Вы тут

Ці фарбаваць велікодныя яйкі ў год пахавання блізкага чалавека?


У рэдакцыю «Звязды» патэлефанавала С. У. Змачынская з Мар'інай Горкі і запыталася: «Чула, як на Вялікдзень каля царквы спрачаліся жанчыны. Адны былі перакананы, што ў той год, калі памёр нехта са сваякоў, яйкі ў чырвоны колер не фарбуюць. Другія з такой жа ўпэўненасцю казалі пра тое, што мы хрысціяне і адзначаць вялікае свята трэба незалежна ад сямейнай бяды. А якой традыцыі прытрымліваліся нашы продкі?»


Знаёмства са шматлікімі рытуальнымі сітуацыямі пераканаўча сведчыць пра тое, што белы колер прадстаўлены практычна ва ўсіх абрадавых практыках, звязаных з асноўнымі этапамі жыцця чалавека, сям'і, усяго роду. Быў ён і ў пахавальным абрадзе, і ва ўсім, што звязана з сыходам чалавека ў іншы свет.

Пра тое, што сям'ю напаткала гора, сведчылі адпаведныя дзеянні людзей і спецыяльныя рытуальныя знакі, атрыбуты, такія як белы ручнік, накінуты на акно ад вуліцы. У апошнія дзесяцігоддзі традыцыя закрываць люстэркі, калі ў хаце нехта памёр, атрымала лагічны працяг. У кватэрах з'явіліся тэлевізары, камп'ютары, пакоі сталі ўпрыгожваць бліскучай паліраванай мэбляй, таму сёння абачлівыя гаспадыні занавешваюць белым покрывам усё тое, што можа адлюстроўваць, даваць адбітак, «паказваць выяву смерці».

Белы колер прысутнічаў і ў аздабленні труны, убранні нябожчыка. Калісьці дно труны і абодва яе ўнутраныя бакі абабіваліся белымі ручнікамі, а самога нябожчыка ад ног і да пояса закрывалі яшчэ адным белым ручніком (у больш познія часы тканінай тонкага вырабу). Даследчыкі-этнографы адзначалі, што белы колер дамінаваў у пахавальным адзенні ўсходніх славян.

У старадаўнія часы па ўсёй Беларусі труну з нябожчыкам апускалі ў магілу на спецыяльных чырвона-бела-чырвоных ручніках. Практычна ва ўсе памінальныя дні нашы прадзеды хадзілі на могілкі ўшаноўваць памерлых. На надмагільныя крыжы (знак роўнасці перад Богам) павязвалі адпаведныя знакі-сімвалы: на магіле дзяўчыны — белы вянок, на магіле жанчыны — белы фартушок, над магіламі мужчын — саматканыя белыя ручнікі.

Да сённяшняга часу беларусы прытрымліваюцца яшчэ адной старадаўняй традыцыі. Звычайна ў суботу перад Вялікаднем людзі займаюцца апошнімі прыгатаваннямі да найвялікшага свята. Сярод іх важнае месца займала фарбаванне яек у чырвоны колер. Калі ж на працягу года ў сям'і здаралася гора — паміраў нехта з суродзічаў першага-другога калена сваяцтва, то яйкі ў чырвоны колер не фарбавалі. Іх проста варылі і пакідалі белымі або распісвалі фарбамі сіняга, чорнага ці зялёнага колеру (у апошні колер іх фарбавалі часцей перад Зялёнымі святамі — Сёмухай, Тройцай).

Век ад веку, год за годам нашы продкі жылі ў адпаведнасці са станам прыроды, падпарадкоўваліся раўнамернаму руху сонца па небасхіле і ў адпаведнасці з яго фазамі адзначалі адны і тыя ж святы. Сям'я, у якую прыходзіла бяда, тут жа выключалася з агульнапрынятага рытму суіснавання і пераходзіла са звычайнага гадавога кола святкаванняў на спецыяльны цыкл пахавальна-памінальных трызнаў, галоўнымі вехамі ў якім былі траціны, дзевяціны, саракавіны і ўгодкі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».