Вы тут

Дайджэст навін з падрыхтоўкі да ІІ Еўрапейскіх гульняў


Гасцям ІІ Еўрапейскіх гульняў у дні правядзення мультыспартыўнага форуму прапануюць больш за 70 экскурсійных праграм па Мінску, у тым ліку 20 аўтарскіх, якія былі апрабаваныя падчас «Фэсту экскурсаводаў» у красавіку.


Таксама працягнуцца мерапрыемствы, якія ўжо праходзяць штодня для мінчан і турыстаў. У сталіцы прапануюць пазнавальныя мерапрыемствы: бясплатную пешаходную экскурсію ад гарадской ратушы, экскурсійныя праекты «15:15» і «Чырвоны аўтобус», якія стартуюць ад будынка чыгуначнага вакзала, праекты Open Mіnsk і «Мінск экскурсійны». У горадзе ўжо ўстаноўлена 70 інфастэндаў. Летась інфармацыйна-турыстычны цэнтр «Мінск» сумесна з «Мінгардаведкай» абсталяваў шэсць інфапунктаў, сёлета пры падтрымцы Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў прадпрыемства арганізуе работу 20 інфапунктаў на асноўных турыстычных магістралях. На іх будуць працаваць валанцёры, якія прапануюць усім ахвотным рэкламныя і інфармацыйныя матэрыялы, бясплатныя турыстычныя карты, дзе пазначаны культурныя і гістарычныя месцы і славутасці горада.

Адзначым, што цяпер турыстычную дзейнасць на тэрыторыі Мінска ажыццяўляюць 736 арганізацый, 356 экскурсаводаў і 147 гідаў-перакладчыкаў.

Гасцінічная сетка горада прадстаўлена 52 гасцініцамі і пяццю хостэламі. Для пражывання кліенцкіх груп вызначана 31 гасцініца на пяць тысяч нумароў, турыстам і балельшчыкам прапануюцца месцы ў 21 гатэлі. У сферы грамадскага харчавання працуе каля 1,6 тысячы кавярняў і рэстаранаў.  На беларускай нацыянальнай кухні спецыялізуецца больш за 50 пунктаў грамадскага харчавання.


Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацаваў экалагічны даведнік па Мінску для гасцей і ўдзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Даведнікі створаны на рускай і англійскай мовах, яны расказваюць пра чатыры прыродаахоўныя тэрыторыі ў межах горада, а таксама аб наяўных у сталіцы экалагічных сцежках. Акрамя інфармацыі і фатаграфій, даведнікі ўтрымліваюць звесткі аб тым, як дабрацца да кожнага з названых месцаў. Пакуль надрукавана больш за адну тысячу экзэмпляраў, па меры неабходнасці наклад даведнікаў плануюць павялічваць.


Брытанская фан-зона чакае гасцей

Яна адкрыецца 22 чэрвеня каля сталічнага Палаца спорту, пра гэта паведаміла журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёна Гіб.

У Мінск на ІІ Еўрапейскія гульні прыедуць каля 150 брытанскіх спартсменаў, уключаючы трэнераў і менеджараў. Чакаецца прыезд і сем'яў многіх спартсменаў. Пра дакладную колькасць чаканых турыстаў з Вялікабрытаніі дыпламат не змагла сказаць, улічваючы бязвізавы характар паездак. Адкрыццё фан-зоны 22 чэрвеня будзе папярэднічаць Вялікаму брытанскаму фестывалю, які адбудзецца ў Мінску 23 чэрвеня.

На фестывалі будзе таксама адлюстравана спартыўная тэматыка. Для тых, хто хоча адчуць сябе ўдзельнікам Уімблдонскага тэніснага турніру, будзе арганізаваны міні-корт. Прадугледжана навучанне асновам рэгбі, гульні кікер, кёрлінгу. Фіёна Гіб адзначыла, што пасольства цяпер актыўна рыхтуецца да згаданых мерапрыемстваў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.