Вы тут

Што хвалявала людзей падчас правядзення прамой тэлефоннай лініі


Асноўнай тэмай, з якой звярталіся грамадзяне да старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыя Харытончыка, стала менавіта камунальная. На працягу трох гадзін работы прамой лініі прагучалі 22 пытанні, з якіх 14 датычыліся непасрэдна жыллёвага фонду і жыллёва-
камунальных паслуг.


Самым масавым стаў сігнал аб праблеме з падачай вады ад жыхароў вёскі Лыкава Магілёўскага раёна. На лінію з адным і тым жа пытаннем звярнуліся аж сем чалавек. Яшчэ адно пытанне па вадзе ўзнікла ў жыхара Глускага раёна, які паскардзіўся на яе якасць у калонцы. Жыхары вёскі Макаранцы Магілёўскага раёна хваляваліся з той нагоды, што прыпыніліся работы па падводцы газу, і пыталіся, ці паспеюць яны завяршыцца да зімы. Заяўніца з Дрыбіна выказала заклапочанасць, што нядаўна яна з мужам і малым дзіцем засялілася ў інтэрнат, але ёсць пагроза, што ў адным блоку з імі будзе жыць сацыяльна небяспечны сусед. Жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і вельмі хацела б пазбегнуць такой перспектывы.

Жыхарка абласнога цэнтра звярнула ўвагу, што дзіцячаму садку № 99, у які ходзіць яе дзіця, патрэбны рамонт даху і вокнаў. Яшчэ адзін заяўнік з Магілёва паведаміў, што яго дом знаходзіцца ў раёне санітарнай зоны былога завода Куйбышава. Цяпер прамысловыя будынкі знесены, праведзена рэкультывацыя тэрыторыі, але ў адным з былых адстойнікаў збіраецца і гніе вада. Былі заяўнікі, якія прасілі паспрыяць у рамонце катла, дапамагчы з ацэнкай работы дымаходнай сістэмы. Гучалі пытанні па тэме сельскай гаспадаркі, землеўладання і землекарыстання, архітэктуры, аховы здароўя, адукацыі, аховы навакольнага асяроддзя, фізкультуры і спорту.

— Пытанне па Магілёўскім раёне, дзе, па словах заяўнікаў, не было вады на працягу сямі дзён, стала самым вострым, — адзначыў Дзмітрый Харытончык. — У выхадныя водазабеспячэнне аднавілі, але незразумела, чаму нельга было папярэдзіць людзей пра тыя работы па замене абсталявання, якія там праводзіліся, і арганізаваць падвоз вады. Усе звароты ўзятыя на кантроль, па кожным з іх дадзены даручэнні і вядзецца работа. Яны будуць разгледжаны ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, а заяўнікі — праінфармаваныя.

Усяго на прамую суботнюю тэлефонную лінію (з улікам гар-, райвыканкамаў) паступіла 73 звароты. Сярод іх лідзіравалі жыллёва-камунальныя (52 пытанні), «дарожныя» і звязаныя з аховай здароўя. У некаторых райвыканкамах тэлефон за тры гадзіны прыёму нават ні разу не пазваніў, але ў большасці раёнаў зарэгістравана да трох званкоў. Рэкардсменам на гэтым фоне стаў Мсціслаў, дзе іх прагучала дзесяць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Вада, дарогі, небяспечны сусед...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.