Вы тут

Пытанні ўзаемадзеяння падчас форуму «Добрасуседства-2019» абмяркоўвалі на трох секцыях


Пытанні беларуска-польскага ўзаемадзеяння падчас форуму «Добрасуседства-2019» абмяркоўвалі на трох секцыях: «Стварэнне спрыяльнага клімату. Лагістычныя паслугі», «Інфармацыйныя тэхналогіі», «Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і развіццё». Карэспандэнт «МС» наведала апошнюю і даведалася, якія перспектывы ёсць у партнёрства прыгранічных абласцей Беларусі і Польшчы.


Брэсцкая вобласць сярод польскіх рэгіёнаў мае найбольш трывалыя кантакты з Падляскім і Люблінскім ваяводствамі. Плёну гэтаму партнёрству дадае факт, што рэгіёны — ключавыя звёны на новым Шаўковым шляху. Таму, на думку Андрэя КЛЕЦА, намесніка старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, узаемадзеянне краін у лагістычнай сферы паспрыяе развіццю выгаднай для ўсіх бакоў ініцыятывы.

Актуальнасць у гэтай сувязі набывае мадэрнізацыя і адкрыццё новых пагранічных пераходаў. Брэст ужо два гады выступае з ініцыятывай стварэння чыгуначнага перахода з Падляскім ваяводствам і рэканструкцыі некаторых аўтамабільных пераходаў.

Па словах Андрэя Клеца, вялікую ролю адыгрываюць і трансгранічныя праграмы. Напрыклад, праект «Польшча — Беларусь — Украіна», трэці этап якога завяршаецца ў хуткім часе, плануюць пашырыць фінансава і тэматычна. Найбольш паспяховыя ў рамках праграмы мерапрыемствы — паміж пажарнымі службамі і органамі МНС. Яны ўключалі сумесныя вучэнні, дапамогу ў надзвычайных абставінах, асветніцкую работу сярод дзяцей, падлеткаў, на небяспечных прадпрыемствах.

Сярод трансгранічнага ўзаемадзеяння зарэкамендавала сябе і дзейнасць па ўдасканаленні інфраструктуры — дарожнае будаўніцтва і развіццё камунальных службаў. Актыўнае партнёрства рэгіёнаў развіваецца ў сферы аховы здароўя. «Шмат праектаў прыцягнулі ўвагу да грамадзян з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, сур'ёзнымі праблемамі са здароўем. І гэтая ўвага, і праекты далі свой станоўчы вынік не толькі ў тэхнічным забеспячэнні нашых медыцынскіх устаноў, але і ў самой арганізацыйнай форме работы з асобамі, якія маюць фізічныя абмежаванні», — паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама.

Дзейнасць па падтрымцы нацыянальных меншасцяў Брэсцкая вобласць ажыццяўляе сумесна з Падляскім ваяводствам. Прадстаўнікі гэтых супольнасцяў маюць магчымасць камунікаваць на нацыянальных мовах, праводзіць культурныя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку сваіх традыцый, і атрымліваць адукацыю на роднай мове. «У Брэсцкай вобласці ёсць 25 навучальных устаноў (сярэдніх, сярэдніх спецыяльных, школьных), дзе сёння вывучаецца польская мова. А ў сярэдняй школе № 9 у Брэсцкай вобласці сёння да чацвёртага класа навучанне па ўсіх прадметах ідзе на польскай мове ў тых групах, дзе набіраюцца ахвотныя», — расказаў Андрэй Клец.

У сваю чаргу, намеснік маршала Падляскага ваяводства Марэк ОЛЬБРЫСЬ адзначыў: «Перадусім наша супрацоўніцтва базуецца на будаўніцтве дарог, а таксама на фармуляванні прынцыпаў пабудовы супрацоўніцтва па трансгранічным культурным, прыродным узаемадзеянні, выкарыстанні выдатных ландшафтных раёнаў нашага ваяводства, а таксама Гродзенскай і Брэсцкай абласцей».

Граніца, на яго думку, павінна не раздзяляць, а аб'ядноўваць людзей, якія жывуць побач. Так, Марэк Ольбрысь ухваліў ідэю бязвізавага доступу да Аўгустоўскага канала і ў Брэсцкі рэгіён.

Генеральны дырэктар «Брэсцкага аддзялення БелГПП» Валерый ЛАБУН адзначыў, што жыхары суседняй краіны не знаёмыя з магчымасцямі «бязвізу», таму нядаўна ўстанова правяла шэраг мерапрыемстваў з польскімі партнёрамі па інфармаванні грамадзян.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Блізкія людзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».