Вы тут

Канстанцін Селіханаў: «Усё ў нас саміх»


Пасярод пакоя — горка металічных прутоў. Вакол — часткі думак, якія намацваюць розныя формы. На канапе — кніга «Мова ёсць Бог. Нататкі аб Іосіфе Бродскім» Янгфельта. Гэта майстэрня скульптара. Не дзіва, што тут выспяваў праект, які сёлета прадстаўляе Беларусь на Венецыянскай біенале. Яго аўтар Канстанцін Селіханаў умее злучыць ледзь улоўнае з матэрыяй рознай моцы — а ўсё для таго, каб ляпіць чалавека. Нават неабавязкова літаральна, рукамі. Калісьці «чалавека з жалеза» гартавалі ідэямі. А ён мог быць усё адно як з гліны — мяккі і гатовы для пераўтварэнняў, якія адбываюцца пад уплывам сучаснага мастацтва. Усё гэта стала падставай для размовы пра новы досвед на Венецыянскай біенале, куды Канстанцін патрапіў другі раз, але цяпер — як аўтар уласнага выказвання на тэму:


Фрагмент праекта «Выхад».

— Як у кожнай біенале, у сёлетняй ёсць свая тэма, якую вызначыў галоўны куратар Ральф Ругоф, згадваючы праклён: «Каб вам жыць у цікавыя часы». Тэму многія інтэрпрэтавалі даволі шырока, нават без гістарычных адсылак, што прадугледжвае слова «часы». Наш праект атрымаўся ў пэўным сэнсе дыдактычны. Я вельмі сур’ёзна паставіўся да пытання і гаварыў у большай ступені пра сябе. Нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, вырас і сфарміраваўся, але заспеў разбурэнне жалезнай заслоны, змену парадыгмаў. Мне здаецца, што тэма вельмі кладзецца на ўспрыманне постсавецкага чалавека. А з пункту гледжання драматычнага досведу, які выпаў на жыхароў вялікай часткі планеты, гэта павінна цікавіць іншых — дзеля ўрокаў. Прынамсі, наша ідэя была зразумелая расіянам, латышам, палякам… Мы адчуваем гэта аднолькава. Не буду хаваць, што заяўленае прачытанне тэмы больш актуальнае тут.

Першапачаткова мы з куратарам Вольгай Рыбчынскай рыхтавалі вялікі праект менавіта для Мінска, які збіраліся прадставіць летам у прасторы ОК16. Але калі Міністэсртва культуры абвясціла конкурс праектаў для ўдзелу ў біенале, вырашылі, што можна зрабіць версію, каб прадставіць у Венецыі. Надта маштабны праект стварыць не атрымалася б: трэба было лічыцца з умовамі павільнёна, арэнда якога на палову года абыходзіцца зусім не танна. Мы прадставілі практычна гатовы праект, трэба было дарабіць яшчэ скульптуры. Але на ўзроўні ідэі ён ужо існаваў. Сутнасць вызначае слова «Выхад». Гэта размова пра чалавека ў эпоху постсавецкай разгубленасці, які імкнецца знайсці выйсце. Ідэя не ў тым, каб мы далі гатовы адказ, гэта больш пра сам пошук — асобы ці супольнасці. Патэнцыйны глядач атаясамлівае сябе з чалавекам — яго фігура абагульненая, пазбаўленая дэталяў, таму што недасфарміраваная, гэта хутчэй матрыца чалавека, які будзе развівацца далей.

Прыблізна з сярэдзіны 2010-х я даследую феномен мясцовага жыцця і тое, што адбывалася тут на працягу апошніх стагоддзяў, разважаю над прычынамі, з-за якіх адбылася катастрофа чалавецтва, у прыватнасці ў Еўропе. Калі людзі перасталі ставіцца адзін да аднога як да асобы? Нібыта кіраваліся ўніверсальнымі меркамі, імкнуліся да лепшых узораў, а атрымалася знішчэнне чалавека ў масавых маштабах. Галоўным каталізатарам будучага праекта стала літаратурная падаснова — дзённік Л. Талстога. Наогул, гэты праект пра тэкст. Пра тое, як татальны тэкст накрыў адну шостую частку Зямлі, нават больш. Як той тэкст працягвае на нас уплываць, падмяняючы мысленне, — дагэтуль жа ёсць тэндэнцыя даверу да лозунгаў. І зараз на ўваходзе ў павільён мы зрабілі своеасаблівую пазнаку: на чырвоным фоне белымі літарамі напісана «ВыхАд». Расіяне ўсё хацелі выправіць памылку, гэта і ёсць адна з патрэбных рэакцый…

— Ці была думка зразумелая заходняму чалавеку?

— Так, таму што я хоць і гаварыў пра мінулае, меў на ўвазе сучаснасць. А людзі заўсёды знаходзяцца ў пошуку, які можа мець розныя абліччы. Некаторыя, адмовіўшыся ад ідэй мінулага, яшчэ не знайшлі сябе ў цяперашнім. А хтосьці, можа быць, жыве ў эміграцыі, але шукае сябе ў іншай рэчаіснасці. Ды нават сярод тых, хто дасягнуў поспеху, існуе інтэлектуальная эміграцыя з пошукам аднадумцаў. Чалавек — нібыта пасылка з нейкім паведамленнем (і там ёсць скрыні), бо кожны з нас пра нешта сведчыць у гэтым свеце.

Людзі, якія сочаць за маёй творчасцю, павінны гэта счытаць: ёсць адсылкі да мінулых праектаў, нават відэа, дзе я цытую свае папярэднія знаходкі.

— Ці дапамагала вам гісторыя ўласнай сям’і, прадстаўнікі якой прайшлі праз розныя эпохі?

— Я жыву ўласнымі адкрыццямі і інтарэсамі. А мая сям’я такая ж, як і іншыя. Мой дзед быў выдатным савецкім мастаком, са шчырай верай у ідэю. Але ж яму усёй праўды не казалі. Упэўнены, што калі б ён жыў у іншым сацыяльным кантэксце, то быў бы іншым мастаком. Але нават на працягу свайго нядоўгага творчага жыцця (пачынаў пасля вайны, калі яму было гадоў 30, а памёр у 59) вельмі змяніўся. Яму хапіла гэтага часу, каб эвалюцыянаваць. Савецкі час не выключаў цікавага жыцця: людзі марылі, кахалі, нараджалі дзяцей, хоць і шмат у чым мелі трагічны досвед. Мне хацелася паглядзець на гэта з вышыні перамен, якія адбыліся на мяжы эпох. Таму што ў якім-небудзь 79-м годзе мне б не дазволілі прадставіць гэты праект. А я знайшоў падтрымку ў Міністэрстве культуры. У нас была праблема з грашыма, міністэрства фактычна забяспечыла ўдзел у біенале. Гэта сведчыць пра тое, што на чалавечым узроўні нешта мяняецца, у тым ліку стаўленне да Венецыянскай біенале — сур’ёзнага грунтоўнага працэсу, да якога краіна далучаецца.

— Што на біенале зачапіла асабіста вас?

— Такіх работ было няшмат, але на мой погляд, адпаведна майму ўнутранаму стану. Там на ўсё трэба ўдумліва глядзець, трэба чытаць (а я не вельмі добра ведаю мову). Шмат якія рэчы патрабавалі дадатковых ведаў. Але чыста на інтуітыўным успрыманні былі адметныя рэчы (усё ж 90 павільёнаў, яшчэ і куратарская выстаўка).

Напрыклад, Літва прадставіла праект, які паказвае, што клапоціць краіну. Агромністы павільён, значна большы за наш, форма — асобная гаворка: гэта опера. А ідэя… Пляж, імітацыя цудоўнага жыцця, разам з тым — на гарызонце прадчуванне суровых падзей. Думка не новая, але зачапіла, таму што зроблена незвычайна. Хтосьці ўбачыць напамін пра экалогію. Мне, як чалавеку, які працуе з формай, спадабаўся бельгійскі павільён: абывацель, які сядзіць за кратамі і робіць аднолькавыя механічныя рухі. Спалучыліся і форма, і маштаб, эстэтычныя знаходкі. Ці яшчэ работа: механічная рука, якая імкнецца прыбіраць кроў, бясконца і безвынікова... Ты паглябляешся ў нейкі стан і раптам разумееш, што адбываецца нешта важнае ў тваім жыцці. Бачыш — і сыходзіш пераўтвораны.

— Мастацтва заўсёды было філасофіяй у вобразах...

— Нават у гэтым Венецыянская біенале стаіць далей за выяўленчасць і проста якасць мастацтва. Гэта не салон, не камерцыйная выстаўка, тут няма задачы захапіць. Першасная — ідэя, ёсць розныя формы яе ўвасаблення. У мяне быў скульптурны праект, хтосьці прывёз выстаўку жывапісу. Але ў любым выпадку гэта спроба размаўляць са светам на мове актуальнага мастацтва. Венецыянская біенале — нібы вяршыня айсберга. А ёсць тое, чаго мы не бачым: адукацыя, фінансаванне, розныя інстытуцыі і выставачныя пляцоўкі…

— Чаму ў Еўропе такія біенале прыцягваюць, а ў нас актуальнае мастацтва выдалена з кантэксту звычайнага жыцця?

— Шмат прычын. Мы ўсё збіраем у адзін кош: і жывапіс, і экапраекты, камерцыйныя творы… Гэта вінегрэт, які можна есці, а радавацца не атрымліваецца. Шмат вялікіх выставак, якія канстатуюць: мы ўмеем маляваць (вельмі спрэчна). Але нават тое, што было створана мастакамі ў 1960-х гадах, давала куды больш свежы погляд на гэтае сцвярджэнне. А што цяпер, што далей?.. Зразумела, што ў Венецыі — адна з найстарэйшых біенале. Яны занялі пэўную нішу — новы погляд на свет. Ім не трэба даказваць патэнцыйнаму гледачу, што ёсць прыгожае мастацтва, — для гэтага існуюць іншыя пляцоўкі.

Калісьці я зайшоў у Лондане ў Нацыянальную галерэю партрэта. Там выстаўляюць і сучасныя партрэты, і гістарычныя, але аднаму жанру аддадзена асобнае памяшканне. Ёсць галерэя Tate Modern, дзе не паказваюць радыкальных мастакоў-правакатараў. Усё сегментавана: у кожнага віду мастацтва ёсць свой глядач. А мы эмпірычным шляхам імкнёмся намацаць, што такое сучаснае мастацтва. Калі робім трыенале сучаснага мастацтва, то цягнем туды ўсё, нават тое, што не з’яўляецца сучасным мастацтвам па вызначэнні. І нібыта ў нас сапраўды ўсяго шмат, пустата запоўнена, але мне гэта нагадвае вясковую краму, дзе прадаецца ўсяго патроху.

Мы дагэтуль не маем сапраўднага музея сучаснага мастацтва, дзе можна пабачыць калекцыю. Падчас рэканструкцыі ў Мастацкім музеі архітэктар не ўлічыў элементарную спецыфіку, патрабаванні да выставачнай прасторы. Гэтага не адбылося б, каб быў архітэктар, які ведае сучаснае мастацтва.

Я кажу пра сучаснае мастацтва як пра прынцыповае, што гаворыць пра важныя, сур'ёзныя рэчы, бо галоўнае — данесці думку. А мы імкнёмся завесіць усё лакіраваным жывапісам, імітуючы ХVIII стагоддзе. Той жа пляж з ілюзіяй: усё добра, утульна.

Нешта ў нашым мастацкім ландшафце зменіцца, як толькі ў краіне ўсвядомяць, што павінна існаваць усё, у тым ліку такія няпростыя формы, — і выдаткуюць на contemporary art сваю працоўку, сваіх экспертаў. А яшчэ трэба пазбавіцца імкнення да таго, каб усе пасябравалі з усімі. Калі не можам самі, трэба запрашаць з боку дасведчанага куратара, прафесіянала, які ведае мастацкі кантэкст і тэндэнцыі, але не мае тут сяброў, яму не навяжаш выбар. Як толькі будуць прымацца прынцыповыя рашэнні, адразу пойдзе справа.

— Змены ў мастацтве падаграваюцца працэсамі ўнутры супольнасці…

— Шмат якія мастакі не ўдзельнічалі ў конкурсе, абвешчаным Міністэрствам культуры. Многія лічаць, што супрацоўнічаць з дзяржаўнымі інстытуцыямі неперспектыўна: да праектаў могуць выказаць шмат прэтэнзій, што абмяжуе творцу. Да мяне міністэрства не прад’явіла ніводнай прэтэнзіі, не выказвала пажаданняў, як трэба рабіць. На жаль, вялікія праекты немагчыма зрабіць за кошт уласных сродкаў. Спонсары хутчэй прафінансуюць нешта папулярнае, а ў актуальнага мастацтва зусім іншая мова, не ўсім зразумелая.

Як патлумачыць, чаму нам патрэбна сучаснае мастацтва? Яно заўсёды аўтсайдар: не забаўляе, не дае хуткі выкід энергіі. Але яно робіць свет іншым. Гэта тое, што трэба абмяркоўваць. Пасля заканчэння біенале мне хацелася б, каб у нас сабраліся зацікаўленыя і паразважалі, што атрымалася, што не атрымалася. Патрэбна дыскусія, падчас якой можна высветліць задачы, а таксама разабрацца, якія ў нас прэтэнзіі і пажаданні адзін да аднаго — у мастакоў да дзяржаўных інстытуцый і наадварот.

— Нас усё яшчэ называюць «постсавецкай краінай», можа, таму, што цяжка змяніць падыходы мінулага?

— Менавіта таму, што пазбягаем рашучых крокаў. Адмовіўшыся ад нечага, баімся нешта зразумець. Яскравы прыклад — тапаніміка. У Мінску ёсць вуліцы, якія паспелі перайменаваць у 90-я — Гарадскі Вал, Багдановіча… А потым — нібыта чагосьці саромеемся. Чаго, калі за гэтай назвай — стагоддзі? Гэта дробязі, але яны заўважныя. Цяпер нешта мяняецца: і помнікі добрыя з’яўляюцца, і людзям гэта важна. Працэс ідзе, але марудна. Разумею, што гэта закладзена ў нацыянальным характары — рухацца нетаропка. Але і для Фінляндыі гэта справядліва: там вельмі кансерватыўныя людзі, і шведы — стрыманы народ. Але ёсць рэчы натуральныя — найперш сам працэс жыцця. Пафарбаваць дом у правільны колер — гэта імкненне да гармоніі, але само па сабе яно не азначае рух. Для гэтага проста трэба падабраць нармальную фарбу… Рух ёсць тады, калі кожны займаецца сваёй справай на сваім месцы. Рух — гэта і патрэбныя законы, якія падтрымліваюць новае, але не даюць разбурыць тое, што для краіны прынцыпова. Напрыклад, у Францыі ёсць закон аб гістарычным ландшафце, даволі кансерватыўны. Там, можа быць, пабудавалі б што заўгодна ў зручным месцы, але закон існуе. Ёсць правы, але ёсць і абавязкі. Калі яны ў балансе, то ўсё ў парадку. А рух фіксуе мастацтва — не столькі знешнія змены, колькі ўнутраныя спружыны.

— Ці бачыце выхад для сябе?

— Я яго даўно знайшоў. І ў нас на выстаўцы ён ёсць. Не трэба далёка хадзіць: усё ў нас саміх.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».