Вы тут

Фаніпальскія трамваі паедуць у Балівію


А на трэцяй лініі мінскага метро цягнікі будуць алюмініевыя

На беларускім прадпрыемстве «Штадлер Мінск» у Фаніпалі працуе 1200 чалавек. У мінулыя выхадныя да пяцігоддзя завода быў зладжаны дзень адчыненых дзвярэй, і тысячы людзей прыехалі сюды, каб убачыць, як збіраюцца новыя, сучасныя цягнікі. Сярод цікаўных былі і карэспандэнты «Звязды».


«Навічок» для мінскага метро

Супрацоўнікі кампаніі паказалі практычна ўсе стадыі вытворчасці цягнікоў і трамваяў — зварачныя і фарбавальныя вытворчасці, зборачны цэх і цэх запуску. Але больш за ўсё ўвагу прыцягвалі двухпавярховыя цягнікі KІSS для Венгрыі і Азербайджана — да іх выстройваліся самыя вялікія чэргі з наведвальнікаў.

Таксама можна было ўбачыць аднапавярховыя цягнікі FLІRT для Нарвегіі, самыя доўгія трохсекцыйныя трамваі для Балівіі — гэта новы рынак паставак для кампаніі — і, нарэшце, першыя цягнікі для трэцяй лініі метро ў Мінску.

Сума агульных унутраных інвестыцый сёлета па прадпрыемстве складзе каля 14 мільёнаў еўра. Дырэкцыя завода разлічвае пашыраць аб'ём выпуску алюмініевых вагонаў з 300 да 400 штук у год. Па словах гендырэктара «Штадлер Мінск» Філіпа Брунера, на стварэнне аднаго цягніка патрэбна ад шасці да васьмі месяцаў. 30 % прадукцыі завода сёлета ідзе ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, 70 % — у Еўропу.

Адзін новы алюмініевы цягнік ужо праходзіць сертыфікацыю ў сталічным метро. Там уначы робяць усю абкатку новай тэхнікі на першай і другой лініях падземкі. Хутчэй за ўсё, камерцыйная эксплуатацыя новых цягнікоў пачнецца ўжо сёлета. Канчатковае рашэнне аб гэтым прымае кіраўніцтва Мінскага метрапалітэна. «Штадлераўскія» цягнікі будуць фізічна гатовыя (і сертыфікаваныя) ужо да верасня.

— Самае галоўнае для нас, што тэхнічна гэтыя цягнікі могуць працаваць на старой інфраструктуры, ніякіх змен не спатрэбіцца: іх могуць выкарыстоўваць на першай і другой лініях метро. А таксама ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, дзе ў метро такая ж каляіна, — падкрэсліў Філіп Брунер. — Нашы цягнікі моцна адрозніваюцца ад тых, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў мінскім метро. Мясцовы цягнік зроблены цалкам з алюмінію, тэрмін службы большы — мы гарантуем 50 гадоў. Структура кузава не патрабуе абслугоўвання, бо ён не ржавее. Для пасажыраў прыкметная розніца вялікая і відавочная — мяккія сядзенні, шумаізаляцыя, кандыцыянеры, разеткі
для USB.

З мінскім метро заключаны дагавор на пастаўку 10 цягнікоў — чатырох- і пяцівагонных. Ёсць цікавасць да прадукцыі і з боку Расіі. «Але гэта ў ліку іншага і палітычнае пытанне, — кажа гендырэктар «Штадлера». — У Маскве ёсць свой вытворца. Проста прапанаваць лепшы прадукт часам недастаткова. Але мы працуем, каб трапіць і на гэты
рынак.

«Мяцеліца» імчыць па сталіцы

— Спадар Філіп, мы знаходзімся побач з трамваем «Мяцеліца», маляўніча размаляваным пад сімволіку ІІ Еўрапейскіх гульняў. Што гэта значыць? — пытаемся ў гендырэктара.

— Гэта была выключна мая ідэя. Бо, па сутнасці, мы не змаглі стаць паўнавартасным спонсарам гульняў: гэтага няма ў нашых доўгатэрміновых планах. Але мы прапанавалі альтэрнатыву. Трамвай «Мяцеліца» ўжо раней эксплуатаваўся ў Мінску. Цяпер ён у новай «маляўнічай абгортцы» будзе хадзіць па сталіцы падчас гульняў. Акрамя таго, у такім дызайне трамвай будзе эксплуатавацца (за грошы прыватнага вытворцы) яшчэ тры месяцы пасля завяршэння гэтага грандыёзнага форуму.

Трамвай выгадна адрозніваецца ад іншых. Даўжыня яго амаль 34 метры, гэта самы доўгі трамвайны састаў у краінах СНД. Унутры — 66 месцаў для сядзення, агульная пасажыраўмяшчальнасць — 376 чалавек. Гэта вельмі магутны трамвай. На чатырох маторных цялежках тут восем электрарухавікоў, добрае паскарэнне і, калі параўноўваць з машынай, у яго поўны прывад.

Самыя доўгія трамваі ў Фаніпалі робяць для далёкай Балівіі, што гэта добры прыклад пашырэння экспарту — у гэтую краіну пастаўляецца 12 трамваяў. Цяпер з Беларусі глядзяць далей на Паўднёвую Амерыку — Аргенціну, Панаму. Гендырэктар адзначыў, што «Штадлер» таксама актыўна працуе ў кірунку СНД, ёсць заказы з Азербайджана і Грузіі, вядуцца перагаворы з Казахстанам.

На прадпрыемстве «Штадлер Мінск» працуюць над заказамі і для Беларускай чыгункі. У наступным годзе туды паступіць 10 пяцівагонных цягнікоў, падобных на тыя, якія сёння злучаюць Мінск і Гомель.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».