Вы тут

Маланкі-стрэлы і металічныя ахвяры Перуну


Паводле астранамічнага календара, лета распачнецца 1 чэрвеня. А вось традыцыйны каляндар у многіх мясцовасцях з гэтым не згодны. Так, на Веткаўшчыне, у вёсках Казацкія Балсуны і Стаўбун, здаўна вераць: лета пачынаецца толькі пасля таго, як будзе паводле ўсіх правілаў праведзены старажытны абрад ваджэння і пахавання Стралы. Ён і ў нашы дні штогод ладзіцца мясцовымі аўтэнтычнымі фальклорнымі калектывамі з удзелам даследчыкаў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, навукоўцаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратурны НАН Беларусі і ўнесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.


Фота Альфрэда Мікуса

Гэтая святочная дзея адбываецца на Ушэсце, праз 40 дзён пасля Вялікадня (сёлета 7 чэрвеня), з мэтай засцерагання вёскі ад маланкі і абароны новага ўраджаю. Мясцовыя вераць, што калі добра «павадзіць стралу», паспяваць песні, то неба можа «абваліцца дажджом», а калі добра «пакачацца» парамі па жытнёвым полі, ураджай будзе вельмі багаты, а самі ўдзельнікі святкавання — здаровыя ўвесь год.

Магчыма, гэта зусім і не павер’е, бо даследчыкі традыцыйнай культуры беларусаў, што ўжо шмат гадоў удзельнічаюць у свяце, прыгадваюць: раней, калі «стрэлы» збіралі многа жанчын, якія спявалі і вадзілі карагоды, энергетычны напал быў настолькі моцны, што нават неба не вытрымлівала і абрыналася вялікім дажджом.

У абрадзе ваджэння і пахавання Стралы ўдзельнічаюць толькі жанчыны. Мужчыны могуць далучацца да шэсця па вёсцы, аднак спяваць, вадзіць карагоды яны права не маюць. Менавіта жаночая энергетыка на свяце лічыцца галоўнай. Яна, як сіла Зямлі, здольная засцерагаць, спрыяць росту і ўрадлівасці. Ды і ў песнях, што спяваюцца падчас «стралы», у асноўным распавядаюць сюжэты з жаночага жыцця. Гэта і песнядыялог, у якой маленькай дзяўчынцы загадваюць загадкі, каб праверыць, ці стане яна разумнай жанчынай і добрай жонкай, і гісторыя пра тое, як маладзіца «скакала й плясала» і згубіла ключы, якія потым знайшоў «стары чорт» ды стаў яе мужам, і сумны расповед, як жонка атруціла свайго мужа...

Зрэшты, у нашы дні, праз стагоддзі пасля таго, як гэтыя песні былі створаныя, складана патлумачыць іх семантыку. Гэта проста формула-зварот, распрацаваная некім прадбачлівым і захаваная яго нашчадкамі. Нам жа застаецца толькі слухаць, спяваць ды запамінаць.

Так, у дзень правядзення абраду святочна адзетыя жанчыны збіраюцца ў цэнтры вёскі. Яны ідуць невялікімі групкамі, па дарозе спяваюць песні і водзяць кагароды. У месцы збору ўтвараецца агульны вялікі карагод, удзельніцы кажуць словы-заклінанні, спяваюць, потым выстройваюцца ў шэрагі — наперадзе грамады стаяць старэйшыя жанчыны — і гучным шэсцем з песнямі ідуць па вёсцы да жытнёвага поля.

 Тут — новая частка абраду. Песні і карагоды ў жыце, «качанне» па полі — каб набрацца сіл ад Зямлі, а таксама перадаць ёй частку ўласных жыццядайных уласцівасцяў. Кожная ўдзельніца абраду павінна зрабіць у глебе невялічкую ямку і закапаць металічны прадмет як ахвяру Перуну. Звычайна гэта манеткі. Існуе таксама меркаванне, што падчас прынясення ахвяры можна загадаць жаданне — і Пярун яго выканае! Лічыцца, што гэтыя металічныя прадметы стануць пэўнага кшталту громаадводамі на ўвесь сезон і будуць абараняць усю вёску ад навальніц, грому і маланак.

Таксама падчас абраду жанчыны вырываюць па дзевяць жытнёвых каласкоў. Існуе павер’е, што высушаныя за іконай, яны прынясуць здароўе, дабрабыт і багаты ўраджай. С

ярод навукоўцаў не існуе адзінага меркавання, што насамрэч варта называць «стралой». Стрэлы ў дадзеным кантэксце — гэта і карагоды, што водзяць падчас свята масцовыя жанчыны, і тыя металічныя прадметы-ахвяры, якія яны закопваюць у полі падчас правядзення абраду. Таму і кажуць, што ў гэты дзень стралу і водзяць, і хаваюць.

А вось калі ўсе рытуальныя дзеянні выкананыя, карагоды праведзеныя, ахвярыстрэлы закапаныя, жаданні загаданыя, да абраду могуць далучацца мужчыны. Яны з жартамі і смехам распачынаюць рытуальные «качанне» ў жыце. Адметна, што ў Стаўбуне прынята не проста падбегчы да жанчыны і «пакаціць» яе па полі, трэба спачатку насмяшыць ці зрабіць «качанне» часткай жарту.

Так і цэлы год пройдзе весялей.

Марына ВЕСЯЛУХА

Загаловак у газеце: Неба, абрынься дажджом!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».