Вы тут

Студэнты-замежнікі расказваюць пра тое, чым іх вабіць Беларусь


Студэнты — той ключавы складнік, без якога ніводная ВНУ не змагла б паўнавартасна функцыянаваць. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце гэта не толькі беларускія хлопцы і дзяўчаты, але і шматлікія замежнікі. Уявіце, як адчуваюць сябе тыя, хто пераехаў не проста ў іншы горад, а ў іншую краіну! Усё незнаёмае, нязведанае... Давайце даведаемся пра іх уражанні з першых вуснаў. Першы і трэці суразмоўнікі — студэнты другога курса факультэта міжкультурных камунікацый і замежнага аддзялення перакладчыцкага факультэта адпаведна, астатнія рэспандэнты займаюцца на курсах рускай мовы для замежных грамадзян.


Ксенія Фаміна прыехала да нас з паўночнага ўсходу Казахстана, горада Аксу. Пасыл зыходзіў ад яе бацькоў: маці дзяўчыны вельмі хацела жыць у Беларусі, бо гэта яе гістарычная радзіма. А выбар прафесіі і ВНУ цалкам лёг на плечы Ксеніі. Яе заўсёды прыцягвалі мовы.

— Спачатку я разглядала ўсю дэталёвую інфармацыю пра ВНУ, якія зацікавілі мяне, у інтэрнэце. — кажа дзяўчына.

— Там было мноства водгукаў рознага характару, але ў адносінах да МДЛУ добрых — нашмат больш. Я наведвала многія вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ніяк не магла адчуць сябе на сваім месцы. Затое калі апынулася тут, зразумела, — маё!

Па-за вучобай Ксенія займаецца валанцёрствам: будзе працаваць добраахвотнікам на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Акрамя сталіцы яна ўжо была ў Гродне, Магілёве і іншых гарадах. А ў першыя дні пасля прыезду агледзела амаль усе мясціны, якія раяць наведаць турыстам у Мінску. Самае першае з іх — музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:

— Ён мяне ўразіў да глыбіні душы. Там ты нібыта дакранаешся да гісторыі, пачынаеш адчуваць сябе яе часткай.

Робін Коскас Майсіс з горада Манпелье, што знаходзіцца на поўдні Францыі, таксама паспеў наведаць значныя для яго мясціны ў Беларусі і расказаў нам пра адну з іх.

— Я быў у Барысаве, бо вельмі хацеў убачыць Бярэзіну. Гэта вельмі важная і знакамітая рака ў французскай гісторыі. Войскі Напалеона панеслі цяжкія страты падчас бязлітаснай бітвы на гэтай рацэ. З той пары назва «Berezіna» выкарыстоўвалася ў французскай мове як сінонім слова «катастрофа», — кажа суразмоўнік.

Што яшчэ прываблівае хлопца ў нашай краіне? «У Беларусі мне вельмі падабаецца прырода, ландшафты проста ўражваюць. Я захапляюся лясамі! Яны таямнічыя і чароўныя... Мне падабаецца ваш народ, ваш менталітэт, адносіны адно да аднаго. Беларусы добрасардэчныя, таварыскія і ветлівыя».

А як жа не пацікавіцца ў замежнікаў, ці спадабалася ім наша кухня? На гэтае пытанне з задавальненнем адказаў Серхіа Анатоль Кабеса, які прыехаў са сталіцы і найбуйнейшага горада Венесуэлы — Каракаса:

— Я пакаштаваў многія стравы беларускай кухні, і большасць з іх прыйшліся мне да смаку. Люблю і супы, і бліны, і салаты. Але больш за ўсё спадабаліся дранікі.

Серхіа Анатоль для атрымання адукацыі выбраў нашу краіну таму, што хацеў быць бліжэй да маці, якая ў той час працавала ў Беларусі. Яго цягнула да вывучэння моў, а для гэтага няма лепшага месца, чым лінгвістычны ўніверсітэт.

Зараз хлопец ужо асвоіўся і атрымлівае асалоду ад студэнцкага побыту. Апроч навучання малады чалавек вядзе актыўнае творчае жыццё ў сценах ВНУ: выконвае свае ўласныя песні і каверы на розных мерапрыемствах. Але, усё роўна не праходзіць ні дня, каб ён не сумаваў па радзіме.

Гэтае пачуццё падзяляе і Алан Эмануэль Сота Рывера, чый родны горад Тарыён размешчаны на поўначы Мексікі.

— Вядома, я сумую па тамтэйшых сябрах і, галоўным чынам, па нашай кухні. Аднак мне вельмі падабаецца жыццё ў Мінску. Ваша краіна моцна адрозніваецца ад Мексікі, і гэта прыцягвае яшчэ больш. Асабіста мне вельмі цікава знаёміцца з новай для сябе культурай, — сказаў Алан.

Тут ён знайшоў мноства новых сяброў і знаёмых, сярод іх як беларусы, так і замежнікі. Яго радуе той факт, што многія нашы суайчыннікі размаўляюць не толькі на знаёмай яму англійскай, але і на іспанскай — роднай мове маладога чалавека. У цэлым яго задавальняе ў навучанні ўсё.

— Так, сапраўды, выкладчыкі выдатныя, а ў дэканаце заўсёды дапамогуць вырашыць любую праблему, — пагадзіўся з Аланам і Азгюр Махір Арас са Стамбула. Пасля заканчэння там мясцовага ўніверсітэта малады чалавек захацеў вывучаць мовы. І вырашыў, што найлепш авалодаць імі можна ў прэстыжным лінгвістычным ўніверсітэце нашай краіны. Юнаку падабаецца камунікаваць і праводзіць час са сваімі аднагрупнікамі. У Беларусі ён, як і астатнія іншаземцы, знайшоў добрых прыяцеляў і, як адзначыў хлопец, найлепшага і самага блізкага сябра — сваю дзяўчыну-беларуску.

Аднагрупніца Азгюра, Фуку Накаяма, прыехала з Кобу — аднаго з самых вялікіх і ажыўленых гарадоў Японіі. Раней дзяўчына не была ў Беларусі, аднак многае чула пра нашу краіну і навучанне тут ад японскіх таварышаў, якія займаліся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

— Аповеды знаёмых прыцягнулі і зацікавілі. Цяпер магу сказаць, што мне сапраўды вельмі падабаецца абраная ВНУ і навучанне ў ёй. Гэта так класна, калі я магу выкладаць свае думкі на іншай, не роднай для мяне мове. Хоць гэта яшчэ і атрымліваецца не вельмі добра. Пакуль не ведаю, кім хачу стаць у будучыні, але думаю, што навучанне ў Беларусі, атрыманыя тут веды і ўменні зробяць важны ўплыў на выбар прафесіі, — кажа дзяўчына.

Надзея БОБРЫК, студэнтка І курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.