Вы тут

Што зменіцца ў выбарчым працэсе ў Беларусі?


«Параўнальны аналіз» выбараў прэзідэнта Казахстана, якія адбыліся ў нядзелю, і кампаній, якія маюць адбыцца ў нашай краіне, робіць старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія ЯРМОШЫНА.


На яе думку, падчас выбарчых кампаній будуць актыўна выкарыстоўвацца сацыяльныя сеткі. «Да гэтага перайшоў увесь свет. Так, на выбарах прэзідэнта Украіны казалі, што спадар Зяленскі ўвогуле не карыстаўся тэлевізійным часам і не сустракаўся з выбаршчыкамі: уся агітацыя праходзіла цалкам у глабальным сеціве», — разважае Лідзія Ярмошына, якая была міжнародным назіральнікам на выбарах у Казахстане.

Старшыня ЦВК называе гэты спосаб агітацыі вельмі перспектыўным, але і небяспечным, бо ён практычна не кантралюецца: немагчыма вызначыць, колькі сродкаў на гэта расходавана, невядомыя крыніцы фінансавання. «Па сутнасці, нельга паназіраць, ці не парушаюцца правілы перадвыбарнай агітацыі. Гэта цягне вялікія схаваныя рызыкі, бо Выбарчы кодэкс, створаны ў 2000 годзе, гэтага ніяк не рэгулюе», — лічыць Лідзія Ярмошына. На яе думку, кандыдаты чакаць не будуць і скарыстаюцца магчымасцямі сацыяльных медыя.

Казахстанскую норму, якая патрабуе ад кандыдата мінімум пяцігадовага досведу работы ў дзяржаўнай службе ці на выбарнай дзяржаўнай пасадзе, Лідзія Ярмошына лічыць спрэчнай. «Не магу ацаніць яе як дэмакратычную. Увогуле яна рэдка сустракаецца, нават не ведаю, дзе я падобнае бачыла. У Беларусі змен у гэты бок не будзе: навошта абавязкова абмяжоўваць? Бо, атрымліваецца, тады дакладна прыйдзе чалавек з каманды кіраўніка дзяржавы, раз ён ужо быў на дзяржслужбе. У такім выпадку адзін чыноўнік проста змяняецца на іншага», — аналізуе старшыня Цэнтрвыбаркама.

Адзначыла Лідзія Ярмошына і пэўную мадэрнізацыю выбарчых працэсаў у абедзвюх краінах: «Так, у Казахстане зараз я ўпершыню ўбачыла адмысловыя кабіны для інвалідаў, сродкі для галасавання невідушчых. У Беларусі выкарыстоўваюцца трафарэты для сляпых грамадзян, у метадычныя рэкамендацыі мы таксама заклалі неабходнасць стварэння спецыяльных месцаў для галасавання інвалідаў, патрабуем наяўнасці безбар'ернага асяроддзя».

«Метадычна мы цалкам гатовыя да выбараў. Падрыхтаваныя ўсе інструкцыі — гэта самы вялікі матэрыял, які трэба вырабіць друкарскім спосабам. Адразу пасля абвяшчэння выбараў цалкам зможам забяспечыць рэгіёны, бо там будуць фарміравацца камісіі», — паведаміла старшыня ЦВК і растлумачыла, што каляндарны план пакуль што ўтрымлівае толькі пералік мерапрыемстваў, а дакладныя тэрміны кампаній будуць узгоднены пазней.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Выбары імкнуцца да анлайну

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.