Вы тут

Больш за 49 тон сапсаванай прадукцыі выяўлена ў крамах Беларусі


З пачатку гэтага года ў выніку праверак магазінаў выяўлены 171 від харчовай прадукцыі, якая не адпавядала патрабаванням бяспекі. Больш за 49 тон забаронена да рэалізацыі. Пра гэта паведаміла загадчык аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія Шукевіч. Таксама спецыяліст расказала, на што варта звяртаць увагу, каб не набыць сапсаваныя прадукты.


Самыя распаўсюджаныя парушэнні, якія дапускаюць магазіны, — парушэнні ўмоў захоўвання і рэалізацыі, тэрмінаў прыдатнасці тавару, яго маркіроўкі, адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, нездавальняючы санітарны стан аб'ектаў, абсталявання і інвентару.

— У любым магазіне звяртайце ўвагу на санітарны стан гандлёвай залы, знешні выгляд прадаўца, на тэрмін прыдатнасці прадукцыі. Калі тавар выклікае сумненні, папрасіце дакументы, якія пацвярджаюць яго якасць і бяспеку, — раіць Вія Шукевіч.

Спецыяліст нагадвае, што харчовыя прадукты, якія хутка псуюцца, патрабуюць асаблівых умоў рэалізацыі і захоўвання.

— Яны рэалізуюцца пры тэмпературы 4 (+/-2) градусы. У магазіне павінен быць халадзільнік, які спраўна працуе. Цяпер яны з тэрмометрамі, і нескладана праверыць, пры якой тэмпературы захоўваюцца прадукты. Калі вы заўважылі, што халадзільнае абсталяванне працуе неэфектыўна, тавар у такім магазіне лепш не набываць, — адзначае суразмоўніца.

Таксама ў перыяд летняй спёкі важна старанна прытрымлівацца правілаў пры прыгатаванні і захоўванні страў. Перад тым як чысціць фрукты, у прыватнасці апельсіны, мандарыны, бананы, іх варта спаласнуць у кіпячонай ці праточнай вадзе. Харчовыя прадукты павінны захоўвацца ў месцах, недаступных для насякомых, грызуноў і хатніх жывёл. Пры транспарціроўцы ежы, якая хутка псуецца, неабходна выкарыстоўваць тэрмакантэйнеры. Акрамя гэтага, важна мыць рукі перад прыгатаваннем ежы, прымяняць асобныя дошкі для сырой і гатовай прадукцыі, прыгатаваныя стравы хутка ахалоджваць і змяшчаць у халадзільнік. Калі вы адчуваеце сімптомы атручвання — боль у жываце, млоснасць і іншае, — у такім стане гатаваць не рэкамендуецца ні для сябе, ні для іншых.

Як адзначае загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Пашковіч, сёлета назіраецца зніжэнне захваральнасці на кішэчныя інфекцыі на 12 %, у тым ліку і на вірусныя. А змяншэнне выпадкаў віруснага гепатыту А адзначаецца на 70 %.

— Пакуль эпідэміялагічная сітуацыя спрыяльная. Аднак пачынаецца сезон адпачынкаў, і не ўсюды становішча такое ж спакойнае. Пры выбары краіны для паездкі варта даведацца аб эпідсітуацыі ў гэтым рэгіёне. Важна аформіць медыцынскую страхоўку — яна дазволіць атрымаць медыцынскую дапамогу, — нагадвае эксперт. — Інфекцыйныя захворванні здараюцца, калі бактэрыі і вірусы трапляюць у арганізм праз нямытыя рукі, няякасную ваду і прадукты харчавання. Таму сачыце за гігіенай на адпачынку: выкарыстоўвайце бутыляваную ваду, харчуйцеся ў дазволеных тураператарам месцах, не набывайце прадукты на стыхійных рынках. Для ахалоджання напояў не выкарыстоўвайце лёд, прыгатаваны з невядомых крыніц.

Калі пасля вяртання з-за мяжы вы адчулі сябе дрэнна, звярніцеся да ўрача і раскажыце, дзе адпачывалі. Не варта займацца самалячэннем, у тым ліку самастойна прызначаць сабе антыбіётыкі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.