Вы тут

Коды доступу


Нядаўна найбуйнейшую нарвежскую авіякампанію абвінавацілі ў сексізме. Усё з-за дрэс-коду: сцюардэс на рабочым месцы абавязалі насіць выключна высокія абцасы. Сурова, праўда? («Я спытала ў сцюардэсы, ці можа яна мяне перасадзіць ад дзіцяці, якое ўвесь час раве, крычыць і ўсё раскідвае. Яна адказала, што не. Аказваецца, гэта забаронена, калі тое дзіця — тваё».) Яшчэ адзін пункт з 22 старонак новай інструкцыі, якая рэгламентуе знешні выгляд работнікаў, — жанчыны павінны фарбаваць вочы і карыстацца танальным крэмамі. Мужчынам, наадварот, забаронены макіяж, хіба толькі калі прышч замазаць трэба. («— Прыкінь! Пасля ўсіх гэтых рэкамендацый па дрэс-кодах апранаю я, значыцца, строгую сукенку ніжэй калена, раблю някідкі макіяж, мінімум аксесуараў, закрытыя туфлі-лодачкі. Дык кадравічка і дзвюх хвілін са мной не размаўляла — выгнала! — Вась, можа ты не пагаліўся?») І што тут такога, спытаеце вы?


Па-першае, многія авіякампаніі ўжо адыходзяць ад строгіх правілаў у адносінах да адзення персаналу, некаторыя нават адмовіліся ад абавязковых спадніц ва ўніформе сцюардэс. Што датычыцца фірмовага стылю апошніх, як па мне, дык гэта неад'емная частка іміджу любой авіякампаніі. А што, дзяўчаты ідуць у прафесію не за гэтым у тым ліку? («Сцюардэсам вельмі лёгка, бо ў салоне ўсе мужыкі ўжо адсартаваныя па класах».) А, па-другое, летась у Глабальнай справаздачы па прагрэсе ў дасягненні гендарнай роўнасці Нарвегія заняла другое месца пасля Ісландыі. І тут такі канфуз: аказваецца, на вышыні агульныя правілы не дзейнічаюць. («— Мама, тата, у мяне новая работа! Я цяпер сакратарка! — Ты не сакратарка, ты — ганьба сям'і, сынок».)

Як не дзейнічаюць яны і для тых, хто іх сам для сябе ўстанаўлівае. Вось, скажам, Кім Кардаш'ян, вядомая майстрыха прыцягваць да сябе ўвагу, дакладней, да сваёй карміцелькі — «пятай кропкі». Напачатку мадэль прагулялася па вуліцах у празрыстых легінсах ад французскага дызайнера Жана-Поля Гацье, якія так шчыльна абцягвалі тую самую кропку, што гэта, вядома ж, выклікала фурор. Балазе, на Кім пад легінсамі хоць бы былі белая бялізна, якая некалькі ратавала становішча. («На карпаратыве ў паліклініцы стрыптызёрша распранулася толькі па пояс».) А наступным разам мадэль прагулялася па Парыжу ў адных толькі чорных аксамітных трусах. Не, быў яшчэ празрысты камбінезон з леапардавым прынтам і французскі берэт, але ўсе зноў заўважылі толькі сподняе. («Для таго каб схаваць твар ад мужчын, жанчынам зусім неабавязкова надзяваць паранджу. Міні-спадніца куды больш эфектыўная!»)

Праўда, такая адданасць абранаму стылю можа дарагога каштаваць, нават жыцця. Памятаеце, «альпіністку ў бікіні»? Жанчына праславілася тым, што хадзіла ў горы выключна ў купальніку, за што і атрымала адпаведную мянушку ў сеціве. У пачатку года яна ў нацыянальным парку на Тайвані звалілася ў цясніну. Здолела выклікаць дапамогу па спадарожнікавым тэлефоне, але ноччу ў гарах тэмпература апусцілася да мінус двух градусаў, а знайшлі пацярпелую толькі праз 28 гадзін...

Гэта, канешне, крайнасць. Але цяга да экстрыму, відаць, у крыві многіх, у распрацоўшчыкаў прадукту — дакладна. Што пацвярджае новы трэнд у адзенні — джынсавыя... трусы за амаль 300 долараў (на здымку). Так, не шорты, а менавіта сподняя бялізна, якая, па задуме дызайнераў, павінна стаць моднай навінкай у лінейцы жаночага адзення вясны-лета 2019 года. Гэткі пропуск у свет гламуру. «Яе можна насіць пад штанамі ці зверху іх, гэта значыць, што яна больш універсальная, чым самая звычайная сподняя бялізна». Менавіта так рэкламуюць той самы «прадукт» вытворцы. Балазе, у сеціве даволі скептычна паставіліся да джынсавых шортаў-трусоў. («Дзіўная справа: усяго чатыры дні не галіўся, а куртка ўжо сядзіць як крадзеная».) Як думаеце, з'явіцца тая навінка на нашых вуліцах летам?..

Дарэчы, згодна з вынікамі праведзенага летась сацыялагічнага даследавання па пытаннях гендарнай дыскрымінацыі на рынку працы, чвэрць беларусаў сутыкаюцца на сваіх рабочых месцах з неабгрунтаванымі патрабаваннямі да знешняга выгляду. На першым месцы ў спісе дыскрымінуючых умоў для мужчын — неабходнасць насіць строгі касцюм незалежна ад умоў надвор'я і наяўнасці кантактаў з кліентамі. («На рабоце ў нас строгі дрэс-код. Адзінае паслабленне: падчас водпуску на работу можна прыходзіць у джынсах».) Самыя распаўсюджаныя патрабаванні да знешняга выгляду жанчын таксама традыцыйныя, — быць у сукенках, спадніцах. («Ва ўсіх дзяўчат матылькі ў жываце патрабуюць кахання, і толькі моль у жываце Тамары патрабуе футра».) Што цікава, толькі 17,7 працэнта працаўнікоў спрабуюць змагацца з такой сітуацыяй. («Офіснаму работніку на заметку. Калі ў ваш кабінет часта заходзяць без стуку, павесьце звонку на дзверы мішэнь для дартса. Праверана!») Між тым даследчыкі кажуць, што дрэс-код апраўданы, калі ён абгрунтаваны, — забяспечвае бяспеку работнікаў, падкрэслівае прафесійныя традыцыі. У астатніх выпадках на першым месцы павінны быць не знешнасць, а кампетэнцыі.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.