Вы тут

Паліто для дэпутата


Аднойчы трапіліся на вочы цікавыя матэрыялы з гісторыі станаўлення самакіравання на Палессі ў перадваенны час. Дацэнт кафедры сусветнай гісторыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Бодак правёў па архіўных матэрыялах грунтоўнае даследаванне ў гэтым кірунку. Тэмай для артыкула вучоны ўзяў прыцягненне мясцовых кадраў да работы ў органах савецкай ўлады перад вайной у Ганцавіцкім раёне. Артыкул апублікаваны ў адным з выпускаў зборніка навуковых прац «Вучоныя запіскі Брэсцкага ўніверсітэта» ў 2018 годзе.


На аснове справаздач, тлумачальных і іншых запісак партыйных кіраўнікоў, а таксама пісьмаў ды і даносаў радавых грамадзян даволі цікава паўстюць вобразы старшыні сельсавета, мясцовага дэпутата. Райкамам партыі, райвыканкамам у тую пару кіравалі людзі прыезджыя, у большай ці меншай ступені падрыхтаваныя. А вось у сельсаветы нярэдка прыходзілі звычайныя вяскоўцы, абраныя аднасяльчанамі. Яны па-рознаму разумелі сваю ролю, па-рознаму карысталіся сваім статусам. Многія з прыведзеных дакументаў выклікаюць усмешку: дзе вясёлую, дзе горкую. Але ж гэта былі першыя крокі самакіравання пры новай уладзе. У прыведзеных цытатах знарок апускаю прозвішчы людзей, магчыма, у вёсках ці гарадах жывуць дзеці альбо ўнукі былых сельскіх кіраўнікоў. Самі заметкі, спадзяюся, будуць цікавыя цяперашнім калегам тагачасных кіраўнікоў.

Вось, скажам, старшыня Чудзінскага сельсавета расчараваўся ў новай уладзе. Аднавяскоўцам ён гаварыў: «Калі б знаў спачатку пра гэтыя калгасы, нізавошта свайго каня не абагуліў бы — потым не без роспачы дадаў — Лепш бы я тады захварэў!» І атрымаў за гэта данос «пільнага» аднасяльчаніна. На жаль, не вядома, што было старшыні за тыя вольныя размовы.

А вось яго калега з Малькавічаў, падобна на тое, нічога не баяўся. І паперы рознага кшталту на яго паступалі рэгулярна. Асабліва ён вызначыўся ў разносах ды лаянцы, даставалася і правым, і вінаватым. Так, адзін прызыўнік сведчыў: «Нават пры панскай Польшчы так не лаяліся, калі адпраўлялі ў армію, а старшыня Х., абраны народам, лаецца на чым свет стаіць». Да гэтага ўказаны старшыня быў замешаны ў сур'ёзным правапарушэнні, але там ён выступіў на баку права і дапамог затрымаць дэбашыра. Прывяду радок з пратакола без перакладу, бо надта ж цікавая мова тых пратаколаў: «... Гад признал себя виновным, но заявил, что милиционер и председатель сами его избили в квартире В. и во дворе клуба. Его (дэбашыра) упекли в Пинскую тюрьму з вещдоком — железным сердечником». У папярэднім абзацы гаварылася, што тым самым сардэчнікам ад воза дэбашыр спрабаваў кіраўніка мясцовай улады выцяць па галаве.

Дык вось у іншым дакуменце расказваецца, якую непавагу праявіў скандальны старшыня да прадстаўнікоў вышэйстаячых органаў: «Я не разрешаю собрание... Пускай ко мне приезжает кто хочет, не только с района, но даже и с области, я и его могу послать к чертовой матери, потому что я здесь хозяин». Так ён, відаць, разумеў сваю ўладу і свой статус.

А старшыня Хатыніцкага сельсавета, паводле аднаго з дакументаў, напярэдадні 1 мая ў будынку сельсавета развёў бруд, сам жа ў рабочы час ездзіў у суседнюю вёску да кабет, якія вядомыя ў акрузе «вясёлымі» паводзінамі. Ёсць запіска, якая сведчыць, што старшыня і дэпутат Кукаўскага сельсавета па блаце бралі тавары ў краме. Абураным аднавяскоўцам дэтутат Т., які загортваў паліто ў скрутак, так растлумачыў: «Мне, як дэпутату, можна браць у неабмежаванай колькасці». Як тут не згадаць шолахаўскага Дзеда Шчукара, які разумеў любую пасаду як крыніцу прывілеяў. І гісторыя ўпарта і настойліва пацвярджала дзедаву мудрасць...

Ды паліто альбо іншы тавар — дробязі, у параўнанні з тым, што тварыў дэпутат раённага Савета ад Хатыніч. Ён дамагаўся жонкі былога солтыса, якога рэпрэсавалі органы НКУС. Аднойчы гэты гора-выбраннік прыйшоў да жанчыны і прабыў там цэлую ноч. А калі яна рашуча не адказала на заляцанні, то прыгразіў ёй павелічэннем падаткаў. І, відаць, зрабіў бы гэта, але сігнал паступіў у райкам партыі, і дэпутата паставілі на месца.

Яшчэ райкаму партыі давялося ўмяшацца ў працэс папаўнення радоў камсамольскай ячэйкі вёскі Кукава. Бо сакратар ячэйкі патрабаваў «уступны ўзнос» у памеры літра самагонкі. Капанулі, як той казаў, глыбей, і высветлілася, што гэты сакратар пры папярэдняй уладзе быў асуджаны за крадзяжы, а тут рашыў падацца на кіруючую пасаду ў маладзёжнай арганізацыі. Таму ледзь не ў кожным рашэнні райкама гаварылася пра адукацыю, вучобу і выхаванне кадраў, што, дарэчы, да гэтай пары актуальна. Вось і пазаўчора падчас прызначэння кадраў на самым высокім узроўні прагучала патрабаванне бачыць людзей, быць бліжэй да іх, не дапускаць хамства і чыноўнай ганарыстасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».