Вы тут

Як у Магілёве спрабуюць вырашыць праблему з бадзяжнымі жывёламі


Пушыстая трохкаляровая кошка з'явілася каля нашага шматпавярховіка невядома адкуль. Пяшчотная і даверлівая, яна зусім не баялася людзей. І прыгажуня была рэдкая. Некаторыя нават абяцалі забраць яе дамоў — і аднойчы забралі. А на наступны дзень яна зноў сядзела каля нашага пад'езда. Яе прыгожая мордачка была ўся змятая, з рота капала кроў, адно вока наогул не адплюшчвалася. Хутка высветлілася, што аўчарка патэнцыйных гаспадароў не прыняла кошку ў «сям'ю», а людзі не палічылі патрэбным ратаваць знявечаную істоту. Небарака сапраўды здавалася безнадзейнай — адным словам, памірала.


Імя спрацавала

Не хвалюйцеся, Каця жывая. Каця — гэта імя кошкі. А яшчэ яе анёла-ахоўніка — валанцёра Кацярыны. У магілёўскае таварыства абароны жывёл «Добрае сэрца» я тады патэлефанавала хутчэй ад бездапаможнасці. На сігнал прыбегла дзяўчына, пасадзіла гаротніцу ў пераноску і папярэдзіла: шукайце вашай падапечнай гаспадара. Потым Каця дасылала ў «Вайберы» справаздачы, а я баялася іх глядзець. Перабінтаваная кошка з нейкімі трубачкамі здавалася мне яшчэ больш безнадзейнай. Але дзяўчына падбадзёрвала. І сапраўды, праз некалькі тыдняў мурлыку было ўжо не пазнаць.

— Напэўна, імя спрацавала, — смяецца Кацярына. — Калі я прынесла яе да ветэрынара, першае, пра што ў мяне спыталіся, — як яе імя. Я спачатку разгубілася, а потым выпаліла — Каця. Маўляў, ёй зараз не хапае здароўя, а ў мяне з гэтым усё ў парадку. Праз некаторы час сяброўка, якая не ведала, што я дала кошцы сваё імя, назвала яе Кацяй ужо ў другой клініцы. Адным словам, у кошкі такі лёс — быць Кацяй.

Беднай жывёліне давялося ставіць зонд: самастойна есці яна не магла. Пад кантролем сваёй цёзкі яна хутка аднавіла сілы. А нядаўна пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў добрую сям'ю. Хэпі-энд, заслона, апладысменты... Такіх аптымістычных гісторый Каця можа расказаць шмат. Апошнія шэсць гадоў яна толькі і займаецца тым, што ратуе хворых катоў і знаходзіць для іх сем'і. А ўсё пачалося раптоўна.

— У мяне жыў кот, і я нават не думала пра тое, што яны могуць хварэць. За пятнаццаць гадоў яго жыцця я толькі два разы была ў ветэрынара, — расказвае яна. — На вулічных яго суродзічаў наогул не звяртала ўвагі. Мне здавалася, што катам патрэбна толькі ежа і болей нічога. Але аднойчы я падабрала на вуліцы маленькае бездапаможнае кацяня, якое памірала, і прынесла дадому. Як потым высветлілася, яно хварэла на каліцывірус (распаўсюджаная каціная хвароба) і заразіла майго ката. Мы позна ўбачылі гэта, і выратаваць яго не атрымалася. Гэта было вялікае гора для мяне. І я вырашыла: кацяня крыху падрасце, я яго аддам, і болей катоў у мяне не будзе. Але ўслед за Сарачкай, так мы яе назвалі, з'явіўся такі ж хворы Сцёпачка. На яго жахліва было глядзець — знясілены, з кучай блых. У клініцы сказалі, што без аперацыі на вачах не абысціся, бо ў яго яны ўжо амаль не адкрываліся. І мы пайшлі на гэта. Паўгода няньчыліся з двума катамі, а потым сталі з'яўляцца новыя з ліку хворых, траўмаваных, атручаных.

Браты нашы меншыя, прабачце нас

А вось гэты выпадак зусім з іншай плоскасці. Гадоў дзесяць, а можа і болей, у Магілёве судзілі маладых хлопцаў, якія здзекаваліся з катоў і здымалі ўвесь гэты трэш на відэа. Спачатку з экрана глядзяць спалоханыя вочы адлоўленага ў падваротні маленькага кацяняці. Праз некалькі секундаў яго разрывае чалавечая рука і на далоні жахліва пульсуе акрываўленае сэрца...

Адзін з апошніх пастаяльцаў Каці — Саня, рыжы кот без хваста. Ветэрынары паглядзелі яго і сказалі, што нехта выдраў хвост з хрыбетніка. Не проста прыціснуў дзвярыма, а рвануў са ўсяго дуру.

Не знайшоўся пакуль гаспадар і для Оскара, які на выхаванні Каці. Ён прыгожы, але адна лапа бяздзейнічае. Кату перабілі наогул дзве і знявечылі так, што ветэрынары тры гадзіны збіралі яго па запчастках.

Бадзяжныя жывёлы рэдка бываюць здаровымі. Панлейкапенія, вірусны перытаніт, каліцывірус — ад адных назваў гэтых распаўсюджаных сярод бяздомных катоў і сабак хвароб робіцца дрэнна. Кацярына ж вымаўляе іх без запінкі. І вельмі ўдзячная сваёй сяброўцы Святлане, якая дапамагае ёй лячыць. Святлана — дыпламаваны спецыяліст па ветэрынарыі.

— Севу мы вярнулі, лічы, з таго свету, ад яго адмовіліся нават ветэрынары, — расказвае Каця пра яшчэ аднаго свайго гадаванца. — У яго не працаваў страўнік. Месяц змагаліся, і ён выжыў. Але пасля гэтага стаў есці толькі варанае мяса. Ніхто не хоча моцна траціцца на ката. Таму ён у нас і застаўся.

Уся зарплата на катоў

Ратаваць катоў для суразмоўцы — справа жыцця. Праўда, абыходзіцца гэта нятанна. «Толькі адных кармоў купляю штомесяц на 200 рублёў, а калі нехта захварэе, гэта каравул, — прызнаецца Каця. — Праз таварыства «Добрае сэрца» шукаем спонсараў. Дзякуючы арганізацыі можна эканоміць на нейкіх аперацыях, стэрылізацыі. За грошы таварыства мы стэрылізавалі кошак з некалькіх бліжэйшых двароў. Увосень людзі зноў пачнуць выкідаць з дамоў сваіх гадаванцаў, і ўсё пачнецца зноў. Гэтыя няшчасныя жывёлы ходзяць, хварэюць, пакуль не памруць або пакуль такія, як мы, не возьмуць іх да сябе дамоў.

— Дрэнна, калі праблемай бадзяжных жывёл павінны займацца выключна валанцёры, — кідае сяброўка Кацярыны Святлана. — Адзін у полі не воін. У нас у горадзе ёсць толькі «ператрымкі» і «Спецаўтапрадпрыемства», дзе іх усыпляюць. Што тут казаць, калі свядомасць грамадзян нізкая, калі яны не разумеюць элементарных рэчаў, важнасць той жа стэрылізацыі. Нам, каб стэрылізаваць дзесяць кошак на месяц, трэба цэлую зарплату пакласці. Клінік, якія робяць гэта бясплатна, у Магілёве няма. Хоць гэта сацыяльная праблема.

«Дзясяткі паездак да ветаў і «гігабайты» цярпення, пошук гаспадароў і — ура! Яны знайшліся». Гэтыя аптымістычныя радкі з сайта магілёўскага таварыства абароны жывёл «Добрае сэрца». Грамадская арганізацыя аб'ядноўвае валанцёраў накшталт Кацярыны і Святланы, якія добраахвотна дапамагаюць па магчымасці бадзяжным жывёлам. Усе каты і сабакі, прадстаўленыя на сайце, жывуць на «ператрымцы». Яны рэабілітаваныя, прайшлі медыцынскі агляд, іншыя неабходныя прафілактычныя працэдуры. На жаль, не ўсе жывёлы прышчапляюцца, бо не хапае сродкаў на вакцынацыю. Гэтая працэдура ўскладаецца на будучых гаспадароў. Нельга без слёз глядзець на асаблівых выхаванцаў, прасцей кажучы інвалідаў. Кот у падгузніку, таму што ў яго пераломлены хрыбетнік і ён не можа кантраляваць свой стул, кацяня без вока — яны таксама шукаюць сабе дом і абяцаюць любіць сваіх гаспадароў. І шчаслівыя паведамленні: «Гром дома!», «Света дома!», «Умка, Аляска, Сцеша, Віні, Машанька, Вара дома» — усяляюць надзею, што працуюць валанцёры недарэмна. Знаходзяцца людзі, якія ахвяруюць грошы, дапамагаюць прадуктамі, робяць за свой кошт аперацыі, але такіх прыкладаў, на жаль, мала.

Цікава, што нашымі бадзяжкамі болей цікавяцца іншаземцы. Прыгожы шэры кот Філіп, які пакуль жыве ў Каці, сёмага ліпеня ляціць на самалёце ў Германію. Ён ужо і з дакументамі, і з прышчэпкамі. Яшчэ адну Каціну кошку забрала сям'я з Франкфурта-на-Майне.

Гэта яшчэ і небяспечна

Пра тое, што праблема бадзяжных жывёл стаіць востра, кажуць і работнікі магілёўскага «Спецаўтапрадпрыемства».

— Рэгістрацыя жывёл у Магілёве ідзе вельмі марудна, — кажа намеснік дырэктара Валянціна Плескачова. — На сённяшні дзень зарэгістравана толькі 150 сабак. А колькі іх жыве ў прыватным сектары, ніхто не скажа. Што датычыцца катоў, то іх наогул ніхто не рэгіструе. У выніку бадзяжных жывёл меней не робіцца.

На прадпрыемстве ёсць некалькі вальераў для часовага ўтрымання сабак. Але тут яны могуць знаходзіцца не болей пяці дзён. І гаспадар, калі ён знойдзецца, павінен кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне. Мая суразмоўніца згадала толькі адзін выпадак, калі адлоўлены сабака быў зарэгістраваны і з жэтонам, па якім і знайшлі гаспадара.

На жаль, адсутнасць парадку з улікам жывёл прыводзіць да вельмі непрыемных наступстваў. У Магілёўскім раёне нядаўна быў выпадак, калі дзяўчынку пакусаў сабака. Калі яго праверылі, ён аказаўся хворы на шаленства.

Тым часам

У магілёўскай школе № 34 вырашылі знайсці выйсце з праблемы. Тут напісалі цэлую даследчую работу наконт бадзяжных жывёл і нават зрабілі котадом.

— Мы прачыталі, што ў адным з беларускіх гарадоў з дапамогай міжнароднай арганізацыі такі катадом устанавілі, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Вольга Пятрова. — Мы вырашылі паўтарыць гэты прыклад. Разам з вучаніцамі другога і чацвёртага класаў правялі даследаванне і нават з іншымі вучнямі чацвёртага і другога класаў хадзілі да валанцёраў арганізацыі «Добрае сэрца». Праблема сапраўды вельмі вострая. Але калі мы зрабілі катадом, высветлілася, што паставіць яго ў горадзе няма дзе: парушаюцца саннормы.

Атрымліваецца парадокс: бадзяжныя жывёлы ёсць, а ствараць ім умовы жыцця нельга. У выніку катадом прапісаўся на тэрыторыі прыватнага домаўладання. А праблема так і засталася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Анёл-ахоўнік для Каці...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.