Вы тут

Ваня Зданюк: Песня «Natural» — не маска, яна можа мяне ахарактарызаваць


...Эстрадныя конкурсы — рэч непрадказальная, завязаная не толькі на таленце, але і на ўдачы. Аднаму артысту, каб пацвердзіць сваю «самасць», трэба шмат гадоў дабівацца мэты, а іншы бярэ Алімп імклівым штурмам. Трэцякурснік Універсітэта культуры мінчанін Ваня Зданюк, падобна на тое, з ліку апошніх. Ваня ўпершыню падаў заяўку на нацыянальны адбор «Славянскага базару ў Віцебску» — і адразу выйграў. Усё аказалася дарэчы: назапашаны вопыт удзелу ў некалькіх музычных шоу і міжнародных конкурсах, адметная манера спеваў, сучасны рэпертуар і яркая харызма, гэткая сумесь абаяння і дзёрзкасці. І хоць перавага склала ўсяго адзін бал — відаць, гэта празрысты намёк лёсу, што шанц трэба скарыстаць напоўніцу?


Насамрэч так маладому артысту шанцуе не ўпершыню. Некалькі гадоў таму падчас навучання ў расійскай Акадэміі эстраднай музыкі Ігара Крутога ён трапіў у дзясятку шчасліўцаў (са 130 вучняў), каго ўзяў на свае майстар-класы знакаміты педагог па вакале Дэвід Лі Бруэр, вядомы па рабоце са спявачкай Б'ёнс. А цяпер — і сам Ваня пагаджаецца, што гэта вялікая ўдача — ён рыхтуецца прадставіць нашу краіну на конкурсе маладых выканаўцаў «Віцебск-2019» з камандай прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», дзе акумуляваны не толькі моцныя творчыя сілы, але і самая сучасная ў краіне гуказапісная тэхніка.

Нават у напружаным графіку ў яго знаходзіцца час на іншыя важныя справы — сесію (днямі здаў на «выдатна» першы экзамен) ці, напрыклад, удзел у патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае». «Я вельмі ганаруся, што стаў часткай гэтай акцыі — расказаў пра свайго прадзеда Бачылу Васіля Нікіфаравіча: ён удзельнічаў у партызанскім руху Беларусі, быў у атрадзе імя Юрчанкі (1-я Мінская брыгада)», — паказвае Ваня фотаздымак.

— Да «Славянскага базару» застаўся ўсяго месяц, а ты раптам памяняў адну з конкурсных песень. Чаму?

— Справа ў тым, што ў мінулыя гады канкурсанты выконвалі тры песні: адна — можна сказаць, для знаёмства з членамі журы, а дзве другія — непасрэдна на конкурсе, пад фанаграму «мінус 1» і ў суправаджэнні аркестра. Аднак сёлета правілы памяняліся, і гэту азнаямляльную песню выключылі. Таму нам давялося пісаць новую. Яе аўтар — кампазітар і спявак Uzarі, песня называецца «Кучаравая», і вы правільна разумееце, яна па матывах вядомай кампазіцыі ансамбля «Беларускія песняры» «Бялявая, чарнявая», нават утрымлівае цытаты. Гэта песня пра дастаткова самаўпэўненага хлопца, які шукае дзяўчыну, тую самую, з якой яму было б камфортна. А ці знаходзіць? Пра гэта і расказваецца ў песні.

— За другую конкурсную песню, «Natural» ад Іmagіne Dragons, хачу асабіста табе падзякаваць — здаецца, нашаму правільнаму і часам занадта акадэмічнаму «Славянскаму базару» не хапала драйву, пэўнай чартаўшчынкі. Яна частка твайго сцэнічнага вобраза ці свая, прыроджаная?

— Дзякуй на добрым слове. Я таксама, калі ехаў у Оршу на фінал нацыянальнага адбору, хацеў паламаць пэўныя стэрэатыпы «Славянскага базару», і вельмі рады, што журы і гледачы падтрымалі выбар. А песня — гэта не маска, яна насамрэч можа мяне ахарактарызаваць. Я даволі спакойны чалавек, але ўнутры ёсць стрыжань, які дапамагае не зламацца, а ў пэўны час і «выбухнуць» на сцэне альбо ў жыцці.

— Цябе прадстаўляюць не толькі як спевака, але і яе аўтара песень. Ці шмат уласных твораў у рэпертуары?

— Нядаўна якраз напісаў песню, з якой, магчыма, паспрабую ўдзельнічаць у адборы на «Еўрабачанне». Яшчэ некалькі дапрацоўваю. Спадзяюся, да канца гэтага года прадстаўлю іх слухачам, як і абяцаў.

— Ты часта згадваў, што ўдзячны бацькам, якія падтрымалі рашэнне стаць артыстам. А хто будзе падтрымліваць цябе на «Славянскім базары»?

— Натуральна, вялікая каманда прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» — і наша дырэктар Анжэліна Мікульская, і прадзюсар Леанід Шырын, і кіраўнік прадзюсарскай студыі цэнтра Кацярына Блізнец, і прэс-сакратар Іван Прус — усе-ўсе, хто задзейнічаны ў падрыхтоўцы да конкурсу. Гэта насамрэч дарагога каштуе, калі ты ведаеш, што за спінай — каманда, што цябе не кінуць сам-насам з любой праблемай, а, наадварот, створаць усе ўмовы для работы. Я не стамлюся паўтараць, наколькі ўдзячны за такую падтрымку. І, вядома, мае сябры і сям'я, без якіх наогул нічога не атрымалася б, хто навучыў не здавацца, перажываць расчараванні і няўдачы і зноў ісці наперад.

— Уяві сабе: конкурс скончыўся, ты прачынаешся пасля закрыцця «Славянскага базару» і... якое першае жаданне?

— Цікавае пытанне, — задумваецца Ваня. — Мяркую, незалежна нават ад таго, якім будзе вынік, я збяру разам каманду, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы, сваіх блізкіх. Куплю торцікі і падзякую ўсім, хто на працягу ўсяго шляху быў побач, дапамагаў і даваў магчымасць знаёміцца з новымі гледачамі.

— То-бок адпачынку гэтым летам не плануецца?

— Не. Хоць, вядома, вельмі хочацца дзе-небудзь у жніўні зладзіць сабе «перазагрузку», і пабыць хоць дзён пяць на моры. Але пакуль што расслабляцца рана.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з архіва героя

Загаловак у газеце: Перфекцыяніст Ваня Зданюк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?