў намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота, які прысутнічаў у якасці госця на свяце. У выдавецкі дом «Звязда» ўваходзіць шэраг выданняў, Аляксей Іванавіч прапанаваў маленькім зэльвенцам, якія маюць паэтычны талент, дасылаць свае першыя спробы пяра ў «Бярозку», больш старэйшым — у «Маладосць» ці «Полымя».

Самадзейныя артысты Зэльвеншчыны таксама даказалі, што свята «Сакавіны» ў іх — адно з любімых. Яно жыве і мае працяг — на розных сцэнічных пляцоўках, на маштабных раённых мерапрыемствах, у іншых канцэртных праграмах.

Людміла ПОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.