Вы тут

Гісторыя ў Мірскім фармаце


Фэст “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку” збярэ 15 чэрвеня пісьменнікаў, краязнаўцаў, чытачоў. Да імпрэзаў змогуць далучыцца й шматлікія наведнікі замкавага комплексу.


Сцэна з пастаноўкі “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле Уладзіміра Караткевіча ў Мірскім замку

Гістарычная кніга выходзіць на авансцэну. І не дзе-небудзь, а ў знакамітым замку з 500-гадовай гісторыяй. Пэўна ж, “Кніжным сустрэчам у Мірскім замку” будзе камфортна. 20 выдавецтваў краіны прывязуць на фэст навінкі, 60 пісьменнікаў сустрэнуцца з чытачамі, 27 краязнаўцаў падзеляцца досведам сваёй працы. Свята пачнецца з тэатралізаванага прадстаўлення ў замкавым дворыку. Чакаецца шмат гасцей, турыстаў, у тым ліку й замежных. Дарэчы, летась квіткі ў “Замкавы комплекс “Мір” набылі каля 320 тысяч турыстаў, а едуць жа й “проста паглядзець”.

На прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы з праграмай фэсту журналістаў знаёміў дырэктар Гродзенскага філіяла “Белсаюздруку” Павел Скрабко. Патлумачыў: сустрэчы пісьменнікаў і чытачоў у рэгіёне ладзіліся ўжо два гады запар, сёлета ж Мір сустракае фэст упершыню. За ідэю правесці “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку” арганізатары ўхапіліся адразу. І сімвалічна, што першай на фэсце будзе прэзентавана кніга Анатоля Бутэвіча “Гісторыя Мірскага замка”.

Чаму гераіняй фэсту стане гістарычная кніга? Пра тое паразважаюць за фэстаўскім круглым сталом “Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве”. Як ідзе падрыхтоўка да яго, расказаў дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Аляксандр Бадак. Ён акцэнтаваў увагу, што гістарычная літаратура сёння вельмі папулярная: “Апроч навукоўцаў і спецыялістаў па гісторыі за круглым сталом збяруцца й вядомыя пісьменнікі: Людміла Рублеўская, Валеры Казакоў, Навум Гальпяровіч, Анатоль Бутэвіч. Кожны з іх працуе ў гістарычным жанры й мае там сваю дзялянку. Людміла Рублеўская піша прыгодніцкія раманы, Анатоль Бутэвіч — дакументальныя творы, Навум Гальпяровіч звяртаецца да гісторыі СССР, Валеры Казакоў распавядае пра пасляваенны час. А вырашылі мы сабрацца-пагаварыць, бо гістарычная тэма шырэйшая, чым яна ёсць у беларускай літаратуры. У літаратуры замежжа часта назіраецца перасячэнне жанраў: дакументальнага, дэтэктыва й фантастыкі. Таму, з улікам голаду чытачоў на гістарычную літаратуру, трэба да таго ставіцца пільна, з яшчэ большай павагай”. У выдавецтве “Мастацкая літаратура” выходзіць збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах. Аляксандр Бадак лічыць: гэта адзін са значных і запатрабавальных чытачамі праектаў.

Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” прадставіць на фэсце серыю кніг на тэму Вялікай Айчыннай вайны. А “Беларусь” прэзентуе выданні “Беларусь. Праз стагоддзі ў будучыню”, “Кастусь Качан” ды іншыя.

На прэс-канферэнцыю прыйшлі й пісьменнікі. Расказвалі, якія кнігі пакажуць у Мірскім замку. Віктар Хурсік распавёў пра свой твор “Vale. Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл”. Больш за 20 гадоў пісьменнік, выдавец і краязнаўца даследуе лёс харызматычнай жанчыны, бо нарадзіўся ж непадалёк ад яе былога маёнтка. Магдалена Радзівіл з роду Завішаў была мецэнаткай, грамадскім дзеячам на мяжы XІX—XX стагоддзяў. Яна спрыяла выхаду ў свет многіх беларускіх кніг (у тым ліку й “Вянка” Максіма Багдановіча), беларускаму перыядычнаму друку. Княгіня стварала беларускія школы, развівала беларускамоўны касцёл. Віктар Хурсік выкарыстаў больш за 300 гістарычных дакументаў, знойдзеных у архівах розных краін, каб паўней раскрыць вобраз падзвіжніцы. “Увогуле ж пытанне пра фінансаванне нацыянальных рухаў на пачатку XX стагоддзя й вызвалення з-пад расійскага імперскага прыгнёту ніхто не даследаваў, — тлумачыў Віктар Хурсік. — Я ж дакументальна паказаў, як адбывалася стаўленне таго, пра што й пра каго сёння мы з гонарам кажам: газеты “Наша Ніва”, выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, дзеячаў Янку Купалу, Браніслава Эпімаха-Шыпілу”.

Пісьменніца Людміла Рублеўская прадставіць у Міры кнігі “Рыцары і дамы Беларусі”, “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара” і “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”. Дарэчы, здымкі кінафільма па апошняй кнізе праходзілі ў тым ліку і ў Мірскім замку.

Замкавы комплекс “Мір”, гаварылася на прэс-канферэнцыі, таксама займаецца выдавецкай дзейнасцю. 35 099 асобнікаў — такі агульны тыраж яго выданняў з 2011 па 2018 год, калі не ўлічваць тыражы рэкламных і выставачных буклетаў, іншай друкаванай прадукцыі. Усе яны рэалізуюцца праз уласную краму й адпаведныя кнігарні Мінска. Дырэктар “Замкавага комплекса “Мір” Аляксандр Лойка расказаў, што выданні будуць прадстаўлены й на фэсце. Наведнікам “Кніжных сустрэч у Мірскім замку”, пэўна, спадабаюцца кнігі пра ранейшых уладальнікаў Мірскага замка: “Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, віленскі ваявода”, “Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV–XVІ стагоддзях” і “Князья Витгенштейны и их владения в Российской империи в XІX веке”. Прадставяць на фэсце й выданні “Фарміраванне калекцый музея. Замкавы комплекс “Мір” (1989—2015 гады)”, “Ваенныя трыумфы эпохі Вялікага Княства Літоўскага” ды іншыя.

Арганізатары свята — міністэрствы інфармацыі, культуры Беларусі, Гродзенскі абвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі філіял РУП “Белсаюздрук”, музей “Замкавы комплекс “Мір”, ААТ “Белкніга”.

Ганна Лагун

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».