Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне даўно стаў брэндам Мінскай вобласці і з часам выйшаў на міжнародны ўзровень. Сёлета свята прайшло ў дзевятнаццаты раз. Прысвечанае яно Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дадам, што адметнасць гэтага фестывалю ў тым, што тут гучыць толькі жывая музыка. Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў Маладзечне і акунулася ў атмасферу форуму.
На два дні, 7 і 8 чэрвеня, упрыгожаны, нібыта памаладзелы горад стаў адной вялікай сцэнічнай пляцоўкай. Даў старт фестывалю Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга. У канцэртнай зале Палаца культуры адбыўся трэці тур рэспубліканскага этапу конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Летась, дарэчы, Гран-пры імя Уладзіміра Мулявіна не прысуджалася. Сёлета ўладальніцай галоўнай узнагароды стала 18-гадовая Яна Мармыш.
Усяго падчас музычнага форуму жыхарам і гасцям горада было прадстаўлена больш за 20 мерапрыемстваў. Прычым яны былі разлічаны на людзей розных густаў і ўзростаў. Так, напрыклад, ветэраны вайны, людзі старэйшага пакалення акунуліся ў тыя страшныя і адначасова гераічныя ваенныя часы на канцэртнай праграме «Песні вайны». Найлепшыя кампазіцыі, напісаныя ў ваенны і пасляваенны перыяд, якія сталі па-сапраўднаму народнымі, выканалі для іх таленавітыя артысты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Гэтыя творы нікога не пакінулі абыякавымі, на вачах многіх гледачоў былі слёзы. А ў выставачнай зале Палаца культуры Беларускі саюз жанчын прэзентаваў фотавыстаўку «Беларусь помніць. Жаночы твар Перамогі» і серыю кніг пра Вялікую Айчынную вайну. Нацыянальны гістарычны музей пазнаёміў наведвальнікаў з гісторыяй вызвалення краіны праз дакументы, франтавы жывапіс, графіку, ваенныя здымкі і газеты.
На працягу двух фестывальных дзён працавалі адкрытыя пляцоўкі на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, «Фестывальная талака» прапанавала гледачам выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. На пляцоўцы «Фестывальная сядзіба» народныя майстры, умельцы горада і раёна прадставілі работы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.
Шмат людзей было на арт-фэсце «ЛянОК». У ім удзельнічалі прадпрыемствы льняной галіны з Маладзечна, Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай абласцей, рамеснікі, дызайнеры. Падчас фэсту прайшла дэманстрацыя новых мадэляў адзення з беларускага лёну, была наладжана выстаўка-продаж вырабаў, аксесуараў з гэтай шаўкавістай расліны.
Сёмы абласны фестываль сямейнай творчасці «У добрым родзе ўсё ў згодзе» сабраў 26 калектываў з 14 раёнаў Міншчыны. Паказаць сваё майстэрства ў спевах, танцах, вырабе розных упрыгажэнняў, прадметаў быту прыехалі і маладыя сем'і, і дынастыі. Напрыклад, сямейны калектыў «Крона» з пасёлка Ракаў вядомы далёка за межамі Валожынскага раёна. У ім спяваюць сёстры, іх дзеці, унукі.
Мінскі абласны краязнаўчы музей запрасіў усіх ахвотных на выстаўку мастацкіх вырабаў «Гармонія шкла». Аўтары твораў Таццяна і Пётр Арцёмавы акунулі наведвальнікаў у чароўны свет шкла. Для аматараў цёплых сустрэч і задушэўных размоў трэці год запар ладзіцца праект «Асоба эпохі», дзе гераінямі становяцца жанчыны, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё айчыннага мастацтва. Гэтым разам прыхільнікі змаглі бліжэй пазнаёміцца з творчасцю заслужанай артысткі Беларусі спявачкі Надзеі Мікуліч, задаць ёй пытанні.
Для дзяцей і моладзі працавалі творчыя пляцоўкі «Тэрыторыя дзяцінства» і «Арт-старт». А канцэртная зала Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў запрасіла ўсіх ахвотных на пляцоўку «Мой родны кут, як ты мне мілы», дзе можна было сустрэцца з любімымі беларускімі паэтамі, паслухаць у іх выкананні вершы.
Завяршэннем свята стаў вялікі юбілейны гала-канцэрт «Зорны карагод» на галоўнай пляцоўцы — летнім амфітэатры — Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча. У канцэрце таксама ўдзельнічалі артысты беларускай эстрады: Ірына Дарафеева, Алена Ланская, Аляксандр Саладуха, Юлія Быкава, ансамбль «Песняры» і іншыя. Лейтматыў мерапрыемства — творчая садружнасць ансамбля з найлепшымі выканаўцамі краіны, якая складаецца ў зорную повязь.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».