Вы тут

Жыхарка Гродна выступае ў тэатры La MaMa на Манхэтане


У Гродне Яўгенія Рамановіч заслужыла рэпутацыю чалавека, які стварае атмасферу ўвагі і павагі да тэатра. Адкрытага. Новага. Смелага! Хуткасцю думкі, унутраным куражом, здольнасцю да грандыёзных праектаў і фантастычных мэт дзяўчына натхняе аднадумцаў, прыцягвае вучняў. І вось цяпер яна танцуе ў тэатры La MaMa на Манхэтане.

Карэспандэнт «Звязды» звязалася з Яўгеніяй Рамановіч у разгар прэм'ерных паказаў у Нью-Ёрку. Пагутарылі пра глабальнае і канкрэтнае. Куды ідуць тэатр і сучасны танец? Якія трэнды вядуць рэй? Якая экзотыка ёсць у Гродне ў творчай прасторы «ДОМ46»? Абмеркавалі і вар'яцкія, шалёныя творчыя рытмы Нью-Ёрка.


Амерыканскі ваў-эфект

«Гэта дзівосны горад. У метро сустракаюцца надзвычайныя музыканты, якім бы, здавалася, месца на вялікай сцэне. Але гэта — Нью-Ёрк, варварская канкурэнцыя, — дзеліцца Яўгенія. — Здзіўляе смелая адкрытасць амерыканцаў. Я ехала ў ліфце гасцініцы з незнаёмцам, а ён мне кажа: «Хм... Сёння былі вельмі смачныя булачкі на сняданак». Пажадаць добрага дня прахожаму — лёгка! Іншая атмасфера, іншае грамадства. Маланкавыя хуткасці! Я хадзіла на розныя заняткі ў танцавальныя школы: вулічныя, кантэмпарары, балет.
І хачу сказаць: амерыканцы тэхнічныя, хуткія, яны не ведаюць слоў «не магу», «не ўмею».

Для пастаноўкі «Сонца ўзышло — мы тут» сусветна вядомая амерыканская харэограф Калін Томас-Янг прыляцела ў Польшчу. Яна адабрала 10 чалавек: амерыканцы, палякі, украінец і беларуска. Яўгенія Рамановіч цудам даведалася пра кастынг у Любліне. Пасля Беларускай акадэміі мастацтваў дзяўчына працавала ў лялечным тэатры ў Гродне, былі за плячыма польскія і рускія праекты, французкі фестываль. Але вопыт з амерыканскім харэографам — упершыню.

«Сонца ўзышло — мы тут» — кантэмпарары перформанс, гэта значыць, паказвае сучасны танец, імправізацыю, рухі з джаз-танца, ёгі, усходніх адзінаборстваў і многіх іншых кірункаў. Лічыцца, што кантэмпарары нарадзіўся ад мадэрну, які стаў магчымы дзякуючы вольнаму танцу. Заснавальніцай апошняга лічаць Айседору Дункан, якая першая сказала «не» класічнаму балету. І сёння мы маем сучасны танец як асобную свабодную мову цела, здольную перадаць не толькі папсовую любоўную гісторыю, але і глыбокія сур'ёзныя рэчы.

«Усе кантэмпарары перформансы неадназначныя, нельга сказаць: «А работа пра тое». Таму што кожны праз уласны вопыт (якія кнігі чытаў, якія фільмы глядзеў, як разбіраецца ў палітыцы, эканоміцы) будзе чытаць мову цела па-свойму, — кажа Яўгенія. — Для мяне наша пастаноўка — пра стан чалавека. Мы дзелім свет на «паці» (вечарынку), дзе ўсё класна, усе тусуюцца, яркае святло, нам весела, і рэальнасць, дзе многа смецця. Гэта ж ставіла харэограф з ЗША. У іх і праўда брудныя вуліцы, столькі смецця, што нам, беларусам, і не снілася. І ў Калін адчуванне свету праз гэту брудную вуліцу. Мы выкарыстоўвалі крафтавую паперу. Яна валялася ў нас паўсюль, вісела камякамі, ляжала. Свет, дзе разруха, дзе ўсё не так, як табе здаецца або хочацца. І для мяне вечарынка, калі мы ў дзяцінстве бачым усё ў агнях, а далей вырастаем і трапляем у свет рэальны. У нашай пастаноўцы чалавек часта нахілены, не стаіць прама, ляжыць, сядзіць няроўна. Вось гэтае адчуванне нязручнасці, калі цябе ўвесь час ламае (паўза). Для мяне мой сэнс вельмі каштоўны. Бо я доўга не разумела, пра што работа. Аднойчы ў Любліне выйшла пасля рэпетыцыі на вуліцу і ўбачыла бамжа, які сядзеў і спаў на лаўцы менавіта так (!), у нахіленым стане. Я зразумела пра што наша работа! Стан нестабільнасці, нахіленасці. Як ты гэта пражываеш, шукаеш шчасце».

«Як жа вас сустрэў глядач?» — пытаю.

«Рэжысёр адразу сказала, што амерыканскі глядач дасведчаны, любіць тэхніку, ваў-эфект. Каб бах, бах! Моцнае шоу! Так, тут сапраўды поп-культура прафесійная, яркая. Паглядзіце на суперкрутыя канцэрты Мадонны, Б'ёнсэ! І ў сучасным танцы амерыканскі глядач таксама дасведчаны. Мы атрымалі пазітыўныя водгукі на пастаноўку, людзі дзякавалі, гаварылі, як ім цікава, як гэта класна. Раскрываліся палітычныя, эканамічныя штукі. Многія падкрэслівалі дружнасць каманды. Я не бачыла работу збоку, але ўнутры яе было вельмі здорава існаваць, бо я разумела, што і для чаго мы робім, і адчувала ў гэтым місію. Дарэчы, нас запрасілі ў Японію. І (смяецца) было б класна выступіць у Беларусі. Рэжысёр пыталася: «Жэня, а гэта рэальна? — усміхаецца Яўгенія Рамановіч і дадае: — Мы хочам прыехаць у Беларусь, але патрэбен арганізатар».

Быць ці не быць?

Беларуску натхняюць рэчы тонкія, ледзь прыкметныя рухі духу. Памятаеце? «Душа павінна працаваць і дзень і ноч, і дзень і ноч». У выпадку Яўгеніі душа любіць сваю працу і гадзіны не лічыць. І для самаразвіцця ў ЗША працуюць суткамі бесперапынна. Калі танцор за гадзіну зарабляе 17 долараў, а гадзіна майстар-класа каштуе 20, то ён не заробіць, каб вучыцца. У гэтым Яўгенія Рамановіч бачыць зваротны бок медаля. Хоць шмат ёсць і бясплатных заняткаў, а тэатр La MaMa вылучае два мільёны долараў штогод на падтрымку маладых артыстаў. У пастаноўках задзейнічаны акцёры, танцоры з сямідзесяці краін свету.

«Ці адметны стыль работы амерыканскага рэжысёра?» — цікаўлюся.

«Я б не казала пра менталітэт. Рэжысёры розныя: адзін табурэтку ў акцёра кіне, а іншы — тактоўны. Але ці то гэта ісціна, ці то маё суб'ектыўнае, але ў заходнім падыходзе няма схемы «кіраўнік — падначалены», мы на роўных. У Беларусі я адчувала трапятанне перад рэжысёрамі. Калін Томас амерыканка і будыстка. А таму работа з ёй для мяне вялікае адкрыццё. Яна нічога не навязвала, мы нараджалі пастаноўку ўсе разам, — кажа Яўгенія. — Праўда, розніца ёсць. Напрыклад, ты зрабіў эцюд. Наш рэжысёр будзе доўга тлумачыць, што было кепска вось тое і тое, і ты будзеш перарабляць гэты эцюд разоў 20. Калін дае — увага! — 1 шанц. Не справіўся? Яна кажа з ветлівай усмешкай «окей» і моўчкі не прымае тваю работу (разводзіць рукамі). Ідэя можа быць класная, але калі яна адразу не страляе, яе не бяруць. Мы ж у Беларусі можам доўга капаць, шукаць адзін жэст гадзінамі... А тут: «Ты не знайшоў жэст? Пфф... Усё! Хто-небудзь іншы зробіць гэты жэст!» З аднаго боку жорстка, з другога — класна, мегацікава, мне падабаецца такі стыль. Аднаго для развіцця трэба пагладзіць, другога — біць (усміхаецца)».

Гамлетаўскае пытанне «быць ці не быць» стаіць перад кансерватыўным тэатрам востра. Новы час дыктуе свае ўмовы, і тэатр вымушаны спяшацца. «На оперных фестывалях у Варшаве азіяты спявалі — уявіце! — класічную еўрапейскую музыку. Значыць, цікавасць да яе ў іх ёсць. Але гэта прыватны выпадак. Нельга ўспрымаць асобныя з'явы як трэнд. А вось змяшэнне ўсяго — факт. Так, у Еўропе папулярны кірунак — эксперыментал, калі танцоры, скажам, хіп-хопу разумеюць, што ім цікава не толькі асвойваць тэхнікі, танцаваць пад музыку, але і расказваць гісторыі, шукаць ідэю і канцэпцыю рухаў. І вось гэта ўжо нагадвае тэатр. Цяпер танцор вучыць самыя розныя тэхнікі, і поспех будзе мець той, хто зможа іх граматна злучаць, шукаючы ў гэтым асабістае. І ў ЗША цэніцца індывідуальнасць у любых праявах, — акцэнтуе артыстка. — А яшчэ я заўважыла і такі трэнд: аўдыторыі нецікава проста глядзець танец, яна хоча ўдзельнічаць сама! Танцаваць, спяваць!»

Родны кут

Танцаваць, спяваць, маляваць вучаць у арт-прасторы «ДОМ46». Яе адкрыла Яўгенія Рамановіч, ускалыхнуўшы творчую атмасферу ў Гродне. «ДОМ46» не проста студыя танца, яго вылучае свая шырокая творчая палітыка і ўласная філасофія мінімалізму. Сучасныя танцы, балет, паэтычныя вечары, музычныя мерапрыемствы, паказы фільмаў, маляванне, лекцыі, сустрэчы ў чорнай і белай залах. Сёння арт-пляцоўка прапаноўвае і экзотыку: бразільскае баявое мастацтва капаэйру, гурджыеўскія рухі, фітнес на батутах. «ДОМ46» — гэта альтэрнатыва для горада, сюды адкрыта дарога людзям смелым, улюбёным у творчасць, каму мала проста тэатра, хочацца перформансу. Такія арт-пляцоўкі частая з'ява ў Маскве, Парыжы, але для Гродна — навінка.

«Я разумею, што вы не той чалавек, які пры цяжкасцях забірае свае цацкі з пясочніцы і ідзе ў іншую... Але, Яўгенія, ці не апускаліся рукі, калі з некаторымі праектамі вы выходзілі ў нуль, а часам у мінус?» — пытаюся.

«На такую арт-пляцоўку трэба чалавек пяць-шэсць, каб падзяліць абавязкі і кожны рабіў сваю справу. Мы ж і вялі заняткі, бухгалтэрыю, арганізоўвалі працэс, займаліся арэндай, мылі падлогу. А вядзенне праектаў — менеджмент. У мяне ў гэтай сферы няма адукацыі, таму ўсё інтуітыўна. Але ёсць вялікае жаданне самой вучыцца і дзяліцца класнымі людзьмі. Напрыклад, пазнаёмілася на фестывалі і бачу, што чалавек валодае ўнікальнымі ведамі, і мне здаецца: «О! Гэта тое, што можа дапамагчы нам у Беларусі!» Запальваюся, запрашаю ў Гродна. Праект заканчваецца, ён сабраў няшмат людзей, але ўсе, хто прыйшоў, атрымалі тое, што хацелі. І я атрымала жаданае, і «ДОМ46», і педагог. І выяўляецца, што мы пайшлі ў мінус. Я заракаюся: больш ніякіх майстар-класаў, але зноў запрашаю», — кажа артыстка.

Яўгенія Рамановіч прызнаецца, што цяпер у Нью-Ёрку вельмі сумуе без «ДОМа46», сваёй роднай прасторы, дзе так цёпла, камфортна. Але, пачынаючы займацца чымсьці новым, зусім не камфортным для сябе, мы моцна пашыраем спектр магчымасцяў, як у геаметрычнай прагрэсіі. Ты ідзеш насустрач выкліку, і прастора адкрываецца табе. Гэта нагадвае эфект снежнага камяка, які расце, а з ім расце колькасць і маштаб магчымасцяў, прапаноў. Толькі пачні.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Танец у тэатры на Манхэтэне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.