Вы тут

Віцебская вобласць. Калыска натхнення, радзіма славутых асоб…


Пад ясным поглядам нябёсаў квітнее Віцебская вобласць, светлая і ўрачыстая, загадкавая і невычэрпная калыска натхнення і скарбніца талентаў, радзіма многіх славутых асоб.


Яднае захапленне словам

Сусветны дзень паэзіі ў Віцебскай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы: Ірына Радзіхоўская, Мікалай Намеснікаў, Тамара Краснова-Гусачэнка, загадчыца бібліятэкі Аксана Конышава.

Сёння Віцебск — упэўнены і сталы горад, вядомы сваім узроўнем культуры, мастацтва і літаратуры, а Віцебшчына — край нераўнадушных і таленавітых асоб, чыё прызванне — ствараць, ці ТВАРЫЦЬ. І ва ўсе часы на землях паўночнай сталіцы Беларусі нараджаліся яскравыя зоркі розных галін мастацтва, асаблівае месца сярод якіх займае літаратура.

Імёны Васіля Быкава з Ушаччыны і Уладзіміра Караткевіча з Оршы знаёмыя свету далёка за межамі нашай краіны. Ушацкія землі вядомыя і таленавітымі паэтамі, такімі як Рыгор Барадулін, Еўдакія Лось, Пятрусь Броўка, чыя творчасць і па сёння кранае не адну душу. Па ўсёй вобласці заўсёды ўспыхвалі і незгасальным полымем гарэлі іскры талентаў: Міхась Лынькоў — на Лёзненшчыне, Генадзь Бураўкін — на Расоншчыне, Уладзімір Дубоўка — на Пастаўшчыне, Вацлаў Ластоўскі — на Глыбоччыне…

Час не стаіць на месцы, і новыя імёны з’яўляюцца ў пярэстай чарадзе кампазітараў, мастакоў, пісьменнікаў. Плённа працуюць, ствараючы і прапагандуючы творы айчыннай літаратуры, пісьменнікі Віцебска: Тамара Краснова-Гусачэнка, Вольга Русілка, Аркадзь Русецкі, Мікалай Намеснікаў, Алена Крыклівец, Маіна Бабарыка, Леанід Мацюхін, Алена Фядзяева, Ірына Радзіхоўская. Орша вядомая імёнамі Галіны і Сяргея Трафімавых, Канстанціна Нілава, на Полаччыне жывуць і актыўна працуюць Мікалай Балдоўскі, Галіна Загурская, Пётр Буганаў, Віктар Карасёў, у Наваполацку — Надзея Салодкая, Тамара Талкачова. Алесь Жыгуноў, Уладзімір Савуліч і Ганна Зінкевіч з Глыбокага, Віктар Улюценка (Антон Параскевін) з Шуміліна, Ігар Пракаповіч з Пастаў, Фёдар Палачанін з Докшыц, Міледзій Кукуць з Шаркаўшчыны, Святлана Якубоўская з Лепеля і многія іншыя пісьменнікі.

Асоб з непаўторнымі адметнымі характарамі яднае любоў да малой радзімы і нашай агульнай Бацькаўшчыны, павага і захапленне Словам. 45 пісьменнікаў уваходзіць у склад Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Марына і Андрэй Шуханковы з Наваполацка, Аляксандр Раткевіч з Полацка і Мікалай Гарбачоў з Лепеля далучыліся да арганізацыі ў мінулым годзе.

Імкліва віруюць падзеі, дні змяняюць ночы, і гэтая няспыннасць усяго натхняе на творчасць, распальвае жаданне нешта рабіць, усталёўваць кантакты, разам імкнуцца да добрага і светлага.

Толькі за мінулы год пісьменнікамі Віцебскага аддзялення было праведзена каля шасцісот літаратурных мерапрыемстваў і творчых сустрэч, з іх каля ста зладзіла паэтэса і старшыня аддзялення Тамара Краснова-Гусачэнка, на выступленні якой паступае вялікая колькасць заявак з бібліятэк і вучэбных устаноў. Па шэсцьдзясят сустрэч з чытачамі правёў кожны з дзіцячых пісьменнікаў Оршы — Галіна і Сяргей Трафімавы і Галіна Загурская з Полацка.

За мінулы год дзякуючы пісьменнікам вобласці з’явіліся 46 кніг, амаль усе з якіх выдаваліся самастойна і выключна за ўласныя грошы. Літаратурнае слова гучала не толькі ў бібліятэках і дамах культуры, але і на абласным і рэспубліканскім радыё і з экранаў тэлевізараў. Па творах нашых пісьменнікаў ставяцца спектаклі. Вершы і артыкулы размяшчаюцца на старонках друку СМІ Беларусі і блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, Латвіі, ЗША, Ізраіля.

У 2018 годзе Віцебская вобласць адзначыла 80-годдзе з моманту ўтварэння, і нашы пісьменнікі далучыліся да свята: праводзілі тэматычныя літаратурныя сустрэчы, пісалі і чыталі творы, з якіх паўставала родная Віцебшчына. Яшчэ адзін юбілей — 60 гадоў! — адзначыў альманах «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная», кніга-скарбніца твораў віцебскіх пісьменнікаў, у тым ліку і маладых аўтараў, таленавітых пераможцаў літаратурных конкурсаў.

Плён кантактаў

Людзі ва ўсе часы імкнуцца да зносін з іншымі, і гэтыя зносіны часта выходзяць за межы канкрэтнага рэгіёна, аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных гарадоў, абласцей і краін, што спрыяе абмену досведам і ідэямі, усталяванню трывалых творчых і сяброўскіх сувязяў.

У 2018 годзе па добрай традыцыі пісьменнікі Віцебскага аддзялення ўзялі ўдзел у XXV Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, што аб’яднала 32 краіны. Яе наведала каля 30 тысяч зацікаўленых.

Плённым стаў XVI Міжнародны моладзевы праваслаўны форум-фэст «Адзігітрыя», у якім нашы літаратары таксама ўдзельнічаюць кожны год. Ганаровым членам журы, чыя праца была адзначана граматай за шматгадовы прафесійны ўнёсак у развіццё духоўна-патрыятычнай песеннай культуры і паэзіі, арганізацыю і падтрымку міжнароднага праваслаўнага фестывальнага руху, выхаванне моладзі і ўмацаванне дружбы славянскіх народаў, чарговы раз стала паэтэса і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка. Песні на яе вершы прагучалі ў праграме гала-канцэрта фестывалю ў Віцебскім летнім амфітэатры.

У Полацку з удзелам нашых пісьменнікаў прайшоў II Міжнародны літаратурны фестываль «Цэнтр Еўропы 2018». У інтэрнэт-конкурсе ўдзельнічалі 215 канкурсантаў з 12 краін: Беларусі, Расіі, Балгарыі, Украіны, Азербайджана, Ізраіля, Чэхіі, Казахстана, Аўстрыі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі і інш. Канкурсанты, члены журы, ганаровыя госці шматлікіх мерапрыемстваў фестывалю прадстаўлялі 9 краін свету.

Дню г. Віцебска прысвечаны маштабны праект — свята паэзіі «Жывая класіка на вуліцах горада», падчас якога каля помнікаў А. С. Пушкіну, Е. Лось, у абласной бібліятэцы гучалі творы пісьменнікаў Віцебшчыны і вершы ў выкананні юных пераможцаў конкурсу.

2019 год ідзе пад знакам павагі да малой радзімы, што азначае правядзенне шэрагу акцый і мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне пачуцця любові да мясцін маленства, адраджэнне родных куточкаў і павышэнне статусу вёскі. Пісьменнікі Віцебскага аддзялення актыўна бралі ў іх удзел, праз творчасць даводзілі, што малая радзіма — грунт, з якога ўзрастае дрэва жыцця.

Як прызнанне ў шчырай любові да Радзімы, усхваленне і захапленне ёю на сцэне віцебскага амфітэатра падчас святочнага канцэрта «Мой горад — мая любоў» у выкананні Вікторыі Лабкоўскай гучалі «Гімн Віцебска» на словы Тамары Красновай-Гусачэнкі і музыку Аляксандра Раўза і песня «Я иду по Витебску на зореньке...».

Літаратура не можа развівацца, існуючы ізалявана ад астатніх відаў творчасці. Пісьменнікі Віцебшчыны плённа працуюць разам з віцебскімі кампазітарамі, архітэктарамі, мастакамі.

Віцебскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі цесна супрацоўнічае з абласной газетай «Віцебскія весці» і гарадской газетай «Віцьбічы». Штоквартальна газеты публікуюць літаратурныя старонкі твораў пісьменнікаў і пераможцаў конкурсаў — маладых літаратараў.

Планета будучыні

Часам парасткам таленту даводзілася з цяжкасцю прабівацца праз каменне абставін. Адзін са спосабаў праявіць сябе, раскрыцца — конкурсы.

Рэспубліканскі творчы конкурс юных чытачоў «Жывая класіка», прысвечаны малой радзіме, традыцыйна праходзіць з удзелам пісьменнікаў аддзялення.

Сумесным мерапрыемствам Віцебскага абласнога аддзялення СПБ і абласнога аддзялення БРСМ стаў рэспубліканскі конкурс сачыненняў, эсэ, вершаў «Мая Беларусь. Мая Будучыня» сярод вучнёўскай моладзі. На базе гімназіі № 3 імя А. С. Пушкіна г. Віцебска традыцыйна праводзіцца штогадовы моладзевы літаратурны конкурс «Души прекрасные порывы», з юнымі талентамі гімназіі працуюць старшыня журы Тамара Краснова-Гусачэнка і члены журы — Алена Крыклівец, Ірына Радзіхоўская, Мікалай Намеснікаў.

Пісьменнікі аддзялення правялі расійска-беларускі конкурс аўтарскіх вершаў «Магия пера» сярод вучнёўскай моладзі. Разам з Полацкім раённым цэнтрам рамёстваў і нацыянальных культур і народным літаратурным аб’яднаннем «Наддзвінне» ў межах праекта «Шукаем таленты» арганізавалі моладзевы літаратурны конкурс «Край мой любы, край адвечны», прысвечаны Году малой радзімы.

Творцы аддзялення імкнуцца падтрымаць юныя таленты на літаратурным шляху. У вобласці працуюць 8 клубаў юных пісьменнікаў. Тамара Краснова-Гусачэнка вядзе літаратурны клуб «Сугучча» ў гімназіі № 3 імя А. С. Пушкіна, клуб юных паэтаў «Планета дзяцінства» ў Дзіцячай бібліятэцы імя Я. Коласа і разам з Марынай Бабарыкай з’яўляецца куратарам клуба «Крынічка» ў Віцебскай гарадской бібліятэцы імя С. Маршака. Пад кіраўніцтвам Галіны Загурскай творчую працу вядуць школы паэтычнага майстэрства ў СШ № 16 і СШ № 18 г. Полацка. Студэнцкая літаратурная гасцёўня «Строкой негромкою…» у ВДУ імя П. М. Машэрава пад кіраўніцтвам Алены Крыклівец шмат гадоў адкрывае новыя таленты. Клубам юных паэтаў у СШ Баравуха-3 кіруе Мікалай Балдоўскі. Ганна Зінкевіч з’яўляецца куратарам гуртка юных паэтаў «Зараначка» ў вёсцы Мярэцкія Глыбоцкага раёна. Народнае літаб’яднанне «Дняпроўскія галасы» працуе ў горадзе Оршы.

З павагай да творцаў

Вынік, да якога імкнецца пісьменнік, — стварэнне па-сапраўднаму якаснага і па-мастацку вартага твора, які змог бы прыўнесці нешта новае ў айчынную літаратуру.

Плённы 2018 год запомніўся вялікай колькасцю карысных спраў, і праца многіх нашых пісьменнікаў не засталася незаўважанай.

У юбілейны год старшыня аддзялення Тамара Краснова-Гусачэнка за актыўны ўдзел у прапагандзе айчыннай літаратуры і духоўна-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, высокія паказчыкі ў рабоце грамадскай абласной арганізацыі была ўганаравана высокай дзяржаўнай узнагародай Рэспублікі Беларусь — ордэнам Францыска Скарыны, а таксама адзначана Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, яна стала лаўрэатам (1-е месца) Міжнароднага літаратурнага конкурсу, прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння Чынгіза Айтматава ў намінацыі «Проза». Галіна і Сяргей Трафімавы сталі ганаровымі лаўрэатамі 2-га сезона Міжнароднай літаратурнай прэміі імя В. В. Біянкі ў намінацыі «Твор калектыву аўтараў». Алена Крыклівец стала лаўрэатам (2-е месца) міжнароднага музычна-паэтычнага фестывалю «Інтэррэальнасць» (г. Кіеў, Украіна). Алесю Жыгунову за актыўную прапаганду айчыннай літаратуры было прысвоена званне Пачэснага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мікола Гарбачоў, Святлана Якубоўская, Галіна і Сяргей Трафімавы, Віктар Карасёў сталі пераможцамі штогадовай абласной літаратурнай прэміі імя П. Броўкі за кнігі «Чалавек з ціхім голасам», «Туманы над Возерам», «Край, аблашчаны вятрамі», і шэраг дзіцячых выданняў. Фёдар Палачанін стаў «Найлепшым грамадскім дзеячам» па выніках працы за 2017 год з занясеннем на Дошку гонару Докшыцкага раёна.

Літаратурнае жыццё сённяшняга дня — працэс імклівы, няспынны і складаны. У час тэхналогій і невычэрпнага паўсюднага патоку інфармацыі вельмі важна знайсці прытулак для душы, зрабіць так, каб чалавек не страціў духоўнае аблічча і маральныя каштоўнасці, не ператварыўся ў бяздумную машыну без пачуццяў і памкненняў. Таму і адчуваецца адказнасць за сказаныя словы, за напісаныя творы і ўкладзеныя ў іх думкі, таму і не спыняецца самаўдасканаленне і дыялог паміж аўтарам і чытачом...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».