Вы тут

Лепшых медыкаў краіны запрасілі ў Палац Незалежнасці


Напярэдадні Дня медыцынскага работніка выдатнікаў прафесіі запрасілі наведаць Палац Незалежнасці — месца, дзе праходзяць найважнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы: ад уручэння пасламі даверчых грамат да нарад і сустрэч самага высокага ўзроўню. Знакамітыя сваімі падзеямі залы, падарункі кіраўніку дзяржавы, фатаграфіі знакавых сустрэч — усё гэта на свае вочы ўбачылі работнікі сферы аховы здароўя.


Пакуль гасцям Палаца праводзілі экскурсію, з журналістамі пагутарыў новы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Ён расказаў, што ў Беларусі ў сістэме аховы здароўя працуе больш за 250 тысяч работнікаў. Трэба разумець, што моцная сучасная сістэма аховы здароўя — фактычна адзін з атрыбутаў незалежнасці. Таму і ўзнікла ідэя для тых урачоў, якія з'яўляюцца пераможцамі конкурсу «Урач года», выдатнікамі аховы здароўя, правесці экскурсію ў сімвале незалежнасці нашай краіны — у Палацы», — адзначыў наваспечаны міністр, выказаўшы надзею, што наступны раз хто-небудзь з прысутных на экскурсіі апынецца ў Палацы Незалежнасці з іншай нагоды — для ўзнагароджання або прызначэння на новую пасаду.

...Прафесара кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Вольгу Перасаду журналісты выцягваюць на размову, калі экскурсія перамяшчаецца на другі паверх. Яна адзначыла, што даўно хацела пабываць у Палацы Незалежнасці. «Нарэшце мара спраўдзілася», — сказала прафесар. Па яе словах, нягледзячы на тое, што Палац быў пабудаваны нядаўна, будынак ужо валодае вялікай гісторыяй, і, наведваючы гэта месца, ёй удалося адчуць важнасць і цяжкасць працы кіраўніка дзяржавы, урада і чыноўнікаў.

Падзялілася ўражаннямі ад наведвання Палаца Незалежнасці і Марыя Лапцейкіна — урач-стаматолаг 13-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі. «Наогул нечаканы і вельмі прыемны падарунак, які выклікаў шмат эмоцый. Вельмі прыгожа, выдатна мець такую магчымасць, зазірнуць у святая святых», — сказала яна пра экскурсію.

Дзяўчына з'яўляецца маладым спецыялістам, як жа яна ацэньвае створаныя ўмовы для ўчарашніх выпускнікоў? «Вядома, трошкі складана, паколькі тое, чаму ты вучышся, аказваецца не зусім тым, з чым сутыкаешся ў рэчаіснасці. Ёсць нейкія ліміты па часе, па ўмовах... Хацелася б нешта больш сучаснае часам мець у рабоце», — дадала Марыя Лапцейкіна.

Загадчык хірургічнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Дзмітрый Царыкаў паведаміў журналістам, што сёння ў буйных раённых бальніцах узровень аказання ў тым ліку і хірургічнай дапамогі практычна не адрозніваецца ад рэспубліканскіх, абласных устаноў. Так, у некаторых бальніцах ёсць самае сучаснае абсталяванне, з дапамогай якога дыягностыку можна правесці на вельмі высокім узроўні.

Параўноўваючы цяперашні ўзровень медыцыны ў краіне і ўзровень сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя (калі ён прыйшоў у прафесію), спецыяліст кажа коратка — «неба і зямля». Што датычыцца візіту ў Палац Незалежнасці, як адзначыў Дзмітрый Царыкаў, яго вельмі ўразіла веліч гэтага будынка. «Вельмі радасна, што тут практычна ўсё зроблена з беларускіх матэрыялаў і нашымі спецыялістамі. Гонар бярэ за краіну, што мы можам зрабіць і гэта, і тое. Мы многае можам», — рэзюмаваў спецыяліст.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне работнікам аховы здароўя з прафесійным святам. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што дзякуючы пераемнасці традыцый, гуманнасці і міласэрнасці, вернасці медыкаў выбранаму шляху і самаадданаму служэнню людзям айчынная ахова здароўя заўсёды застанецца на вышыні, а медыцынскія работнікі будуць карыстацца заслужанай павагай і даверам.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.