Вы тут

Да ўсяго трэба падыходзіць творча


Галіна Бяляева — чалавек справы. Калі яна за нешта бярэцца, то робіць гэта самааддана і з імпэтам. У жыцці яна сумяшчае працу намесніка дырэктара школы № 34 Магілёва з дзейнасцю дэпутата гарсавета, члена рэспубліканскага савета аб'яднання «Белая Русь», а таксама ўзначальвае каардынацыйны Савет грамадскіх і нацыянальных аб'яднанняў, палітычных партый і прафсаюзных арганізацый Магілёва. Галіна Бяляева прызнаецца, што апошняя справа дапамагла ёй адкрыць шмат новага і цікавага. Яна лічыць, што магчымасці грамадскіх аб'яднанняў нельга пераацаніць, у іх вельмі вялікі патэнцыял, бо на чале іх стаяць сапраўдныя актывісты.


Быць з усімі на сувязі

— Раней я ведала, што ў горадзе існуе шмат розных грамадскіх арганізацый, але глыбока ў гэта не ўнікала, — расказвае яна. — Насамрэч, тут усё вельмі сур'ёзна. Людзі аб'ядноўваюцца на глебе сваіх інтарэсаў, і не проста так, а пішуць статут, рэгіструюцца. У каардынацыйны савет, дарэчы, уваходзіць 66 аб'яднанняў. Мая справа — забяспечваць іх сувязь паміж сабой і з рознымі органамі ўлады. Наш каардынацыйны савет адкрыты для ўсіх, хто жадае рабіць нейкую сумесную работу, падзяліцца вопытам або чамусьці навучыцца. Калі я прыйшла на гэтую пасаду, стала аналізаваць дзейнасць грамадстваў. І прыйшла да высновы, што яны не ўмеюць сябе папулярызаваць. На сайце былі прадстаўлены толькі нацыянальныя аб'яднанні — і я ўключыла ўсе астатнія.

У «Вайберы» арганізавала групу, дзе мы вядзём са старшынямі аб'яднанняў бурную перапіску, і работа пайшла хутчэй. Кожны дзень нехта штосьці праводзіць і адразу ж дзеліцца інфармацыяй. Я, у сваю чаргу, на сайце гарвыканкама размяшчаю справаздачы і фотаздымкі. А каб прыцягнуць увагу да гарадскіх падзей, бяру ў нашым гарадскім аддзеле ідэалогіі план работ на месяц і раблю рассылку грамадскім аб'яднанням. Яны ахвотна далучаюцца да гэтых мерапрыемстваў.

Дзень міру

Гэта толькі адзін з прыкладаў супрацоўніцтва. Ініцыятыва зыходзіла ад сацыяльна-культурнага грамадскага аб'яднання «Спадчына».

— Яго кіраўнік прапанаваў правесці сумеснае мерапрыемства «Дзень міру», і гэтую ідэю падтрымалі ў гарвыканкаме, — расказвае Галіна Бяляева.— Было распрацавана Палажэнне аб правядзенні конкурсу відэаролікаў да 75-годдзя вызвалення Беларусі. Яго разаслалі па школах і заклікалі дзяцей расказаць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Нехта зняў ролік пра дзядулю, нехта пра героя, імем якога названая вуліца. Свае работы дасылалі дзеці з Расіі і нават ЗША, бо інфармацыя была размешчана на розных сайтах. Амерыканскія школьнікі, напрыклад, зрабілі відэафільм пра Хатынь. Гэтыя ролікі мы паказвалі ў сацыяльных сетках, а ў Дзень міру запрасілі ўсе грамадскія аб'яднанні на свята. Прысутнічала больш за трыста школьнікаў, прыйшлі прадстаўнікі дыяспар са сваімі сцягамі, сабраліся афганцы, ветэраны, ваенныя. Прыехалі дэлегацыі з Бранска і Смаленска. Мы раздалі ўдзельнікам выразаных з паперы галубоў. Трэба было напісаць на іх імя чалавека, які зрабіў унёсак у Перамогу, і прымацаваць да паветранага шара. І тут не абышлося без творчасці. Беларусы замацоўвалі сваіх птушак на чырвоных і зялёных шарах, рускія — на белых, чырвоных і сініх. Азербайджанцы, грузіны, армяне — усе выбіралі колер свайго сцяга. У неба адначасова запусцілі больш за чатырыста шароў.

Вайна вачыма дзяцей

Магілёўская гімназія № 3 на працягу некалькіх гадоў збірала ўспаміны відавочцаў пра вайну. На аснове гэтых матэрыялаў быў зроблены спектакль-рэквіем «Вайна вачыма дзяцей». На прагляд вучні запрасілі прадстаўнікоў аб'яднання малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў і ветэранаў.

— А я прапанавала прыйсці на яго прадстаўнікам нашых грамадскіх арганізацый, — расказвае Галіна Бяляева. — Сабралася столькі людзей, што нават месцаў у зале не хапала. Мне хацелася, каб дзеці бачылі, колькі ў горадзе розных аб'яднанняў, і ведалі, чым яны займаюцца. А тыя, у сваю чаргу, каб паглядзелі на моладзь. Бо часта даводзіцца чуць, што маладыя людзі сталі абыякавыя, і мне хочацца верыць, што нехта пасля той сустрэчы стаў думаць інакш. Дзеці, напрыклад, прызнаваліся, што калі паказвалі пастаноўку сваім аднагодкам, успрыманне было іншым — зусім не такім, як у тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце. Некаторыя з відавочцаў ваенных падзей нават не вытрымлівалі да канца, выходзілі са слязамі на вачах і казалі, што не хапае сіл глядзець, бо гэта ўсё — праўда і ад гэтага ім вельмі балюча.

Кава з наступствамі

У каардынацыйны савет уваходзіць і Магілёўская гарадская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў. Аднойчы яны скінулі ў «Вайбер» запрашэнне наведаць кавярню і выпіць кубачак кавы ў рамках акцыі «Інклюзіўны барыста». Такім чынам яны збіралі грошы на лячэнне двухгадовай дзяўчынкі.

На сумесных сустрэчах сумна не бывае.

— Я гэта запрашэнне пераслала дэпутатам, і яны актыўна ўключыліся ў праект, — расказвае Галіна Бяляева. — Мы патэлефанавалі маці дзяўчынкі, спыталіся, што трэба для дзіцяці. Яна папрасіла электронны танометр, і мы яго купілі. А разам з ім перадалі энную суму грошай. Потым мы паехалі ў кавярню, запрасілі туды маці дзяўчынкі, каб мясцовае тэлебачанне ўзяло ў яе інтэрв'ю.

Арганізатары акцыі былі вельмі здзіўлены: яшчэ ні ў адным горадзе не было такой рэакцыі на яе. Ідэя «Інклюзіўнага барыста» ўзнікла не ў Магілёве, але яна тут прыжылася. Дэпутаты запрасілі на каву бізнесменаў, якія таксама дапамаглі дзяўчынцы. А заадно прапанавалі людзям з абмежаванымі магчымасцямі рабочыя месцы.

Удзельнікі каардынацыйнага савета актыўна падтрымалі добрую справу і ад Таварыства беларускай мовы (ТБМ). Гэта арганізацыя штогод здзяйсняе акцыі па ачыстцы пахаванняў ад смецця і гэтым разам заклікала людзей пачысціць старадаўнія Васкрасенскія могілкі. Там знаходзяцца пахаванні канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, нашчадкаў амаль не засталося, прыбіраць болей няма каму. Адгукнуліся прадстаўнікі шматлікіх дыяспар, прыйшлі дэпутаты маладзёжнага парламента. А гарвыканкам выдзеліў кантэйнеры для смецця.

— У найбліжэйшых нашых планах з ТБМ — зрабіць GРS-карты могілак, каб людзі, якія жывуць далёка ад Магілёва, бачылі, дзе знаходзяцца гэтыя пахаванні, — адзначыла Галіна Бяляева.

Узялі пад кантроль дарогі

Летась дэпутаты Магілёўскага гарсавета прааналізавалі і склалі спіс дарог, якім патрэбны рамонт. Прычым зрабілі гэта ў выглядзе фотасправаздач з падрабязным апісаннем. Некаторыя з гэтых дарог былі ўнесены ў планы добраўпарадкавання Магілёва. Астатнія пакуль у рабоце.

— Я звярнулася да старшынь грамадскіх аб'яднанняў, каб і яны падтрымалі справу. Яны таксама дасылалі фота з указаннем месцаў. І гэтыя дарогі ўвайшлі ў агульны спіс, — удакладняе Галіна Бяляева.

Па ініцыятыве няўрымслівай дэпутаткі раз на квартал праходзяць пасяджэнні каардынацыйнага савета з удзелам дэпутатаў Нацыянальнага сходу. Кіраўнікі аб'яднанняў расказваюць аб сваёй рабоце, робяць прэзентацыі, задаюць дэпутатам пытанні.

— А яшчэ запрашаю прадстаўнікоў ад грамадскіх арганізацый на круглыя сталы, якія праводзяцца ў гарвыканкаме, — кажа старшыня каардынацыйнага савета. — Напрыклад, не так даўно падымаліся пытанні аб безбар'ерным асяроддзі. Вельмі актуальная праблема. Праз мяне прадстаўнікі розных аб'яднанняў шукаюць кантакты з іншымі арганізацыямі, і я падказваю. Мне заўсёды радасна, калі завязваецца супрацоўніцтва. Аднойчы дэпутат Нацыянальнага сходу звярнуўся з просьбай заахвоціць актыўных настаўнікаў паходам на канцэрт сімфанічнага аркестра. А я папрасіла падарыць такую магчымасць яшчэ і нашым грамадскім актывістам. Ён з задавальненнем пайшоў насустрач.

— А былі выпадкі, калі грамадскія арганізацыі дапамагалі ў чымсьці звычайным магіляўчанам? — напаследак спыталася я.

— А як жа! — запэўніла Галіна Бяляева. — Аднойчы я атрымала ліст з пытаннем, якія мерапрыемствы, прысвечаныя Аляксандру Пушкіну, плануюцца ў Магілёве. Я звярнулася да рускіх аб'яднанняў, яны перадалі графік сваіх мерапрыемстваў, і мы запрасілі на іх аўтара гэтага ліста. Ён быў прыемна здзіўлены.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.