Вы тут

Беларускі альпініст Міхаіл Вайцюк: Па званні ў горы не ходзяць


Міхаіл Вайцюк у складзе каманды беларускіх альпіністаў падняў агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў на найвышэйшую кропку Еўропы — вяршыню Манблан. За 14 гадоў заняткаў горным турызмам скарыў больш за 30 вяршыняў, да прэстыжнага звання «Снежны барс» Міхаілу не хапае ўсяго аднаго сямітысячніка. Самая высокая кропка, дзе пабываў хлопец, — 7495 метраў. Сёння горны турызм для 31-гадовага маладога чалавека — хобі, якое з'явілася яшчэ на першым курсе ўніверсітэта і не згубілася ў паўсядзённай мітусні сямейнага жыцця. Пра ўзыходжанне на Манблан з «Полымем міру», пра тое, што павінна знаходзіцца ў заплечніку альпініста і што самае галоўнае пры скарэнні вяршыняў, наш герой расказаў у сваім інтэрв'ю.


— Вы памятаеце сваё самае першае ўзыходжанне?

— Гэта было летам 2007 года, я паехаў са старэйшымі таварышамі на Каўказ, праўда, як называлася вяршыня і яе вышыню ўжо не назаву. Калі адным словам апісаць тое адчуванне — было цікава. А калі казаць пра маё першае значнае дасягненне, то гэта быў лыжны паход па Хібінах на Кольскім паўвостраве. Было падарожжа чацвёртай катэгорыі складанасці, за два тыдні мы прайшлі на лыжах 300 кіламетраў.

— З якімі складанасцямі звычайна даводзіцца сутыкацца?

— Напэўна, перш за ўсё яны датычацца працяглага знаходжання ў гарах. У апошні год я хаджу ў вышынныя паходы, якія доўжацца ад 30 да 45 дзён. Гэта звязана з тым, што трэба акліматызавацца, каб падняцца на сямітысячнік. За 15-16 дзён арганізм павінен асвоіцца, падрыхтавацца да вышыннага маршруту, а далей пачынаецца самае цікавае — узыходжанне. Свае карэктывы можа ўнесці надвор'е, наогул ад яго шмат што залежыць.

Напрыклад, калі мы з камандай хадзілі на пік Камунізму, выйшлі на плато на шасці тысячах, а там нас заспела непагадзь, прыйшлося сядзець на адным месцы каля трох дзён. Ад надвор'я, перш за ўсё, залежыць хуткасць праходжання маршруту: чым хутчэй гэта адбылося, тым менш стамляешся. Тады альпініст больш адэкватны і можа разумна ацэньваць усе рызыкі. Калі надвор'е добрае, то ўсё залежыць ад цябе, калі дрэннае, то прыходзіцца змяняць графік, рабіць так званую адседку, чакаць.

— Растлумачце больш падрабязна, што для альпініста азначае дрэннае надвор'е?

— Дажджу наверсе звычайна няма, там снег і заўсёды мінусавая тэмпература. Калі ідзе снег, то няма бачнасці, а калі моцны вецер, вялікая рызыка атрымаць абмаражэнні. Спякота можа быць толькі днём. Калі свеціць сонца, а вакол снег, атрымліваецца, што ты быццам бы ў лінзе. А калі сонца няма, то заўсёды холадна.

— Які абавязковы набор павінен мець з сабой горны турыст?

— Вельмі цёплы пухавік, такія вырабляюць спецыялізаваныя фірмы, мы называем яго хатай. У ім, як у доміку, — цёпла, суха і ўтульна. Цёплыя добрыя чаравікі, зручны заплечнік, таму што ён заўсёды з табой, трэба каб нідзе не націраў і не выклікаў дыскамфорту.

— Што датычыцца харчавання, прадукты бераце з сабой?

— Так, штосьці з сабой, нешта закупляем на месцы. Мяса звычайна вязём з Беларусі, робім дамашнюю тушонку (мяса выварваюць у тлушчы так, каб яно не сапсавалася за 30—40 дзён). Таксама бяром з сабой крупы, сухія супы, сухую гародніну. У паходах нават варым боршч, для гэтага выкарыстоўваем спецыяльныя каструлі (тыпу скараваркі) і гарэлкі.

— Адпраўляючыся ў такія доўгія паходы, як трымаеце сувязь з роднымі?

— Звычайна бяром у арэнду спадарожнікавыя тэлефоны, таму практычна заўсёды знаходзімся на сувязі. Праўда, у вузкай цясніне яна можа перарывацца ці ўвогуле знікаць, тэлефоны ламаюцца або батарэйка садзіцца. На так званай Вялікай зямлі ёсць чалавек — сувязны, ён дасылае нам прагноз надвор'я, а мы яму тэлефануем, расказваем, што ў нас адбываецца, ён пры дапамозе спецыяльнай рассылкі перадае гэта нашым родным.

— Сям'я спакойна прымае ваша хобі?

— Мы з жонкай пазнаёміліся ў горна-турыстычным клубе, таму яна ўсё гэта разумее, спакойна адпускае мяне. У нас трое дзяцей, старэйшы ўжо просіцца са мной у горы. Пакуль яму ўсяго пяць, таму ходзім толькі на маленькія горачкі, напрыклад, летась на адпачынку ў Крыме ён папрасіўся ў паход, падняліся на ўзвышша, каб палюбавацца морам. А ў жонкі цяпер іншае захапленне — яна лётае на параплане.

— Ваша самая высокая вяршыня — 7495 метраў, пік Камунізму, якая наступная мэта?

— Васьмітысячнік, але яго пакуль не планую, таму што гэта даволі дарагое мерапрыемства. Вельмі хацелася б прайсці ўвесь шлях, які хадзілі раней усе першаадкрывальнікі разам з караванам. Пажыць там, пранікнуцца духам, бо гэта такія значныя месцы, як Індыя, Пакістан, Тыбет, Кітай.

— Каб атрымаць званне «Снежны барс», вам засталося скарыць адну вяршыню, калі плануеце гэта зрабіць?

— Пік Хан-Тэнгры, пік Перамогі, пік Камунізму і пік Я. Каржанеўскай у мяне ўжо ёсць, засталося падняцца толькі на пік Леніна. Калі будзе магчымасць, яе не ўпушчу, але спецыяльна рабіць гэтага не буду. Па званні ў горы не ходзяць.

Бываю ў паходах, калі ёсць фінансавая магчымасць і адпускае сям'я.

Група ў складзе Максіма Вінчэўскага, Аляксандра і Міхаіла Вайцюкоў, Дзяніса Жыдкова і Міхаіла Макеенкі паспяхова пераадолела маршрут на Манблан.

— Колькі грошай трэба, каб адправіцца ў горы?

— Як правіла, гэта каштуе каля тысячы-паўтары долараў. Сума ўключае пералёты, праезд, харчаванне на цэлы месяц.

— Што вы адчуваеце, калі скараеце чарговую вяршыню?

— На самой вяршыні — нічога, думаеш пра тое, як спусціцца, эйфарыя прыходзіць унізе, калі разумееш, што ўсё ўдалося. У альпінізме самае галоўнае — вярнуцца. Людзі выкладваюцца цалкам, калі ідуць наверх, а на зваротным шляху сілы заканчваюцца, пачынаецца непагадзь, і тады ў стомленым стане альпіністы дапускаюць памылкі.

— У маі вы сталі адным з тых, хто падняў агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў на Манблан. Раскажыце, як гэта адбылося?

— Ідэя таго, каб «Полымя міру» пабывала на вышэйшай кропцы Заходняй Еўропы ўзнікла ў старшыні федэрацыі альпінізму, Дырэкцыя Гульняў яе падтрымала. Мы пачалі падрыхтоўку, быў сабраны калектыў, таму што ў горным турызме і альпінізме вельмі важная каманда. Неабходна, каб людзі адно аднаго ведалі, хадзілі разам у паходы і разумелі таварышаў з паўслова, як сям'я. Атмасфера ў калектыве —  гэта аснова поспеху.

Што да самога ўзыходжання, мы не адразу адправіліся на вяршыню з факелам, спачатку рабілі пару акліматызацыйных выхадаў. За гэты час зразумелі, што сёлета не будзе лёгка, таму што лінія снегу знаходзілася досыць нізка, яна пачалася ўжо на вышыні паўтары тысячы метраў, а звычайна — з дзвюх тысяч. Як правіла, такі маршрут праходзяць за тры дні, а ў нас пайшло на яго пяць дзён.

— Якія пачуцці былі падчас таго падняцця?

— Стаць удзельнікам такой падзеі было вялікім гонарам для мяне. Хвалююча было, у першую чаргу таму, што вельмі хацелася, каб усё атрымалася. У першы паход мы пратапталі вельмі шмат снегу, але была непагадзь, таму было не зразумела, замяло нашы сляды ці не, ці паспеем мы спусціцца. Аказалася, што намяло няшмат, а з факелам мы падняліся ўжо ў два разы хутчэй.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Хведар Чэрня. Сябра маёй вясны

Хведар Чэрня. Сябра маёй вясны

Радок на яго помніку спыняе і змушае задумацца.

Культура

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск: турыстычная Мекка на прыграніччы

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай.

Грамадства

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?

 Псіхолаг Раман Кручкоў упэўнены, што на самай справе агрэсія ўласціва ўсім людзям.  

Грамадства

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя

Археалагічны музей «Бярэсце» і навакольная тэрыторыя перажываюць вялікае абнаўленне.