Вы тут

Фільм пра Элтана Джона: навакольная пышнасць адцяняе звычайнасць праблем


Не паспелі мы адысці ад Рамі Малека ў ролі Фрэдзі Мэрк'юры ў нашумелай карціне «Багемская рапсодыя», як у пракат выйшаў яшчэ адзін баёпік пра музычную зорку — «Рокетмэн» Дэкстара Флетчара, дзе галоўным героем стаў знакаміты кампазітар, спявак, гомасексуаліст сэр Элтан Джон. Праўда, у Расіі і Беларусі фільм выйшаў не без эксцэсаў: расійскі пракатчык «Цэнтрал Партнершып», праз якога кіно трапіла і ў нашы кінатэатры, выпусціў на экран адцэнзураваную версію, без сцэн з сексам і какаінам (хоць здавалася б, чаго мы ў кіно не бачылі). У дыстрыб'ютараў, відаць, свой погляд як на Элтана Джона, так і на цэласнасць мастацкага выказвання.


Хоць ні нетрадыцыйную арыентацыю спевака, ні прысутнасць у яго днях наркотыкаў прынятыя меры не схавалі — гэтым, як неад'емнай часткай асобы, наскрозь прашыты і біяграфія Элтана Джона, і «Рокетмэн». Фільм нават пачынаецца з таго, што галоўны герой прыходзіць у наркалагічную клініку і прызнаецца ў праблемах з алкаголем, наркотыкамі, траўкай і іншым. Ну і, вядома ж, на працягу ўсёй карціны (як у жыцці) Элтан Джон — адкрыты гомасексуаліст. Ён мае стасункі з мужчынам і прамым тэкстам агучвае сваю арыентацыю. Усё, на шчасце, не выражаш, таму выкідванне асобных кавалкаў становіцца яшчэ больш невытлумачальным.

Параўнаць нашу пакалечаную версію з арыгіналам могуць толькі тыя, што бачылі карціну на Канскім кінафестывалі альбо ў пракаце любой іншай краіны апроч Расіі. З той нагоды, што падобнае свавольства пракатчыка немінуча ўплывае на цэласнасць фільма і зрушвае акцэнты, я б увогуле не раіла ісці на сеанс. Як, шчыра кажучы, і чытаць гэты тэкст, бо ён служыць водгукам на непаўнавартасны варыянт.

Тым не менш кіно — у пракаце, і Элтан Джон (сыграў патаўсцелы Тэран Эджэртан) у ім замілавальны. «Рокетмэн» — тут ёсць пэўныя, у тым ліку драматургічныя, перакрыжаванні з «Багемскай рапсодыяй» — пачынае гісторыю з дзяцінства, якое раскідала па дарослым жыцці спевака сумныя водгаласы. Ад ранніх гадоў да піка сваёй папулярнасці галоўны герой назапашвае крыўды — на абыякавых маці і бацьку, на нявернага палюбоўніка, на найлепшага сябра, што пасля першага канцэрта сышоў з дзяўчынай замест таго, каб раздзяліць шчаслівы момант з Элтанам. Галавакружны поспех і пры гэтым адзінота закальцоўваюцца лячэннем у клініцы — у пачатку карціны галоўны герой агучвае свае праблемы, у канцы, вядома ж, з імі расстаецца і сімвалічна ізноў садзіцца за піяніна.

Праўда, галоўны канфлікт — той самы драматургічны канфлікт — у героя не з бацькамі, не з каханкам і не з сябрам, а з самім сабой. Колькі разоў падчас фільма гучаць пафасныя парады палюбіць сябе, а то ніхто іншы не палюбіць, — не злічыць (тыя ж спробы абвінаваціць ва ўсіх праблемах унутраных дэманаў Мэрк'юры былі ў «Багемскай рапсодыі»; знайшліся і той жа злосны маніпулятар, і сапраўдныя сябры). Элтан Джон такім чынам аказваецца ў палоне ўласных комплексаў, якія вызначаюць яго самаадчуванне, стасункі з навакольнымі і нарэшце прыводзяць да жыццёвага крызісу.

У «Рокетмэне» не так важна ўзыходжанне на музычны Алімп — яно атрымліваецца лёгка і натуральна, будучыя хіты ствараюцца, варта Элтану сесці за інструмент, першы ж канцэрт абарочваецца гучным поспехам і станоўчымі рэцэнзіямі ў прэсе. Талент, удачы, папулярнасць — такія безумоўнасці, ні структура якіх, ні кошт, ні акалічнасці аўтарам фільма не цікавыя. Здольнасці і творчыя дасягненні галоўнага героя — штрых да характарыстыкі, песні і канцэрты — патэнцыял для стварэння маляўнічых і ўражальных сцэн, папулярнасць спевака — умова для глянцавай распрыгожай стылістыкі.

Уласна такім — «дэкарыраваным», расквечаным, пабудаваным на традыцыйных драматургічных кінапрыёмах — «Рокетмэн» і атрымаўся. А на фоне стылістыкі і тых безумоўнасцяў аўтары на першы план выводзяць душэўны неспакой галоўнага героя, то-бок праблему ўнутранага свету, у прынцыпе ўніверсальную, пра знакамітага спевака ідзе гаворка альбо офіснага работніка. Важнасць першага поспеху, канцэртаў, грошай, стасункаў з прадзюсарамі, змен у рабочым графіку намінальная, куды цікавей — згодна з прыярытэтамі карціны — пайсці за псіхалагічнымі складанасцямі Элтана Джона, за яго дзіцячымі траўмамі і ўспрыманнем таго, што адбываецца.

Ну а музыка гэты ўнутраны свет і яго настрой так дарэчна перадае. У пэўным сэнсе сваімі функцыямі асоба галоўнага героя і яго яскравае жыццё раздзяляюцца — дзе галоўны матыў, а дзе дэкарацыя — і Элтан становіцца простым хлопцам, прыкметным тым толькі, што сабраў жалю вышэй галавы і зараз павінен з ім разабрацца.

Расшыты кантэкст — для відовішчнасці, няўпэўненасць у сабе — для канфлікту. І фільм гэтаму кантэксту падтаквае — ён настолькі ж яркі і эмацыянальны, як касцюмы і выступленні Элтана Джона; ён суправаджаецца музыкай таксама насычана, як, можна меркаваць, будні спевака; ён прапануе выдуманыя рэальнасці, якія могуць існаваць толькі ва ўяўленні (і стане наркатычнага ап'янення).

Усе магчымыя колеры наваколля адцяняюць шэрую багну назапашаных крыўдаў галоўнага героя, і гэты кантраст — найпрыгажэйшая частка фільма. Рэтраспекцыя ў мінулае, якая заняла амаль увесь хронаметраж — апавяданне вядзецца ўсё ж з крэсла наркалагічнай клінікі — дазволіла гледачу з песнямі і танцамі прайсці праз жыццё Элтана Джона, а галоўнаму герою прапрацаваць і залячыць свае траўмы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.