Вы тут

Агляд чытацкай пошты


Адзін дзень вайны

Свой дзень народзінаў гэта жанчына можа святкаваць двойчы. Калі верыць пашпарту, Яніна Іосіфаўна Буевіч-колесень нарадзілася ў вёсцы Вішанькі Чашніцкага раёна 25 мая, а калі расказам родных, то 9 сакавіка таго ж 1944-га...


Яні­на Бу­е­віч-Ко­ле­сень

Асноўны ўдар па партызанах Лепельска-Ушацкай зоны рыхтавала баявая група фон Готберга. Злучэнні СС і паліцыі разлічвалі акружыць і знішчыць «лясных бандытаў». Каб гэтага не сталася, партызанам не хапала зброі. Здабыць яе вырашылі ў саміх ворагаў: зрабілі засаду на дарозе Вішанькі — Грачэвічы, напалі на калону гітлераўцаў і, знішчыўшы больш за дзясятак немцаў, узброіліся самі.

Бой гэты адбыўся раніцай, а ўжо апоўдні карнікі ўварваліся ў хату вішаньцаў Буевічаў. Цяжарную Міхаліну, яе мужа і сына Стася выпіхнулі на вуліцу, дзе ўжо сабраўся натоўп, пад канвоем павялі ў пачатак вёскі. Восем самых дужых мужчын (у тым ліку Іосіфа Буевіча) там адлучылі ад іншых і пагналі ў бок Іканак. Астатніх, зачыніўшы ў хатах Петуховых і Шумановічаў, падпалілі...

Стась з матуляй і дзевяцігадовым суседам Яфімам Булынёнкам апынуліся ля вакна палаючай хаты... Хлопчыкі выбілі шыбу, вылезлі вонкі самі, дапамаглі Міхаліне. Потым, пад кулямі, пабеглі да лесу...

Яні­на з ма­май Мі­ха­лі­най у пер­шыя пас­ля­ва­ен­ныя га­ды.

Іх, усіх траіх, параніла, але найгорш прыйшлося Міхаліне. Яна, цяжарная, упала і, здавалася, ужо сыходзіла крывёй. Ва ўсякім разе, двое карнікаў, апынуўшыся побач, схіліліся над ёй, прызналі мёртвай і пайшлі. Яна ж, трохі счакаўшы і сабраўшы апошнія сілы, папаўзла далей — уратавалася сама і ўратавала дачушку, Янечку...

А вось бацьку свайго Яніна Іосіфаўна так і не ўбачыла: васьмярых адлучаных ад іншых мужчын катавалі ў Іканках у хаце Шчарбаковых. Выгнаныя адтуль гаспадары, вярнуўшыся дамоў, убачылі, што ўсе сцены там былі ў крыві. Ахвярам, мяркуючы па ўсім, пад пазногці заганялі іголкі, целы аблівалі варам, а ўрэшце, амаль замучаных, завялі ў суседнюю Межыцу і з высокага абрыву скінулі ў рэчку. Праз нейкі час было знойдзена цела Івана Булынёнка. Яго пахавалі на мясцовых могілках.

...Выбрацца з палаючых хат пашчасціла не толькі Міхаліне ды хлопчыкам, а яшчэ дзвюм дзяўчынкам Веры Булынёнак і Марфе Атрашкевіч, а таксама іх родным. Уратаваліся і тыя, хто, як толькі пачуў пра немцаў, паўцякалі з хат.

Пасля вызвалення яны пачалі новае жыццё. Міхаліне з дзецьмі дзядзька дапамог адбудаваць хату. У ёй Яніна і вырасла, потым паехала ў Барысаў да брата.

Мама іх, Міхаліна, заставалася ў Вішаньках, працавала ў калгасе, замуж болей не выйшла, хоць жанчына была прыгожая. Пад старасць яна пераехала да Яніны ў горад, дзе, дарэчы, яшчэ раз перажыла выпрабаванне агнём. З-за свавольства суседскіх хлапчукоў узнік пажар. Міхаліна ў хаце была адна і нібы зноў вярнулася ў той дзень вайны, калі абарвалася жыццё 114 яе аднавяскоўцаў.

...У родныя Вішанькі Яніна Іосіфаўна прыязджае амаль кожны год: успамінае дзяцінства, сустракаецца з вяскоўцамі, сярод якіх усё менш і менш становіцца тых, хто памятае жудасны дзень расправы.

Мемарыял  у Ві­шань­ках.

Ірына Торбіна, г. Чашнікі

 


Агрэсараў стане менш

Гадоў з 20 ужо пастаянна чытаю «Звязду», не раз парывалася напісаць, бо многія артыкулы, як той казаў, чаплялі за жывое. Асабліва — калі размова ішла пра гаротны лёс нашай мовы,  пра вёскі, дзе дажываюць апошнія жыхары, ці нашу зямлю. Так атрымалася, што ад бацькоў мы прынялі яе жывой і больш-менш дагледжанай, а вось якой перададзім...

Трывога, згадзіцеся, небеспадстаўная, бо, што і казаць, зарастаюць нашы гароды і ўзлескі рознай нечысцю, цяжка з ёю змагацца, але ж неяк трэба, бо ніхто не вытравіць той жа баршчэўнік на подступах да сядзіб і канадскі сумнік на могілках. Трэба неяк самім.

Мы з мужам пазалетась купілі хату ў вёсцы. Да гэтага яна гадоў з дзесяць пуставала, і сяліба — сорак сотак зямлі — проста патанала ў розным быльнягу. Нешта мы адразу ж высеклі, нешта паспрабавалі павыдзіраць з каранямі... З баршчэўнікам і сумнікам знаёмы аграном параіў змагацца з дапамогай касы: казаў, што калі штогод двойчы ў сезон іх скошваць, то гадоў праз пяць гэтыя агрэсары вымруць.

Так доўга чакаць нам, вядома ж, не хацелася, таму баршчэўнік (яго, на шчасце, не так шмат было) мы з усімі неабходнымі перасцярогамі проста выкапалі, а вось сумнік ужо касілі.

І што вы думаеце — ён спалохаўся? Нават не збіраўся: ён з новай сілай адрастаў і вырастаў, а месцамі — нават паспяваў зацвісці і выспеліць насенне!

Мы зжыналі яго і спальвалі ды працягвалі ваяваць з каранямі. Выкопваць іх, адразу скажу, справа не жаночая, асабліва калі кусты вялікія. Тут і вострая рыдлёўка патрэбна, і сіла немалая...

Хоць і шкада было зямлю, некалькі разоў прымянялі ядахімікаты. Зноў жа не скажу, што гэта панацэя... А таму старыя кусты паблізу ад хаты мы вырашылі ўзяць хітрасцю. Летась па вясне накрылі іх старымі шпалерамі і анучамі, засыпалі слоем зямлі, наверх насадзілі нізкарослых аксамітак. Атрымаліся вельмі прыгожыя горкі, пад якімі, мы спадзяёмся, ужо канчаткова загінулі карані расліны-агрэсара.

...Яе, дарэчы, нездарма так называюць. І правільна пішуць, што насяваецца, што не вывесці. Мы паспрабавалі, у нас нешта атрымалася. Магчыма, атрымаецца і ў вас? Усё ж адным агрэсарам стане менш... Хоць у адным асобна ўзятым гародчыку.

Альбо абгародцы на могілках.

Л. Вайтовіч, г. Мінск


«Зубы вырастуць новыя...»

У апошнія гады перад выхадам на пенсію я працавала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Класы там былі вялікія — да 40 чалавек (вось і ўтрымай дысцыпліну!), вучні ўвесь час мяняліся... Некага пераводзілі ў іншыя школы, нехта «паступаў» у нашу... І ўсе, вядома ж, з рознымі ведамі. Не дзіва, што з многімі вучнямі трэба было займацца дадаткова. Але ж дзеці ёсць дзеці: з імі то цяжка, то весела.

Дзіма, помню, прыйшоў у пяты клас. Кучаравы, бялявы, шустры, на ўроках ён стараўся адказваць першым, нават не падумаўшы. На пытанне, якія атмасферныя ападкі бываюць увосень, адказаў, напрыклад: «Яблыкі, грушы, слівы...»

Цікавае тлумачэнне даў і слову «лазня». Гэта, маўляў, не што іншае, як... «лаз», «дзірка ў плоце», у якую можна некуды пралезці...

Шасцікласнік Гена якраз наадварот быў чарнявы і вельмі маўклівы. Ён не любіў падымаць руку, быццам баяўся — ці то пытанняў, ці то сваіх адказаў. А тут...

Ідзе неяк раз урок паўтарэння, вучні быццам навыперадкі спяшаюцца паказаць свае веды: пытанне — адказ, пытанне — адказ, адзін перад адным.

Гена, як звычайна, сядзіць ціха. І раптам... цягне руку, нават трасе ёю! Ну, думаю, нешта ведае... Адважыўся хлопчык!.. Выклікаю і чую: «Калі ласка, выключце святло.
У класе ж сонца свеціць!»

Дзеці ў рогат: Гена — бач — за эканомію...

А вось у Сашы ўжо іншы клопат быў. Ён — высокі, статны юнак — прыехаў да нас аднекуль з Магілёўшчыны і пасля першага ж урока шчыра прызнаўся, што па-беларуску «ні ў зуб нагой», што наша мова для яго, як замежная... А наперадзе ж у хлопца экзамен. Як ён будзе здаваць?

Сталі мы з Сашам займацца асобна: слоўнікі, канспекты, пераказы, магнітафонныя запісы, вершы...

Урэшце ўсё гэта прынесла плён: хлопец здаў экзамен, і, што здзівіла, нават лепш за аднакласнікаў!

Балела душа і за Міхаську. На самым пачатку чэрвеня да нашых дзяцей далучылі групу будучых першакласнікаў з Лідскага дзетдома. Яны, а значыць і мы, настаўнікі, збіраліся ў лагер. «Ніколі не працавала з такімі маленькімі, — разгубілася я. — Можа, ці спраўлюся?» — «Ды не бойцеся, — супакоіла наша дырэктар. — Працуйце з імі ну... як са сваімі ўнукамі».

На той час у мяне ўжо праўда былі дзве ўнучачкі. Мусіць, таму і новыя дзеткі з дзетдома здаліся такімі ж мілымі. У аднаго з хлопчыкаў амаль тут жа знайшоўся старэйшы брат (проста з іншым прозвішчам), у другога, як аказалася, мама вучылася ў нашай школе, і ён па ёй вельмі сумаваў...

Выдзяляўся з усіх і Міхаська — кругленькі, ружовашчокі. Дагэтуль ён жыў толькі з татам і, падобна, быў па-мужчынску скупым на ласку. А дзіцяці ж яна патрэбна...

Помню, перад «адбоем» абыходжу спальні, а хлопчык ціхенька просіць:

— Калі ласка, пасядзіце са мной.

Ну як тут адмовіць, як не прысесці — хоць на некалькі хвілін (болей нельга, бо іншыя дзеці будуць раўнаваць)...

А Міхаську таго і дастаткова: ён шчасліва ўсміхаецца і засынае.

Прыехаўшы дамоў, расказваю пра гэта ўнучкам, і мая чатырохгадовая Хрысцінка раптам кажа:

— Бабуля, а ты забяры Міхася да сябе і гадуй. Няхай у нашай мамы (заўважце — не ў яе!) маленькі брацік будзе.

— Нельга, — кажу, — у хлопчыка ж ёсць тата, ён не аддасць сынка ў чужую сям'ю.

І вось канец жніўня. Усе дзеці вяртаюцца з лагера. Міхасёк здалёк усміхаецца мне — пазнаў!

Ён жа і яшчэ праз некалькі дзён падбягае... заплаканы.

— Што здарылася? — пытаю ў малога.

— Ды во, паглядзіце, — пальчыкам тыцкае ў рот, — мой зубік выпаў.

— Нічога, — супакойваю, — гэта ж малочны. Іншыя, дзіцячыя зубы, таксама выпадуць, а вырастуць новыя, моцныя, як у дарослых.

— А потым залатыя, як у вас? — радуецца Міхась.

...Гэта была наша апошняя сустрэча. Хлопчыка забралі ў санаторную школу, і я пра яго больш нічога не чула.

У хуткім часе перастала існаваць і наша школа-інтэрнат: там размясціўся ліцэй, там вучацца іншыя дзеці, з якімі ўжо іншым настаўнікам то цяжка, то весела.

Леанарда Аляшэвіч, г. Смаргонь


Усім дахам дах!

Жыхар вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна Рыгор Важэйка пачаў будаваць сабе хату недзе пасля вайны. Сцены паставіў хутка, а вось на даху — вырашыў сэканоміць: скарыстацца гільзамі ад снарадаў.

У лесе іх тады валялася шмат. Так што вяскоўцу заставалася запрэгчы каня, назбіраць, прывезці дамоў, потым зубілам высекчы роўныя кавалачкі металу. Імі і накрыты яго хата, веранда, хлеў. Цяпер на сядзібе гэтага ўмельца і працаголіка знаходзіцца мясцовы ФАП. І дах над ім — ну як новы! «Тысячу гадоў прастаіць», — кажуць вяскоўцы.

Сяргей Чыгрын, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».