Вы тут

Цэнтр Якуба Коласа адкрыўся ў Цяньцзіні


Вялікі кітайскі мудрэц Канфуцый сказаў: «Тры рэчы ніколі не вяртаюцца назад — час, слова, магчымасць. Таму: не губляй часу, выбірай словы, не прапускай магчымасці». Праз шмат стагоддзяў класік беларускай літаратуры Якуб Колас сфармуляваў асноўнае памкненне беларускага сялянства пачатку ХХ стагоддзя — «Прыдбаць свой кут…», аўтарскае замілаванне да якога так красамоўна адлюстравана ў хрэстаматыйнай паэме «Новая зямля». Нагоды паяднаць маральна-філасофскі ўніверсум і лакалізаваныя ў часе і прасторы нацыянальныя інтарэсы паспяхова з’яўляюцца і ў наш час.


Кіраўніцтва Пасольства Беларусі ў Кітаі і Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў на ўрачыстым ускладанні кветак да помніка Якубу Коласу.

Беларускасць у Цяньцзіні

На працягу апошніх некалькіх гадоў у кітайскім горадзе Цяньцзіні сфарміраваўся сталы беларускі культурна-асветніцкі асяродак. Пры Цяньцзінскім універсітэце замежных моў створаны Цэнтр вывучэння Беларусі і беларускай мовы, 18 верасня 2018 года тут быў урачыста адкрыты помнік Якубу Коласу (скульптар Сяргей Гумілеўскі), які ва ўніверсітэцкім гарадку склаў кампанію дагэтуль адзінокаму помніку Канфуцыю. На сцяне аднаго з гістарычных будынкаў красуюцца назвы ўніверсітэта на розных мовах свету (на ўзор Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі), у тым ліку беларускай. Беларуская мова стала мовай будучай прафесіі для групы кітайскіх студэнтаў.

Зусім нядаўна, у сярэдзіне мая, у гэтым 15-мільённым горадзе Паднябеснай, у атачэнні незлічоных хмарачосаў, быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, ачоленых Пасольствам Беларусі ў Кітаі, закліканых замацаваць тамтэйшую беларускую прысутнасць, пашырыць фармат міжнароднага супрацоўніцтва: фестываль беларускай культуры; адкрыццё Цэнтра Якуба Коласа; навуковая канферэнцыя «Літаратура ў культурнай прасторы Беларусі і Кітая», прысвечаная народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу, і іншыя. Насычаную праграму, своеасаблівы культурны марафон адкрыў сумесны канцэрт «Вечар Беларусі і Кітая», на якім вёў рэй, знаёміў вялікую залу з нацыянальнай фальклорнай аўтэнтыкай гурт «Ветах» (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Калацэй).

Разам з мерапрыемствамі, разлічанымі на вялікую аўдыторыю, адбылася афіцыйная сустрэча рэктара Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў, прафесара Чэна Фачуня з беларускай дэлегацыяй выкладчыкаў і навукоўцаў. Ва ўрачыстай атмасферы былі падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве паміж названай кітайскай ВНУ і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, гімназіяй № 23 г. Мінска (з 2016 года тут дзейнічае Цэнтр кітайскай мовы і літаратуры).

Урачыста прайшло адкрыццё Цэнтра Якуба Коласа, дзе з прывітальным словам выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыл Руды. Новаствораная беларуская гаспода ў Паднябеснай адразу папоўнілася кніжнымі зборамі, нацыянальнымі строямі і ручнікамі, падараванымі прысутнымі гасцямі з Мінска.

Навуковая дыпламатыя

Усе ўдзельнікі даследчыцкага форуму «Літаратура ў культурнай прасторы Беларусі і Кітая» прадстаўлялі навуковыя, адукацыйныя, культурна-асветніцкія ўстановы абедзвюх краін, якія маюць шматгадовы досвед міжнароднага супрацоўніцтва, на рахунку многіх — не толькі прафесійны абавязак, але і асабісты энтузіязм, сяброўская сімпатыя, прыватная ініцыятыва ўзвядзення мастоў дружбы. Літаратурнае супрацоўніцтва набывала сваю факталагічнасць і персаніфікаванасць праз згадку кітайскімі калегамі імёнаў Рыгора Барадуліна, Святланы Алексіевіч, Алеся Карлюкевіча, Алеся Бадака, Леаніда Дранько-Майсюка, Віктара Шніпа, Наталлі Батраковай і інш.

Зададзеная сфакусаванасць на творчасці Якуба Коласа і яе ўспрыманні «здалёк і зблізку» прадвызначыла адмысловую тэматычную сканцэнтраванасць, актывізавала сілавое поле народнай дыпламатыі.

Даклады, агучаныя на канферэнцыі (мадэратары: Вольга Шахаб, Ганна Валочка), аргументавана засведчылі плённасць сучаснага міжнароднага супрацоўніцтва, надзённую запатрабаванасць традыцый, фактаў культурных узаемін мінуўшчыны, іх уключанасць у непарыўную гісторыю міжнацыянальнага дыялогу. Так, намеснік дырэктара Цэнтра даследавання Расіі Народнага ўніверсітэта Кітая — СанктПецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ван Сяньцзю нагадаў пра надзвыйчай удалую мастацкую работу Заіра Азгура — мармуровую скульптуру заснавальніка сучаснай кітайскай літаратуры Лу Сіня (1881— 1936), амаль равесніка Якуба Коласа, выкананую ў 1953—1954 гадах (захоўваецца ў Траццякоўскай галерыі). На думку замежных мастацтвазнаўцаў, скульптура майстра, які ніколі не бываў у Паднябеснай, атрымалася вельмі жывой, адухоўленай, адпаведнай творчай асобе Лу Сіня, патомка заснавальніка неаканфуцыянства Чжоу Дуньі ў 32-м калене.

Дырэктар Цэнтра вывучэння Беларусі пры Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце Бэй Вэньлі прысвяціў сваё выступленне адлюстраванню духу часу, асабістай рэцэпцыі культуры Сінявокай, а таксама дзейнасці мінскага музея Якуба Коласа, арыентаванай на замежных наведвальнікаў. Адзначым, што спадар Бэй Вэньлі — ініцыятар стварэння першага ў Кітаі Цэнтра вывучэння Беларусі (2012).

Намеснік дырэктара Інстытута Еўропы Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Сюй Чуаньхуа спыніў увагу на шляхах да нацыянальнай ідэнтычнасці ў беларускай літаратуры.

Галоўны рэдактар Шылінголскага навукова-даследчага інстытута «Эканамічны карыдор Кітая, Манголіі і Расіі» Чжан Пэйюань вяла гаворку пра патрыятычныя традыцыі Якуба Коласа ў паэтычнай творчасці кітайскіх студэнтаў.

Даклад Чжан Яньцзюнь, аспіранткі Усходне-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта, меў назву «Роля Якуба Коласа ў нацыянальнай культурнай ідэнтычнасці сучаснай Беларусі» і быў прысвечаны аналізу студэнцкіх сачыненняў, напісаных пасля прачытання «Новай зямлі» ў перакладзе на рускую мову.

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі мелі магчымасць апрабаваць некаторыя прыярытэтныя тэмы сваіх даследаванняў на кампетэнтнай і зацікаўленай кітайскай аўдыторыі.

Творчасць Якуба Коласа ў сучаснай культурнай прасторы разгледзела дырэктар мінскага музея песняра Зінаіда Камароўская. Выхаваўчы патэнцыял творчай спадчыны класіка, педагагічныя ідэі, мастацкае ўвасабленне нацыянальнага і агульначалавечага сталі прадметам аналізу дакладаў Уладзіміра Пашкевіча — прарэктара Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Марыі Воінавай-Стрэхі — начальніка міжнародных сувязяў МДЛУ, Вольгі Зелянко — намесніка дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі, Ганны Валочкі — галоўнага навуковага супрацоўніка НІА, Ірыны Пасюкевіч — дырэктара ДУА «Гімназія № 23 г. Мінска з беларускай мовай навучання».

«Гастранамічныя густы беларусаў праз прызму коласаўскага тэксту: вопыт вывучэння на занятках рускай мовы як замежнай» — тэма выступлення Таццяны Ігнатовіч, дацэнта Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва і абмену Хэнаньскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій.

Тыпалагічныя асаблівасці вучэбных выданняў Якуба Коласа разгледзеў загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ Уладзімір Куліковіч.

Некаторыя прагматычныя аспекты міжнароднага супрацоўніцтва былі закрануты ў дакладах «Літаратурная Беларусь як экскурсійна-турыстычны аб’ект» (Вольга Шахаб, запрошаны прафесар; Касандра Шахаб, студэнтка Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў), «Папулярызацыя культурнай спадчыны Беларусі сродкамі адукацыйнага турызму» (Ларыса Кныш, дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры МДЛУ).

Пленарны даклад аўтара гэтых радкоў быў прысвечаны ролі літаратурна-мастацкіх часопісаў, кнігавыдавецкай практыкі Беларусі ва ўмацаванні беларуска-кітайскага культурнага дыялогу ХХІ стагоддзя.

Рабочымі мовамі канферэнцыі былі кітайская, руская і беларуская, прытым апошняя з названых пачувалася ў Цяньцзіне абсалютна камфортна і нават вяла рэй: у зале прысутнічалі спецыялісты-гуманітарыі, студэнты-беларусісты, гучаў сінхронны пераклад на кітайскую мову.

Мікола ТРУС

Здымак прадастаўлены Цяньцзінскім універсітэтам замежных моў

Загаловак у газеце: «Прыдбаць свой кут»... у Кітаі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?