Вы тут

Беларускія ратавальнікі рыхтуюцца да Гульняў


Мы працягваем расказваць пра тое, як розныя ведамствы рыхтуюцца да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Сёння пад нашу ўвагу трапіла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Менавіта ратавальнікам падчас якога-небудзь няштатнага здарэння давядзецца прыняць на сябе першы ўдар. Пра тое, у якой ступені гатоўнасці падыходзяць да кантынентальнага спартыўнага форуму супрацоўнікі МНС, карэспандэнту «Звязды» расказаў памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.


Заняткі на аб'ектах

— Падрыхтоўка да ІІ Еўрапейскіх гульняў пачалася яшчэ ў 2017 годзе. Мы скарысталіся напрацоўкамі з часоў чэмпіянату свету па хакеі, які быў першым настолькі буйным мерапрыемствам у сучаснай гісторыі Беларусі. Дадатковы досвед мы атрымалі летась, калі ездзілі на разнастайныя спартыўныя арэны, дзе праводзіліся матчы чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, — паведаміў Віталь Навіцкі.

Мы правялі трынаццаць гарнізонных тактыка-спецыяльных вучэнняў. Іх аб'ектамі сталі «Мінск-Арэна», «Чыжоўка-Арэна»,  Палац спорту, Прэзідэнт-атэль, аўтавакзал «Цэнтральны»,  стадыён «Дынама»... Гэта — не лічачы соцень тактыка-спецыяльных заняткаў на ўсіх спартыўных аб'ектах і ва ўсіх месцах пражывання.

Важна, што заняткі праводзіліся з кожнай дзяжурнай зменай. Мы ставілі за мэту, каб усе нашы супрацоўнікі асвяжылі ў памяці планіроўку гэтых аб'ектаў. Большасць з іх для нас не новая. Але, у прыватнасці, Нацыянальны Алімпійскі стадыён «Дынама» быў вельмі істотна перабудаваны. І таму было важна, каб усе нашы супрацоўнікі знаёміліся з новай планіроўкай не па планах, а непасрэдна на месцах.

На буйных аб'ектах прайшло па два заняткі. Але, напрыклад, для работы на стадыёне «Дынама» мы прыцягвалі падраздзяленні не толькі Мінскага гарадскога ўпраўлення, але і Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння, авіяцыі, Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Мы распрацавалі парадак нясення службы ва ўзмоцненым варыянце на ўсіх спартыўных аб'ектах Гульняў. Дзяжурства будзе арганізавана па графіку «суткі праз суткі». Гэта азначае, што больш ратавальнікаў будуць адначасова знаходзіцца на месцах гатовымі да рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Акрамя таго, ужо вызначаны месцы пасадак верталётнай тэхнікі паблізу спартыўных аб'ектаў.

Праведзены разлік паказаў, што пераход з трохзменнага на двухзменны рэжым дазволіць трымаць высокі ўзровень бяспекі. Але падраздзяленні Мінскай вобласці таксама пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы, бо частка спаборніцтваў пройдзе на канале каля горада Заслаўе. Ды і каля Мінска ёсць месцы размяшчэння гасцей Еўрапейскіх гульняў. Таму ў выпадку неабходнасці ратавальнікі з гарнізона Мінскай вобласці далучацца да нас. А Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння мы разглядаем у якасці рэзерву.

Што да пераадолення моўнага бар'еру, то нашы дыспетчары, якія працуюць на лініях 101 і 112, прайшлі лінгвістычную падрыхтоўку. Мы таксама распрацавалі два размоўнікі — англа-рускі і руска-англійскі.

Персанальныя дэтэктары...

— Таксама сакратарыят МАГАТЭ пацвердзіў гатоўнасць дапамагчы нашай краіне ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, — працягвае Віталь Навіцкі. — Мы атрымалі ад гэтай арганізацыі ў часовае карыстанне персанальныя радыяцыйныя дэтэктары і прылады ідэнтыфікацыі радыенуклідаў. Яны будуць выкарыстоўвацца непасрэдна ў месцах правядзення спаборніцтваў.

Трэба адзначыць, што падобная практыка існавала падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Тады было выяўлена каля 10 чалавек, радыяцыйны фон вакол якіх быў крыху павышаны, але ніякай небяспекі для людзей побач яны не ўяўлялі. Проста праходзілі медыцынскае лячэнне з выкарыстаннем злучэнняў, якія давалі невялічкае радыеактыўнае выпрамяненне.

Акрамя таго, у межах супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам была пастаўлена мабільная лабараторыя радыяцыйнага кантролю. З яе дапамогай прайшла папярэдняя гама-здымка мясцовасці. На ўсіх аб'ектах зафіксаваны нулявы фон. Таму знаходзіцца там абсалютна бяспечна.

...і нават верталёт

— Мы праверылі абсалютна ўсе аб'екты, якія будуць звязаны з ІІ Еўрапейскімі гульнямі, — зазначае памочнік міністра. — Парушэнні, якія знаходзілі, мелі арганізацыйны характар. Каб іх пазбавіцца, не трэба ўкладваць нейкія істотныя сілы або сродкі. У адным выпадку дастаткова было нармальна абазначыць у адпаведнасці з дакументацыяй шляхі эвакуацыі, у другім — праверыць спраўнасць вогнетушыцеляў... За першую дэкаду чэрвеня работы былі завершаны. Пры гэтым мы абследавалі не толькі месцы, дзе пройдуць спартыўныя спаборніцтвы, але і аэрапорты, вакзалы, гасцініцы. Сістэмных праблем мы не адшукалі нідзе.

У параўнанні з 2014 годам ратавальнікі гатовы выкарыстоўваць больш верталётаў ва ўмовах горада. З'явіўся дадатковы мабільны медыцынскі модуль, які ўстанаўліваецца ў верталёт МІ-8 і можа аператыўна даставіць хворага чалавека ў бальніцу, калі машина «хуткай» не можа па нейкіх прычынах падабрацца да пункта прызначэння. На некаторых праспектах былі выдзелены спецыяльныя палосы для ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў. У выпадку неабходнасці пажарныя аўтамабілі змогуць па іх ехаць. Але такая магчымасць будзе задзейнічана толькі ў крайняй сітуацыі.

— Некалькі гадоў таму на стадыёне «Дынама» яшчэ да яго рэканструкцыі быў канцэрт, падчас якога ў гукаўзмацняльнай апаратуры адбылося кароткае замыканне і паваліў дым, — згадвае Віталь Навіцкі. — Наш супрацоўнік, які знаходзіўся побач, адрэагаваў імгненна і патушыў агонь менш чым за паўхвіліны. Ніхто не заўважыў, што нешта адбылося. Толькі на невялікі час знік гук...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Дзяжурства — суткі праз суткі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.