Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» наведалі трэніроўку салдат перад святочным парадам


Дзень і час — 3 ліпеня, 21.00. Менавіта тады каля чатырох тысяч вайскоўцаў пройдуць у складзе 25 парадных разлікаў у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі. У кожнага з іх — свая гісторыя, успаміны, што іх звязваюць з падзеямі Вялікай Айчыннай...

Сёння слова салдатам, якія будуць удзельнічаць у святочным парадзе. Яны служаць у 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе. На адну з трэніровак адправіліся і карэспандэнты «Звязды».


«Аддаём даніну памяці»

Сяргей Шапнеўскі, яфрэйтар:

— ...Раніцай аднаго дня ў 1943 годзе немцы ачапілі вёску, дзе жыла мая прабабуля, якая была тады дзяўчынкай. Усіх падлеткаў і людзей нясталага ўзросту пагналі на чыгуначную станцыю. Там іх пагрузілі ў таварныя вагоны. Куды ехаў той цягнік — у канцлагер або ў Германію на кірмаш рабоў — невядома. Але, на шчасце, партызаны падарвалі рэйкі. Цягнік паляцеў пад адхон. Узнялася мітусня, страляніна. Людзі пачалі разбягацца. Прабабуля ўцякла ў поле. Сядзела яна там больш за суткі. Пасля яе падабралі партызаны. З імі яна і дачакалася вызвалення.

Я сам з Магілёва. Скончыў базавую школу і пайшоў у ліцэй пры Беларуска-расійскім універсітэце. Затым адвучыўся ў ім тры курсы і падумаў, што адной адукацыі малавата... Пайшоў атрымліваць другую — і пасля атрымання дыплома прыйшла павестка. Ужо тады ўцягнуўся ў графік, калі сыходзіш з дому а 7-й раніцы і прыходзіш толькі а 10-й вечара. Гэта мне дапамагло хутчэй акліматызавацца ў войску.

Прызваўся я летась 22 лістапада. Дома чакаюць родныя, блізкія, дзяўчына. Калі даведаліся, што буду ўдзельнічаць у парадзе, вырашылі, што прыедуць у Мінск паглядзець. Будуць тут і сябры, і калегі з работы. А гэта ўсё толькі павялічвае адказнасць, калі аддаеш даніну памяці тым вялікім падзеям. 75 гадоў з даты вызвалення Беларусі — гэта вялікая дата. Для многіх з нас гэта другі парад. Мы таксама ўдзельнічалі ў святочным шэсці 9 мая ў Жодзіне.

Штодня ў нас на зарадку аддаецца не менш за гадзіну. Пасля невялікага перапынку пераходзім да страявой падрыхтоўкі. Гэта хада па квадратах для выверанага кроку, пасля ў складзе шарэнг і, нарэшце, каробак. Пасля абеду і невялікага адпачынку трэніроўкі працягваюцца. На пляцы дывізіі мы праходзім тры разы на тыдзень — па панядзелках, пятніцах і суботах. А з аўторка да чацвярга ў нас гарнізонныя трэніроўкі.

Яны пачаліся амаль два месяцы таму. Спачатку нас адабралі ў сваіх падраздзяленнях, як адных з найлепшых страевікоў, пасля адправілі сюды. Спачатку мы трэніраваліся хадзіць шарэнгай. Толькі пасля гэтага пачалі выстройвацца шарэнгамі ў каробку. Гэты падрыхтоўчы працэс заняў тыдні два.

Праз пяць месяцаў у запас. Думаю вярнуцца ў Магілёў і працаваць інжынерам у адной з сетак крамаў — там, дзе і быў да прызыву.

«Хочам прайсці лепш за кітайцаў»

Уладзіслаў Крамынін, яфрэйтар:

— Так супала, што я сам з Рагачова і служу ў брыгадзе, якая носіць імя «Рагачоўская». Я старшы наводчык гранатамётнага ўзвода. Праўда, спярша мяне адпраўлялі ў чыгуначныя войскі ў Слуцк. І калі прыехаў у Гомель на зборны пункт, то даведаўся, што ўсё ж такі паеду служыць сюды. Да войска я працаваў трактарыстам у суседняй вёсцы.

Я таксама ўдзельнічаў у парадзе на 9 мая ў Жодзіне. Родныя і блізкія з радасцю аднесліся да навіны, што я прайду святочным крокам на парадзе 3 ліпеня ў сталіцы.

Зараз нам даецца больш часу на падрыхтоўку. Увогуле, хочам прайсці лепш за кітайцаў. Нам паказвалі ролікі з тым, як яны ідуць страявым крокам — заглядзецца можна. На парадзе я пайду ў сёмай шарэнзе, прыкладна ў цэнтры.

На «грамадзянцы» я займаўся паркурам — майстэрствам пераадольваць розныя фізічныя перашкоды з дапамогай скачкоў. Ён дадаў мне вынослівасці. Адзіны мінус — з-за таго, што я часта ездзіў на веласіпедзе, пры хадзе страявым крокам першы час згіналася нага. І нават крыху шкадую, што нас у школе так і не звадзілі ў часць. Усё ж такі павесткі прыйдуць усім, рана ці позна, а агульнае ўяўленне пра тое, што цябе чакае, мець трэба. Праз паўгода мне ў запас. А да таго нас чакаюць брыгадныя і батальённыя тактычныя вучэнні.

«Бабуля з дзедам вельмі мноЮ ганарацца»

Антон Крывальцэвіч, радавы:

— Мая бабуля нарадзілася ў 1943 годзе ў вёсцы Завыхад Салігорскага раёна. Яна знаходзіцца на памежжы трох абласцей — Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай. Непадалёк ад Завыхада ёсць яшчэ адна вёска — Даманавічы. І вось праз некалькі дзён пасля таго, як нарадзілася бабуля, немцы загналі ўсіх жыхароў Даманавіч у хату і падпалілі яе. Вестка пра жудаснае злачынства ў Даманавічах хутка даляцела да Завыхада. Жыхары гэтай вёскі вырашылі ўцячы, балазе, мясцовасць там — глухія лясы і балоты. Але яны баяліся, што маленькае дзіця — мая будучая бабуля — закрычыць і незнарок выдасць іх. Таму вырашылі пакінуць яе ў вёсцы... Але адышоўшы ўсяго некалькі крокаў, рэзка перадумалі і забралі немаўля з сабой у лес.

Бабуля з дзедам вельмі ганарацца тым, што я буду ісці ў параднай каробцы на Дзень Незалежнасці. Праўда, з-за ўзросту ім ужо вельмі складана дабрацца ў Мінск. Таму абяцалі глядзець парад па тэлебачанні. А вось хто прыедзе на парад, дык гэта мой дзядзька. Калісьці ён адслужыў тры з паловай гады на флоце. Крыху, праўда, пераслужыў, але ж карабель з рэйса ў адкрытым акіяне назад так проста не вернеш. А бацька служыў напрыканцы 1980-х у Туркменіі на мяжы з Афганістанам.

Я сам з Гомеля. Пяць гадоў адвучыўся на інжынера-энергетыка ў тэхнічным ВНУ. А пасля — усё як ва ўсіх саслужыўцаў — прыйшла павестка, камісія прызнала прыдатным да службы... Спярша я трапіў у 72-і Аб'яднаны навучальны цэнтр у Пячах. Мяне там вучылі рамонту і захаванню танкавага і самаходнага артылерыйскага ўзбраення. Затым я трапіў у 120-ю брыгаду. Цяпер я зараджальшчык.

Да войска займаўся спортам на аматарскім узроўні. Хадзіў у трэнажорку, бегаў на стадыёне. Гэта дапамагае цяпер, падчас рэпетыцыйных прагонаў. Асабліва калі ўлічыць, што пайду ў першай шарэнзе. І патрабаванні да яе вельмі высокія — трэба задаваць тэмп тым, хто ідзе ззаду цябе. На цэнтральнай пазіцыі, дзе буду я, адначасова і лягчэй, і складаней. Тое, што ты трымаеш раўненне направа — гэта плюс, што злева, цябе не вельмі датычыцца. А вось падчас рэпетыцый бывала так, што або правы, або левы фланг крыху ідуць убок. І шарэнга або расціскалася, або сціскалася. Але раз за разам гэтых выпадкаў станавілася меней.

Як нас адбіралі? Тыя, хто добра асвоілі страявую падрыхтоўку, на пастраенні называлі свой рост. Першая шарэнга, як правіла, прызначана для самых высокіх. Праўда, шмат волатаў з ростам пад два метры не аказалася. І таму я з ростам у 187 сантыметраў трапіў у першую шарэнгу, хоць звычайна там ідуць вайскоўцы з ростам за 190. Допуск у шарэнзе па росце не перавышае лічаных сантыметраў.

Да звальнення ў запас у мяне крыху больш за пяць месяцаў. Планаў, чым буду займацца па-за межамі арміі, пакуль не будую — усё мяняецца вельмі хутка. Будзем дзейнічаць па сітуацыі.

«Самае важнае — правільна ўздымаць нагу»

Максім Мярзлоў, яфрэйтар:

— Ваявалі мае абодва прадзеды. Адзін з іх, Дабрынін Міхаіл Валер'евіч, загінуў пад Курскам у 1943 годзе падчас адной з самых кровапралітных бітваў. Больш нічога пра яго не ведаю. Прадзед па лініі бацькі Мярзлоў Арцём Іванавіч прапаў без вестак у пачатку вайны. І больш пра яго не засталося ніякай інфармацыі...

Мне 19 гадоў. Я родам з Салігорска. Пасля таго як скончыў 11 класаў, паступіў у Політэхнічны каледж у Мінску. Але праз два месяцы забраў дакументы — зразумеў, што будучая спецыяльнасць «тэхнік-электрык» — не маё. А пасля споўнілася 18 гадоў, і вясной мінулага года прыйшла павестка. У любым разе, думаю, што калі чалавек прыдатны да войска, то лепш прайсці гэты этап раней, а не ў 26—27 гадоў. Там ужо з'явіцца вельмі шмат «якараў».

Служу 13 месяцаў. Вучыўся на наводчыка-аператара БМП-2. Праз паўгода трапіў у 120-ю брыгаду па той жа спецыяльнасці. Але як жа наводчык-аператар трапіў у пешую калону? Гэта было маё жаданне. Калі ішоў адбор, то выводзілі на пляц усю брыгаду і размяркоўвалі па росце ўсіх ахвотных. Мой батальён быў на баявым дзяжурстве, і ніхто з нас прыняць удзел у адборы не мог. Калі батальён зняўся з дзяжурства, я з трыма саслужыўцамі падышоў да намесніка камандзіра брыгады палкоўніка Дзмітрыя Бурдукевіча, і мы папрасіліся ўдзельнічаць у парадзе. Усё ж такі для нас гэта было б гонарам — прайсці парадным крокам у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі. Мы атрымалі дабро, і на наступны дзень пачалі першую трэніроўку.

Увесь парадны разлік пасялілі ў асобную казарму, каб у нас быў свой распарадак дня. Напрыклад, мы снедаем раней за іншых, а вячэраем пазней, паколькі штодня ходзім у лазню. Адбой у нас а 9-й гадзіне вечара, пад'ём — як і ва ўсіх, а 6-й. А паколькі нас пасялілі ў казарме на першым паверсе, то і спякота там адчуваецца не так моцна.

Я на «грамадзянцы» займаўся боксам і лёгкай атлетыкай. Апошняя дала мне вынослівасць, асабліва на гарнізонных трэніроўках. Было заўважна, што ў тых, хто спортам не займаўся, сілы канчаліся значна хутчэй.

Самае важнае падчас трэніровак — навучыцца правільна ўздымаць нагу. Далей усё проста: адзін пад'ём — адзін удар — як вынік, адзін дакладны страявы крок. Пры гэтым трэба ўлічыць, што чым чалавек вышэйшы, тым і даўжыня кроку ў яго звычайна большая. А па росце шарэнгі адрозніваюцца ў бок паніжэння. І таму ад нас дамагаліся таго, каб мы падымалі нагу на адзін і той жа пэўны ўзровень. І дыстанцыя тады трымаецца аўтаматычна.

А наперадзе нас чакаюць вучэнні ў Расіі. Праўда, усё гэта будзе пасля парада. Гэта мерапрыемства дзяржаўнага ўзроўню. І трэба паказаць сябе з найлепшага боку.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Парадныя разлікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».