Вы тут

Што пакажуць на Дні Польшчы ў Верхнім горадзе?


Толькі-толькі беларускі рэжысёр атрымаў Сярэбранага Лайконіка на Кракаўскім кінафестывалі, як фальклорны персанаж ізноў едзе ў Мінск — сёння ў сталічным Верхнім горадзе з шэсця татарскага вершніка з булавой у руцэ пачнецца чарговы Дзень Польшчы. На працягу дня на фестывалі можна паспець убачыць гэтую прыгожую кракаўскую традыцыю, што вядзецца яшчэ з XІІІ стагоддзя, паслухаць польскі гурт Golden Lіfe, убачыць выступленне вулічнага тэатра з Кракава «Сцэна калейдаскоп», задаць пытанні знакамітаму пісьменніку Янушу Леону Вішнеўскаму і пасмакаваць ежу па польскіх рэцэптах.


Гурт Golden Lіfe.

Кажуць, падчас аднаго з татарскіх набегаў захопнікі пацярпелі няўдачу ад жыхароў паселішча Звяжынец пад Кракавам. Тады плытагоны, што кіравалі абаронай, апранулі татарскія строі і пераможнай працэсіяй рушылі ў горад. На чале працэсіі на кані ехаў старэйшы плытагон у касцюме татарскага ваяводы з булавой у руцэ. Гэтае шэсце ў гонар перамогі сталі паўтараць штогод, так яно стала прыгожай кракаўскай традыцыяй з музыкай і танцамі. У Мінску Лайконіка сыграе Збігнеў Глёнэк, што выступае ў гэтай ролі ўжо трыццаць два гады, у яго будзе світа і гурт «Мласкоты» з дзевяці музыкантаў. Фальклорнаму персанажу будзе таксама прысвечана вулічная выстаўка.

Верхні горад сёння займее некалькі тэматычных пляцовак, і адной з самых гучных, у прамым і пераносным сэнсе, стане музычная частка фестывалю. Тут зайграюць калектывы польскай дыяспары ў Беларусі, а землякі легендарнага музыканта Чэслава Немена са Шчучына ў гонар яго 80-годдзя выканаюць найлепшыя яго творы.

Вядома ж, фестываль не мог не адзначыць і двухсотгоддзе з дня нараджэння беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі, імем якога Сенатам Польшчы абвешчаны 2019 год. Сімфанічны аркестр Capella Academіa, Дзяржаўны камерны хор Беларусі і салісты Вялікага тэатра Беларусі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксея Фралова рыхтуюць адмысловы канцэрт.

Нарэшце, свае найлепшыя хіты выканае польскі гурт Golden Lіfe, за плячыма ў якога 12 альбомаў, аншлагавыя выступленні і саўндтрэкі да польскіх фільмаў.

На тэатральнай пляцоўцы калектыў «Сцэна калейдаскоп», што ў сваіх пастаноўках спалучае цыркавое, балетнае і аўдыёвізуальнае мастацтвы, пакажа спектакль «Сэрца Дон Жуана ў агні» са спецэфектамі і класічнай музыкай.

Аўтар знакамітага, перакладзенага на асноўныя мовы свету рамана «Адзінота ў сеціве» Януш Леон Вішнеўскі стане героем літаратурнай пляцоўкі, адкажа на пытанні і падпіша кнігі.

Таксама на фестывалі адбудуцца выстаўкі «15 год Польшчы ў Еўрасаюзе» і прымеркаваная да Еўрапейскіх гульняў — 2019 «Спорт у польскім плакаце». Дзяцей варта запрасіць на інтэрактыўную гульню ад «Каляровага цырка», а магчымасці па вывучэнні польскай мовы будуць прадстаўлены на моўна-адукацыйным кірмашы.

Усе мерапрыемствы можна наведаць вольна. Арганізатарамі фестывалю сталі Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Пасольства Польшчы ў Беларусі і Польскі інстытут у Мінску. Падрабязную праграму можна знайсці на сайце Польскага інстытута www.іnstpol.by.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.