Вы тут

Аўтар рамана «Адзінота ў сеціве» Януш Вішнеўскі наведае Мінск у рамках «Дня Польшчы»


15 чэрвеня жыхары і госці беларускай сталіцы змогуць наблізіцца да традыцый, легенд, гукаў і смакаў краіны-суседкі Польшчы. Як паведамілі арганізатары з польскага і беларускага бакоў, на свята падрыхтавалі мноства разнастайных мерапрыемстваў, цікавых і займальных актыўнасцей, які прыйдуцца даспадобы публіцы розных узростаў і зацікаўленасцей.


Ля мінскай Ратушы і на тэрыторыі Верхняга Горада цягам дня будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі. На галоўнай сцэне выступяць хэдлайнеры з Польшчы – легендарны польскі гурт  “GOLDEN LIFE”, які прэзентуе свае найлепшыя хіты на мяжы поп і рок-музыкі, рэпа і кантры. Яны заваявалі Гран-пры на фестывалі MTV Pop Song Bregens у Аўстрыі, абышоўшы каля 30 канкурэнтаў з усяго свету!

З канцэртнай праграмай «Да 200-годдзя Станіслава Манюшкі» выступяць сімфанічны аркестр "Capella Academia", Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, салісты Вялікага тэатра Беларусі, мастацкі кіраўнік і дырыжор А. Фралоў. Прагучаць знакавыя творы кампазітара: арыі з опер "Галька" і "Страшны двор", уверцюра да оперы “Казка”, а таксама найлепшыя песні са знакамітага цыкла “Хатні спеўнік”.

Фальклорныя калектывы прадставяць польскую народную творчасць вакальнымі і танцавальнымі нумарамі. А да 80-годдзя легенды польскай музыкі ХХ стагоддзя Чэслава Немэна калектыў Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці  выступіць з прэзентацыяй найлепшых твораў музыканта.

Чэслаў Немэн – выбітны самародак, геній рок-музыкі, кумір пакаленняў, кампазітар, вакаліст, паэт, мультыінструменталіст, які стварыў свой непаўторны музычны свет і стаў сімвалам цэлай эпохі ў гісторыі музыкі.

На фестывалі будуць працаваць адначасова некалькі надзвычай цікавых выставачных пляцовак.

У ГЗЦ “Галерэя Мінск” будуць працаваць дзве інфармацыйныя выставы. “15 год Польшчы ў Еўрасаюзе”, падрыхтаваная адмыслова да гэтай падзеі, расказвае пра перавагі членства Польшчы ў ЕС (праграмы ЕС па ахове навакольнага асяроддзя, удзел у місіях і аперацыях ЕС і праграму “Польская дапамога”). Пра турыстычныя атракцыі і вартасці краіны-суседкі можна даведацца на стэндавай выставе “Польшча. Вам тут рады!”.

На  літаратурнай пляцоўцы адбудзецца аўтарская сустрэча з польскім пісьменнікам і навукоўцам Янушам Леонам Вішнеўскім. Яго дэбютны раман “Адзінота ў сеціве” тры гады не знікаў са спісаў бестселераў, быў перакладзены амаль на ўсе асноўныя мовы свету і прынёс аўтару шырокую вядомасць. Януш Вішнеўскі піша, сярод іншага, пра каханне, здраду, вернасць, адзіноту, смерць, амбіцыі і незлічоную колькасць іншых эмоцый, якія суправаджаюць кожнага з нас у штодзённым жыцці. Ён стварае партрэты людзей, якіх мы сустракаем на вуліцы, на працы, людзей, з якімі мы ніколі не сустрэнемся, адлюстраванні нас саміх.

На сустрэчы пойдзе гаворка пра творчасць, новыя творы і планы пісьменніка. Удзельнікі будуць мець магчымасць задаць пытанні Янушу Вішнеўскаму і атрымаць аўтограф. 

У галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца мастацкая выстава «Спорт у польскім плакаце» са збораў Dydo Poster Collection (Кракаў), прысвечаная ІІ Еўрапейскім гульням-2019. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены 40 плакатаў найбольш вядомых і шанаваных мастакоў з “Польскай школы плаката”. Цэлая плеяда выбітных дызайнераў візуалізуе футбол, баскетбол, тэніс, веласпорт, хакей і іншыя віды спорту.

Вулічная выстава «Кракаўскі Лайконік» пазнаёміць з гісторыяй аднаго з сімвалаў Кракава. Лайконік – татарскі вершнік ва ўсходнім строі, спічастым цюрбане і з булавой у руцэ. Ён нагадвае пра вызваленне Кракава ад захопнікаў, а таксама танцуе і забаўляе гледачоў. Шэсце Лайконіка ўнесена ў польскі нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Разам са світай і гуртом “Мляскоты” яно ўрачыста пройдзе па прылягаючых да Верхняга горада вуліцах і затанчыць на плошчы ля гарадской Ратушы.

На забаўляльную пляцоўку  дзетак  і дарослых запросіць  Каляровы цырк”. Гледачоў  чакае цудоўная інтэрактыўная забава ў выкананні вясёлых клоўнаў і  хадулістаў, якія з дапамогай тэатралізаваных гульняў паказваюць чароўны і надзвычай цікавы свет цыркавога мастацтва. Удзельнікі майстар-класаў змогуць авалодаць рознымі цікавымі цыркавымі і акрабатычнымі ўменнямі: навучыцца хадзіць на хадулях, жангліраваць, граць на бубнах ці правільна грыміравацца.

Ужо традыцыйна, для самых маленькіх гасцей працуе дзіцячая гульнявая пляцоўка ад фабрыкі цацак “Палессе”.

На тэатральнай пляцоўцы выступіць кракаўскі вулічны тэатр “Сцэна калейдаскоп”. Калектыў займаецца пастаноўкай тэатральных спектакляў, а таксама вулічных выступленняў, спалучаючы цыркавое, балетнае і аўдыёвізуальнае мастацтва. Мінскай публіцы акцёры пакажуць спектакль «Сэрца Дон Жуана ў агні». Відошча насычана спецэфектамі: рукапашны бой, дымавая заслона, паходні.

Цягам дня на моўна-адукацыйным кірмашы ўсе, каго цікавіць вывучэнне польскай мовы, адукацыя і стажыроўка ў Польшчы, змогуць атрымаць інфармацыю пра курсы і адукацыйныя праграмы ў Мінску. Свае прапановы прадставяць студыя польскай мовы “Pan Profesor”, школа замежных моў „Streamline”, цэнтр "Студыя-Мовія". Беларускія партнёры школы замежных моў “GLOSSA” (Кракаў) распавядуць пра анлайн-курсы па польскай мове і падручнікі з серыі “POLSKI krok po kroku”, якія таксама будуць даступныя для набыцця.

Кнігарня “Акадэмкніга” прадставіць шырокі спектр польскай мастацкай літаратуры розных жанраў у перакладзе на беларускую і рускую мовы.

На тэрыторыі фестывалю будуць працаваць інфармацыйныя пляцоўкі Польскага Інстытута ў Мінску, Польскай турыстычнай арганізацыі (POT) і Нацыянальных  інстытутаў культуры Еўрапейскага Саюза (EUNIC), а таксама фудкорт.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.