Вы тут

Навошта беларусы праводзілі русалку з вёскі?


Сучаснаму чалавеку бывае складана зразумець логіку, якой кіраваліся нашы продкі пры фарміраванні той ці іншай традыцыі народных святаў. І калі даты хрысціянскага календара яшчэ больш-менш вытлумачальныя біблейскімі падзеямі, то каляндар народны і павер’і, звязаныя з пэўным днём гадавога цыкла, пакідаюць больш пытанняў, чым адказаў. Вось, напрыклад, Русалле, што распачынае летнія святы і праводзіцца на восьмы тыдзень пасля Вялікадня, звязвае буянне кветак, раслін з «прарастаннем» душаў закладных «маладых» нябожчыкаў.


Так, паводле меркаванняў нашых продкаў, мы бачым не зусім кветкі — гэта разам з абуджэннем прыроды сімвалічна вяртаюцца да жыцця душы памерлых. Прыгожа, праўда? Адсюль і такая паэтычная назва свята — Русалле, ці Русальны тыдзень, — суадносіцца з лацінскай назвай антычнага свята руж.

Магчыма, па прычыне вялікай павагі да памерлых продкаў (хай і маладых) Русалле ў старажытныя часы па значнасці ставілі ў адзін шэраг з Калядамі, Масленіцай і Велікодным тыднем. Фактычна гэта было свята ўласнай сядзібы, поля, вёскі, бо ўсё астатняе наваколле на цэлы тыдзень станавілася надзвычай небяспечным і непажаданым для любой дзейнасці.

Але чаму — было? Свята Провадаў Русалкі і сёння (праўда, у рэканструяваным выглядзе) ладзіцца ў вёсцы Вялікі Бор, што на Хойнікшчыне. Менавіта мясцовы варыянт правядзення з’яўляецца аб’ектам Дзяржаўнага спіса нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Варыянты абраду і ўяўленні пра самую сутнасць русалак вар’іруюцца ў залежнасці ад рэгіёна краіны. Так, на Лепельшчыне лічылі, што падчас Русальнага тыдня дзецям нельга хадзіць купацца: на дрэвах над вадою сядзяць валасатыя русалкі і ўсіх палохаюць. Яны паказваюцца выключна апоўдні, купаюцца, смяюцца на паверхні азёр і балот, гайдаюцца на дрэвах. Існуе павер’е, што ў іх ператвараюцца дзеці, якія памерлі да таго, як былі ахрышчаныя.

Адам Багдановіч у этнаграфічным нарысе «Перажыткі старажытнага светапогляду беларусаў» (1895) апісваў русалак так: «У вадзе жывуць русалкі. Яны могуць лічыцца і “земнаводнымі”, таму што ў вадзе бавяць час з восені да Русальнага тыдня. Тады выходзяць з вады і селяцца на галінах дрэваў, асабліва часта на бярозах. Яны гайдаюцца на гнуткіх галінах і клічуць “Чалавек, чалавек! Хадзі гайдацца!”. А калі нехта падыдзе да іх, то заказычуць да смерці».

У цэлым жа русалка ва ўяўленні беларусаў — прыгожая жанчына з доўгімі распушчанымі валасамі. Разам з усімі жахамі і забабонамі з гэтай істотай звязваецца ўласцівасць захавання ўрадлівасці, яна лічыцца адным з апекуноў пладаноснай зямлі і распарадчыкам воднай стыхіі.

На поўдні Міншчыны на заканчэнні Русальнага тыдня здзяйснялі своеасаблівы абрад: дзяўчаты плялі вянкі, палілі вогнішча, вадзілі карагоды вакол яго, спявалі песні і кідалі вянкі ў агонь.

На Гомельшчыне падчас Провадаў Русалкі ў некаторых мясцовасцях адбываліся рытуальныя скокі праз вогнішча, з якімі звязвалі надзеі на добрае здароўе (амаль як на Купалле), праходзіла шэсце жанчын-удзельніц абраду з русалкай з аднаго боку вуліцы і мужчын, хлопцаў з «русальным» — з другога боку. Недзе дзяўчаты развешвалі сарочкі на магільных крыжах і абмывалі русалку ў ручаі, каб выклікаць дождж. Недзе клалі вянкі на магілы і варажылі на іх, недзе закідвалі вянкі на грушу, пераскоквалі праз самы вялікі вянок.

А вось у Вялікім Боры, што на Хойнікшчыне, русалку праводзяць так: спачатку з ліку вясковых дзяўчат выбіраюць тую, што будзе ўвесь вечар выконваць галоўную ролю. Ёй расплятаюць валасы, плятуць вянок, адзенне ўпрыгожваюць кветкамі і галінкамі. У гэты час вясковыя жанчыны і дзяўчаты свяваюць песні, водзяць карагоды. Пасля бяруць русалку пад рукі і ў суправаджэнні двух ахоўнікаў-хлопцаў з крапівой у руках (яны павінны сачыць за тым, каб галоўнай гераіня заўсёды ішла ў калоне першай і ніхто яе не абганяў) вядуць у жыта. Там, у полі, адбываецца «гвалтоўнае» распрананне — з адзення дзяўчыны сімвалічна зрываюць галінкі і кветкі, адбіраюць вянок і разрываюць яго на часткі.

Цікава, што часткі русалчынага вянка пасля ўсіх рытуальных дзеянняў становяцца сімваламі добрага ўраджаю. Пазней гаспадыні іх кідаюць у агарод, на агуркі і капусту, каб тыя добра раслі.

У беларускіх народных казках нават пра самыя неверагодныя падзеі часам кажуць: Свет вялікі, можа, і праўда. А мо і праўда, жывуць у беларускіх лясах ды каля рэказёраў русалкі? Многія ж іх бачылі. Можа, таксама ўбачыце, калі ў найбліжэйшы тыдзень вырашыце пакупацца. Што рабіць у такім выпадку, вы ведаеце!

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Аляксея ГЕРАСІМЕНКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».