Вы тут

Маштабныя вучэнні МНС прайшлі на вадасховішчы «Пятровічы»


Дэсанціраванне на парашутах у ваду, спуск па тросе з верталёта з вышыні 50 метраў, каб эвакуіраваць “пацярпелых” з водасховішча, і проста скокі з “вяртушкі”, якая завісла ў 30 метрах над вадой. Усе гэтыя элементы па ратаванні людзей на вадзе і пад вадой адпрацоўвалі на днях авіяцыя і спецназ МНС падчас сумеснай трэніроўкі на водасховішчы “Пятровічы” пад Смалявічамі. Карэспандэнты “Звязды” назіралі, як праходзіла мерапрыемства, і нават пакаталіся на верталёце.


Дэсант для пацярпелых, пажараў і донараў

Ратуюць людзей з верталёта, калі няма іншага выйсця дабрацца да пацярпелых, кажуць спецыялісты. Цягам 30 хвілін авіядэсант заўжды гатовы дамчаць да чалавека, у якую б сітуацыю ён ні трапіў. Спецназаўцы спускаюцца на дахі шматпавярховікаў, калі лесвіцы будынкаў ужо ахоплены полымем. Узімку такім чынам ратуюць тых, хто апынуўся на ільдзіне. Вылятаюць ратаўнікі і да тых, хто заблукаў на балотах.

Першым этапам трэніроўкі стала дэсанціраванне ратавальнікаў з верталёта Мі-8 на ваду. Пяцёра парашутыстаў з 400 метраў акуратна спланіравалі прама ў хвалі, пасля чаго падплылі да ўмоўнага элемента, які трэба было выратаваць, і з дапамогай каната верталёта ўзнялі яго з вады. Прызямленне на ваду, калі адсутнічае цвёрдая паверхня, псіхалагічна больш складанае. Здараецца, што парашут ахінае чалавека зверху, што можа выклікаць паніку і дызарыентацыю. Так што такія трэніроўкі — не толькі добрая падрыхтоўка да рэальных ратавальных сітуацый, але і загартоўванне духа.

У ратавальнікаў ёсць таксама спецыяльная эвакуацыйная платформа — эскэйп — гэта прылада накшталт парасона, якая можа змясціць да дзесяці чалавек. З дапамогай грузавой лябёдкі, якая разлічана на 150 кілаграмаў, можна прымацаваць да троса верталёта і насілкі з пацярпелым, прычым зафіксіраваць чалавека можна прама ў вадзе, гаворыць першы намеснік начальніка Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-ратавальнай установы “Авіяцыя” МНС Беларусі палкоўнік унутранай службы Іван ЛАБЗІН:

— Нашы ратаўнікі, якія знаходзяцца на дзяжурстве, павінны ўмець прызямляцца не толькі на зямлю ці лес, але і на водную паверхню. Прызямленне на ваду адрозніваецца ад апускання на глебу, бо тут нават хуткасць набліжэння да паверхні іншая. Чалавек павінен набіць погляд і руку, каб дасягаць любой паверхні днём і ноччу. Калі ўжо напрацавана сотня прыжкоў, дэсантніку амаль усё роўна на якую паверхню скакаць. Гэтая тэхналогія адпрацавана яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Цяпер мы яе аднаўляем і ўдасканальваем. У 2014-м, напрыклад, нам прыйшлося ў Сербіі ратаваць людзей з дахаў дамоў і з вады.

Задача авіяцыі МНС — несці дзяжурства па пошуку і ратаванню пацярпелых бедства паветраных судоў. На аэрадроме ў 30-хвіліннай гатоўнасці знаходзіцца верталёт, дзе акрамя экіпажу знаходзіцца група ратавальная парашутна-дэсантная група, у складзе якой медык і парашутыст-ратаўнік.

Паветраныя ратаўнікі змагаюцца таксама і з пажарамі, бо наземных сіл, часам, не хапае, каб спыніць распаўсюджванне агня. На мінулым тыдні, напрыклад, дапамагалі тушыць тры гектары лесу ў Пухавіцкім раёне. Авіятары зверху адсеклі сцену полымя ад астатняга масіву, каб агонь не пайшоў у глыб лесу. Цяпер беларускія паветраныя МНС дапамагаюць тушыць пажары ў Турцыі. Летась тыдзень працавалі ў Латвіі, два гады таму — у Грузіі.

Дапамога авіятараў-ратавальнікаў патрабуецца нават пры перавозцы донарскіх органаў. У крылатай машыне ёсць таксама спецыяльна абсталяваны медыцынскі блок для перавозкі двух цяжка пацярпелых і абсталяванне для лёгка пацярпелых. Гэтым абсталяваннем ратавальнікам пакуль карыстацца не прыходзілася, радуюцца яны.

Падобная трэніроўка МНС сёлета толькі другая. Ратавальнікі карысталіся вучэбна-трэніровачнымі парашутамі. А на спартыўных парашутах, якімі можна кіраваць больш дакладна, магчыма прызямліцца на пяцікапеечную манету, кажа палкоўнік Лабзін. У рэальных жа ратавальных аперацыях карыстаюцца паўспартыўнымі парашутамі. За дзесяць гадоў працы авіятары МНС выратавалі не менш за сотню жыццяў.

Скокі без парашута і спуск за секунды

Яшчэ адзін элемент, які адпрацоўвалі ратавальнікі, — высадка з дапамогай спускавога ўстройства — альпінісцкага абсталявання — на ваду з борта верталёта з вышыні 50 метраў. Спецыялісты, нягледзячы на вадалазныя касцюмы і 30-градусную спёку рабілі гэта літаральна за некалькі секунд. У вадзе яны гралі ролю пацярпелых. Высадзіўшы дэсант, Мі-8 разварочваўся і “ратаваў” людзей з вады. Спецназаўцы чапляліся да эвакуацыйнага троса і па траіх выляталі з хваляў, пасля чаго верталёт перавозіў іх на зямлю.

Карэспандэнтам “Звязды” удалося пабачыць гэты працэс і з берага, і знутры верталёта. Лётаць у такой машыне, дарэчы, зусім не страшна. Не трасе, не хістае, і нават не надта грукаціць у вушах.

— Паколькі II Еўрапейскія гульні будуць адбывацца і каля вадзяных акваторый у Мінску і па-за яго межамі, дзе знаходзіцца шмат вадаёмаў, здарэнне можа адбыцца паўсюль і ў любую хвіліну. Таму мы адпрацоўваем усе прыёмы ратавання на вадзе, і цалкам гатовыя да любой сітуацыі, — каменціруе начальнік цэнтра пошукава-ратавальных работ і пажаратушэння Рэспубліканскага атрада спецыяльнага назначэння МНС Беларусі палкоўнік унутранай службы Віталь МЯДВЕЦКІ.

Ратавальнікам трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку і каб спускацца па тросу, і каб утрымлівацца на вадзе. У вадзе пад верталётам, які завісае над пацярпелым, пакуль спускаюцца ратавальнікі, асноўная праблема — пырскі ва ўсе бакі, якія разносяцца настолькі далёка, што да нас даляталі нават на бераг.

— Ратавальніка ў касцюме досыць моцна ганяе па воднай паверхні, некалькі метраў ад верталёта, і чалавеку прыходзіцца пераадольваць моцнае супраціўленне. Самае спакойнае месца — непасрэдна пад верталётам, — тлумачыць Аляксей КРУШ, начальнік авіяцыйнай пошукава-ратавальнай і парашутна-дэсантнай службы Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-ратавальнай установы “Авіяцыя” МНС Беларусі.

Беспарашутнае дысанціраванне ў ваду, якое стала апошнім этапам трэніроўкі, бадай што самае відовішчнае. Ратавальнікі з вышыні метраў у 30 скакалі “салдацікам” проста ў ваду.

— Фарватар прамераны, устаноўлены буйкі, так што ныраць бяспечна, — кажа Аляксей Круш. — Такі экстранны спуск ужо ў межах пазаштатнай работы, калі няма іншага выйсця і на дапамогу застаюцца лічаныя секунды.

Дысанціраваўся ў ваду без парашута, каб асабіста пратэсціраваць гатоўнасць абсталявання і саставу, і першы намеснік міністра МНС Аляксандр ХУДАЛЕЕЎ:

 Сёняшняя сумесная трэніроўка па правядзенню аварыйна-ратавальных работ на вадзе — гэта і ратаванне, і адпрацоўка дзеянняў нашага саставу. Усе авіятары і вадалазы гатовыя аказаць дапамогу і забяспечыць бяспеку на вадзе, а таксама на ўсіх мерапрыемствах еўрапейскіх гульняў. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне.

З 15 чэрвеня МНС будзе выстаўляць нарады ў месцах пражывання спартсменаў. З 17-га пачнуцца дзяжурствы на спартыўных збудаваннях, а з 19 чэрвеня служба пяройдзе ва ўзмоцнены рэжым работы.

 

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.

Палітыка

Наталля Качанава: Самае галоўнае — людзі і стаўленне да іх

Наталля Качанава: Самае галоўнае — людзі і стаўленне да іх

Спікер верхняй палаты акрэсліла асноўныя задачы, якія стаяць перад сёмым скліканнем Савета Рэспублікі.

Эканоміка

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Значную ўвагу на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пачалі звяртаць даўно, прычым на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Эканоміка

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

А што ў сталіцы — тое і ў рэгіёнах.