Вы тут

Настаўніца шмат гадоў па крупінках збірае гісторыю Броннай гары


Страшна ўяўляць, як нішчылі ў вайну людзей, калі сто, дзвесце, трыста чалавек адразу станавіліся ахвярамі злой волі карнікаў. Па краіне, як ведаем, такіх вёсак шмат. А тут больш за пяцьдзясят тысяч адразу... Нашы райцэнтры налічваюць па 10—15 тысяч чалавек. А калі — 50 000 — гэта ўжо немалы горад, гэта якраз насельніцтва даваеннага Брэста... Іх тут забівалі. І рабіў гэта не аўтамат, якая-небудзь пякельная машына, тое тварылі жывыя людзі, якія ўздымалі зброю для кожнага выстралу. Праўда, на немаўлят куль не трацілі, галавой аб дрэва — і ў яму, часцей на вачах у маці. Вось што такое Бронная Гара.


Стэла з рэек.

Каляіна смерці

Калі ў Брэсце напярэдадні святкавання 1000-годдзя вайна нечакана нагадала пра сябе рэшткамі больш як 1000 чалавек у раёне новабудоўлі, у кантэксце размоў пра гета ўвесь час згадвалі Бронную Гару Бярозаўскага раёна. Менавіта ва ўрочышчы Бронная Гара расстрэльвалі вязняў Брэсцкага гета. А калі праходзіла перапахаванне, гаварылі, чаму ў паднятых рэштках было так многа дзіцячых касцей. Некалькі соцень. Відаць, многія, хто адпраўляўся ў апошні свой шлях на Бронную Гару, хавалі дзяцей у падвалах ды розных закутках у кволай надзеі: раптам выратуецца. Але пасля адпраўкі апошніх вагонаў карнікі з нямецкай педантычнасцю правялі зачыстку. Знясіленых, спалоханых малых стралялі на месцы, трупы пакідалі. Як і дарослых, хто нейкім чынам застаўся.

Бронная Гара стала найбольш трагічнай старонкай Халакосту на Брэстчыне. Даўно займаецца вывучэннем гісторыі, шчыруе над увекавечаннем памяці нявінных ахвяр мясцовая жыхарка, настаўніца па прафесіі, Лізавета МШАР. Лізавета Барысаўна шмат гадоў шукала і распытвала сведак трагедыі, працавала ў Брэсцкім архіве, сабрала багаты матэрыял для музейнага пакоя. Сёння ніхто лепш за яе не раскажа аб падзеях 1942 года ў гэтых мясцінах. Лізавету Мшар двойчы запрашалі ў Ізраіль, яна была ў музейным комплексе Яд Вашэм. Прывезла адтуль некаторыя матэрыялы і для свайго музея.

З Лізаветай Барысаўнай едзем да помнікаў. Ад чыгуначнага пераезда ў лес вядзе старая ржавая каляя. Па ёй і падганялі вагоны з людзьмі. Але спачатку тэрыторыя рыхтавалася. Пачынаючы з мая мясцовыя жыхары ў лесе капалі ямы даўжынёй ад 25 да 50 метраў, шырынёй 10—12 метраў і глыбінёй чатыры метры. Ім казалі, што там будзе захоўвацца бульба. Ямы пазней былі абнесеныя калючым дротам і ахоўваліся салдатамі СС і СД. Эшалоны з людзьмі пачалі прыбываць сюды ў чэрвені 1942 года. Калі першы эшалон налічваў 16 вагонаў, у кожным з якіх было не менш за 200 чалавек, то другі ўжо складаўся з 46 вагонаў, якія прыбывалі са станцый Драгічын, Янова, Гарадзец. Везлі ў абсалютнай большасці яўрэяў. Пазней будзе жменька людзей іншых нацыянальнасцяў — беларусаў, палякаў — вязняў брэсцкай турмы. Усяго на Бронную Гару прыгналі 186 вагонаў з асуджанымі на смерць.

Механізм знішчэння

Пасля дажджоў у сёлетнюю чэрвеньскую спёку лес аж буяе ад сакавітай зеляніны. Разнатраўе і кветкі, россып птушыных галасоў, сярод якіх выдзяляецца зязюля. Зноў праслухоўваю дыктафонны запіс, і ў гэтым звычайным зязюльчыным адліку падаецца нейкая злавеснасць. Яна адлічвае гады без іх, тых, хто застаўся, хто не змог убачыць сваіх дзяцей і ўнукаў, чые дзеці не нарадзіліся і не ўбачылі гэты свет.

Лізавета Барысаўна расказвае, што людзей выгружалі з вагонаў, падганялі да падрыхтаваных ям і загадвалі распранацца дагала. Вось такіх, абсалютна голых, укладвалі на дно ямы тварам уніз шчыльна адно да аднаго. Потым метадычна расстрэльвалі з аўтаматаў у галаву. Падыходзіла другая партыя, на першы рад мёртвых цел укладваліся жывыя, гэтак жа знішчаліся. І так да поўнага запаўнення ямы. Затым трупы перасыпалі вапнай і засыпалі. Пачыналася новая яма. Ды чалавек — істота жывучая. Як правіла, свежыя насыпы некалькі дзён варушыліся, адтуль сачылася кроў — расказвалі школьным следапытам мясцовыя жыхары. Але падыходзіць сюды ім забаранялася пад страхам смерці.

Апошнія эшалоны прыходзілі ў лістападзе. І вязняў Брэсцкага гета гналі голых да ям ужо ў холад і мароз... У настаўніцы-краязнаўцы часта пыталіся экскурсанты, чаму ж яны так пакорна ішлі на смерць, чаму не разбягаліся, не спрабавалі аказаць супраціў, каб хоць некаму выратавацца. Адказ у яе ёсць. Людзі былі знясіленыя жыццём у гета. Холад, голад, хваробы, вялікая скучанасць сеялі роспач і адчай. Да таго ж акупанты адсякалі магчымасць супраціўлення: маладых здаровых мужчын расстрэльвалі раней. Сюды найбольш везлі жанчын, старых і дзяцей. З пачатку арганізацыі гета яўрэяў абклалі кантрыбуцыямі, іх прымушалі плаціць за кожны лішні дзень жыцця. А калі адабралі золата, іншыя каштоўныя рэчы, тады і падганялі эшалоны. У вагоны набівалі столькі людзей, што многія не вытрымлівалі дарогу.

Без надзеі на выратаванне

Пасля вайны, калі працавала дзяржаўная камісія па расследаванні злачынстваў фашызму, намеснік начальніка станцыі Бронная Гара Раман Новіс даў шмат звестак пра эшалоны смяротнікаў, пра колькасць вагонаў і людзей. Тады пратакол камісіі засведчыў такія паказанні Новіса: «Мёртвыя паяўляліся ад знясілення і моцнай цісканіны пры малым паступленні паветра». Людзей везлі ў закрытых вагонах, лепш было толькі таму, хто стаяў ля сцяны з якой-небудзь шчылінай. Мёртвых выгружалі на станцыі, а жывыя ішлі без усялякага супраціву ў надзеі, што ўсё гэта нарэшце скончыцца.

Хоць былі і цудам выратаваныя. Паводле афіцыйных звестак, за час расстрэлаў на Броннай Гары выжылі 19 чалавек. Найбольш — дзякуючы мясцовым жыхарам, якія іх выратавалі. Расказвалі яшчэ адну гісторыю, не ўлічаную афіцыйнымі звесткамі. Да вайны ў гэтых мясцінах працавала ўрач па прозвішчы Гольтфайн. Аднойчы яна вылечыла ад цяжкай хваробы вясковага хлопчыка. Дык вось яго бацька, калі даведаўся пра гэты іх страшны шлях, пад'ехаў на падводзе з сенам, злаўчыўся і выхапіў жанчыну з натоўпу, схаваў у сене і вывез. Казалі, што да канца вайны доктарка хавалася ў Пружанскім манастыры, а потым з'ехала да дачкі ў Францыю. Былі яшчэ цудоўныя гісторыі выратавання, але ж іх надта мала.

А тады, у 1942-м, фашысты завяршылі расстрэлы і склалі справаздачу аб паспяховым правядзенні аперацыі. І ўсё ж праз два гады яны вярнуліся на Бронную Гару, відаць, адчувалі пры адступленні, што за зробленае давядзецца адказваць. І пастараліся схаваць сляды злачынства. Для гэтага выкарысталі былы лагер для ваеннапалонных. Разабралі 48 драўляных баракаў на бярвенні, задзейнічалі сто чалавек з палонных. Апошнія раскопвалі ямы, перакладвалі рэшткі трупаў бярвёнамі і спальвалі. Вяскоўцы гаварылі, што два тыдні нельга было дыхаць ад куродыму, вокны і дзверы пакрываліся тлустай сажай. Калі кастры смерці адгарэлі, палонных расстралялі, а на свежым попеле пасадзілі кусты і палічылі, што сляды злачынства схаваныя.

Такім чынам, ад людзей не засталося ні рэшткаў, ні магіл — зусім нічога. Камісія па расследаванні зафіксавала знойдзеныя шпількі, заколкі, металічныя гузікі, а зямля, паводле дакументаў, на плошчы звыш 16 тысяч квадратных метраў насычана трупнай масай і попелам ад спаленых касцей. «Некаторыя пішуць, што на Броннай Гары могілкі, пахаванне. Тут няма пахаваных, усіх спалілі, да аднаго», — кажа Лізавета Мшар.

Помнікі і памяць

Менавіта дзякуючы гэтай нястомнай вясковай жанчыне ўдалося сабраць па крупінках трагічную гісторыю ўрочышча. Да 1991 года наогул нікому не дазвалялі вывучаць архівы па гэтай справе. Сакрэтнасці прыбаўляла і размешчаная паблізу ракетная часць. Але настаўніца не супакойвалася. Яе падтрымліваў мясцовы сельвыканкам. Накіроўвалі пісьмы ў Мінабароны. Адтуль прыслалі пошукавы атрад. Пакрысе падзеі ўдалося аднавіць.

І вось у 1992 годзе ўстанавілі першы помнік. Камень-валун з таблічкай засведчыў, што на гэтым месцы было знішчана 50 тысяч савецкіх людзей. Тады якраз адзначалі 50-годдзе расстрэлу Брэсцкага гета. 15 кастрычніка сабралася шмат людзей. Асвяцілі помнік прадстаўнікі трох канфесій: іўдзейскай, праваслаўнай і каталіцкай. Грошы сабралі сваякі загінулых, мясцовыя жыхары. А праз два гады з'явіўся яшчэ адзін помнік, гранітны, з выявай паравоза, што вёз вагоны смертнікаў, і надпісам на іўрыце. Помнік паставіла сям'я Шлёмы Вайнштэйна.

Яго не напаткаў лёс вязняў гета, таму што Шлёма Ашэравіч ваяваў. А калі вярнуўся з фронту, даведаўся, што застаўся зусім адзін. Яго бацька, маці, тры сястры, двое братоў былі забітыя, не было суседзяў, сяброў, знаёмых. Ён потым гаварыў: «Я ведаў, што забіта многа, але тое, што забітыя ўсе, мне не прыходзіла ў галаву. З 23 тысяч яўрэяў, што складалі даваенную абшчыну Брэста, не засталося нікога». Незнаёмыя людзі жылі ў бацькоўскім доме і ў сотнях іншых дамоў. Шлёма Вайнштэйн потым стаў кіраўніком адноўленай маленькай брэсцкай абшчыны. На помніку яго сям'я напісала зварот да ўсіх людзей свету, каб памяталі ахвяры і бераглі мір.

А трэці помнік — стэлу з чыгуначных рэек са звонам пасярэдзіне — паставілі да 50-годдзя вызвалення, у 1994-м. Тады прыехалі прадстаўнікі дыпламатычных місій многіх краін, сабралася многа людзей — згадвае Лізавета Барысаўна. Гэта агульны сімвалічны знак — рэйкі, па якіх везлі асуджаных на смерць, і звон памяці. Мемарыяльная дошка з'явілася нашмат пазней.

Тут бывае нямала турыстаў. З розных краін свету прыязджаюць людзі, чые сваякі загінулі ў гэтым лесе. Аднойчы прыехала вялікая сям'я са Злучаных Штатаў Амерыкі, прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Самай старэйшай з той сям'і было 93 гады, самай малодшай — 12. Бабуля прывезла дзяцей, унукаў, праўнукаў, каб паказаць месца, дзе загінулі іх сваякі. Доўга стаяла галава роду каля стэлы з рэйкамі, а потым распарадзілася, каб сыны заняліся вырабам дошкі. На ёй на чатырох мовах — беларускай, англійскай, іўрыце і ідыш — напісана пра колькасць ахвяр Броннай Гары.

Тэрыторыю мемарыялаў падтрымлівае ў парадку мясцовая ўлада. Старшыня Сакалоўскага сельскага Савета Наталля Кавалевіч расказала, што ў гэтым ёй вельмі дапамагае вайсковая часць, якая даўно перастала быць ракетнай. У часці, дарэчы, ёсць вельмі прыстойны музей. За адсутнасцю статусу яго называюць гістарычным пакоем, але там пакояў некалькі. Адзін з раздзелаў музея прысвечаны Халакосту — трагедыі Броннай Гары. Экскурсавод Людміла Семанько паказала тэматычную экспазіцыю, зробленую з матэрыялаў Лізаветы Мшар.

Пратаколы-прысуды

А матэрыялаў гэтых у Лізаветы Барысаўны цэлыя папкі, яшчэ на адзін музей. Яна расказвала, як працавала ў Брэсцкім архіве. Там захоўваюцца пратаколы, якія складаліся на кожнага вязня Брэсцкага гета. Яны ўяўляюць сабой анкету са звесткамі пра чалавека, яго сям'ю і прымацаваным фота. У пратакол бацькоў уносілі дзяцей да 14 гадоў. Ён жа служыў падставай для выдачы пашпарта, а за адсутнасць пашпарта пагражала смерць. Гэтыя дакументы знайшлі выпадкова, калі ў 1994 годзе архіў пераязджаў на іншае месца. Доўга яны ляжалі ўбаку, не ўлічаныя...

— Для мяне гэта было ўзрушэнне, — расказвае былая настаўніца. — Адна справа хадзіць па полі, дзе ляжыць толькі попел. І другая — глядзець на здымкі канкрэтных людзей. Многія такія маладыя, прыгожыя, яны жылі, радаваліся, будавалі планы. Вось маці, у якой толькі ў маі нарадзіліся двайняткі, далей — дачка галоўнага брэсцкага равіна Вольфа Салавейчыка, вось хлопец, падобны на вядомага артыста тых часоў, я не магла адарвацца, рабіла копіі, запісвала, — працягвае краязнаўца. — Усе яны потым стануць пакутнікамі Броннай Гары.

Як і сваякі заслужанай артысткі Расіі Алены Варабей, у дзявоцтве — Лебенбаўм. Каля дваццаці сваякоў па лініі бацькі і маці, з сямействаў Лебенбаўмаў і Вайсбатаў, былі вязнямі Брэсцкага гета. А забівалі іх тут, на Броннай Гары. Алена прыязджала ў Брэст на перапахаванне рэшткаў 1214 чалавек, а потым наведала Бронную Гару, паклала па яўрэйскай традыцыі каменьчыкі да помнікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара

Бярозаўскі раён

Загаловак у газеце: Пакутнікі Броннай Гары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?